Пятница, 18 апреля 2025

Молочные комплексы есть, а своего молока нет

2 423

— Набудавалі столькі комплексаў і каб свайго малака не было!? Панапрывозяць усякага, — яшчэ месяц таму нярэдка гучалі абурэнні пакупнікоў каля малочных аддзелаў магазінаў. Сёння незадаволенасць, канешне, спала, але жыхары раёна ўсё яшчэ памятаюць мясцовае малако «Прастаквашына» ў бутэльках з чырвонай накрыўкай. Нішу, якой самі спажыўцы адвялі каля 80% ад агульнага аб’ёму малака на прылаўках пружанскіх магазінаў, вядома, не пакінулі пустой. Але шмат пытанняў застаюцца адкрытымі і незразумелымі для простых абывальнікаў і дагэтуль…молоко

Справядлівасці дзеля, варта адзначыць, што сёння спажыўцам грэх скардзіцца на асартымент малочнай прадукцыі: як у дзяржаўных гандлёвых кропках, так і ў прыватных, дастатковая прапанова малака — у залежнасці і ад вытворцаў, і ад тлустасці, і ад узбагачанасці рознымі карыснымі дабаўкамі (кальцый, ёд, лактулоза). Але ж людзей, асабліва вясковых, цікавіць іншае: чаму яны не могуць піць сваё, мясцовае малако, якое здабываюць штодзённай нялёгкай працай?

12 студзеня бягучага года СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» спыніла выпуск пастэрызаванай малочнай прадукцыі ў ПЭТ-бутэльках, матывіруючы гэтыя дзеянні надзвычай неэфектыўнай работай ПЭТ-лініі і пераходам прадпрыемства на выпуск выключна ўльтрапастэрызаванага малака. Пры гэтым таварыства  «забыла» пра інвестыцыйны дагавор №178 ад 23 мая 2014 года па рэалізацыі інвестпраекта «Мадэрнізацыя з рэканструкцыяй вытворчасці СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны», у тым ліку для арганізацыі вытворчасці малочных кактэйляў», заключыўшы які, узяло на сябе абавязак забяспечваць насельніцтва Пружанскага раёна сацыяльна значнай малочнай прадукцыяй у аб’ёме 220 тон у месяц. Ключавое словазлучэнне — «сацыяльна значнае». Хаця канкрэтнага азначэння сацыяльна значнага малака ні ў якіх тлумачальных слоўніках няма, у беларускіх нарматыўных дакументах пад ім маюць на ўвазе ўсе віды пастэрызаванага.

Заплюшчыць вочы на парушэнне інвестдагавора не змаглі ні райвыканкам, ні аблвыканкам. Неаднаразова пытанне абмяркоўвалася з удзелам зацікаўленых бакоў: 4 лютага — у райвыканкаме з удзелам першага намесніка старшыні аблвыканкама М.І.Юхімука, 19 лютага — у аблвыканкаме з намеснікам старшыні аблвыканкама М.В.Токара.

Вынікам першых перамоў стала прапанова СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» выпускаць тое ж ультрапастэрызаванае малако ў асептычнай упакоўцы, накшталт «Роднага малака», толькі з павялічанай з 1,5% да 3,2% масавай доляй тлушчу, па арыенціровачнай адпускной цане 6470 рублёў (без падатку на дабаўленую вартасць). Да таго ж таварыства брала на сябе абавязацельствы па распаўсюджанні ведаў аб ультрапастэрызаваным малацэ сярод насельніцтва раёна.

Яшчэ тады, напачатку лютага, мясцовая ўлада не згадзілася на гэты варыянт вырашэння сітуацыі. Улічваючы тое, што ў СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» няма тэхнічнай магчымасці па арганізацыі ў тэрміновым парадку выпуску пастэрызаванага малака ў плёначнай упакоўцы, райвыканкам прапанаваў кампрамісны варыянт: выпускаць ультрапастэрызаванае малако ў асэптычнай упакоўцы і тлустасцю 3,2%, замест цяперашніх 1,5%, але з умовай наладжвання ў бліжэйшы час вытворчасці пастэрызаванага малака.

З улікам патрабаванняў не толькі раённай, але і абласной улады, а таксама ДА «Кіруючая кампанія холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам», кіраўніцтва кампаніі «Danone Беларусь» выказала гатоўнасць забяспечыць пружанскіх спажыўцоў пастэрызаваным малаком высокай тлустасці, расфасаваным у поліэтыленавыя пакеты, але… не выкарыстоўваючы ўласную вытворчую плошчу: лабіруючы свае інтарэсы, «ЮНІМІЛК Пружаны» выказала намер пастаўляць частку малака, атрымліваемага ў сваёй сыравіннай зоне, на перапрацоўку ў Бярозу альбо Кобрын. На што ў райвыканкаме адназначна зазначаюць: вывозіць сыравіну з раёна эканамічна немэтазгодна.

На сённяшні дзень праблема застаецца нявырашанай і будзе ў чарговы раз выносіцца на абмеркаванне зацікаўленых бакоў. Безумоўна, прадаваць на экспарт як мага больш — нармальнае рыначнае жаданне вытворцы. Але вось толькі ці павінны ад пошукаў выгадных рынкаў збыту цярпець спажыўцы, немалая частка якіх з’яўляецца звяном малаказдабываючага ланцужка?

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *