З разуменнем таго, што сёння дзяржаве патрэбны не проста маладыя працаўнікі, якія валодаюць пэўнымі ведамі, а сапраўдныя прафесіяналы, здольныя вызначаць лёс цэлых калектываў, прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.
Таму прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады імкнуліся не толькі даведацца пра патрэбы маладых людзей, якія толькі прыйшлі ў працоўныя калектывы, але і падтрымаць іх, з разуменнем аднесціся да іх праблем. Падчас сустрэчы прысутныя атрымалі шмат карыснай інфармацыі і, вядома, пра надзённае спыталіся самі.
Да адкрытага дыялога запрасіў і старшыня райвыканкама М.М.Серкоў пасля таго, як расказаў пра дасягненні раёна і яго славутасці. Міхаіл Мікалаевіч падкрэсліў, што на Пружаншчыне не толькі ёсць дзе рэалізаваць свой працоўны патэнцыял, але і цудоўна адпачыць:
— У нас дзейнічаюць два аквапаркі, а ў Брэсце – ніводнага, — акцэнтаваў увагу ён. – На кожныя сем тысяч насельніцтва ў нашым раёне прыпадае басейн. Дзе яшчэ можна знайсці такія выгоды? Для адпачынку ў нас зроблена шмат што. Працаваць таксама ёсць дзе. Чаму не пытаецеся пра жыллё? Ва ўсіх ёсць дзе жыць?
Прапанову агучыць сваю праблему не ўпусціла маладая настаўніца Шарашоўскай СШ Вольга Міхнавец, якая на дадзены момант вымушана наймаць пакой у гаспадыні.
— Вы застаецеся ў нас працаваць пастаянна — мы забяспечваем Вас жыллём, — быў адказ старшыні.
Пытанне рамонту інтэрната ў Ружанах паднялі і медыцынскія работнікі, якія прыбылі туды на працу. Праблему таксама паабяцалі вырашыць. Акрамя гэтага, не засталіся па-за ўвагай маладых спецыялістаў пытанні заработнай платы і рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей.
Выступаючы на тэму сацыяльна-прававой абароненасці, начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама М.М.Агапава данесла да слухачоў змест шэрагу нарматыўна-прававых актаў, якія датычаць умоў пражывання і дзейнасці маладых спецыялістаў.
Пра яшчэ адзін важны накірунак работы дзяржавы з моладдзю – крэдытную палітыку расказала вядучы спецыяліст аддзела крэдытавання ЦБП №122 “Беларусбанка” Н.Д.Ляшэвіч, якая падрабязна спынілася на пытаннях прадастаўлення льготных крэдытаў.
Слова трымалі і маладыя спецыялісты: Наталля Жабрун — настаўніца Шаняўской СШ, Ганна Радзівонава – ветурач ААТ “Жураўлінае”, Павел Рэчыц – інжынер-тэхнолаг завода радыёдэталей і Ганна Шаманаева – урач раённай бальніцы. Яны дзякавалі за прадастаўленыя працоўныя месцы, забеспячэнне жыллём, матэрыяльную падтрымку і гатоўнасць дапамагчы. Спецыялісты, якія прыехалі ў Пружаны з іншых раёнаў і абласцей, адзначалі яшчэ прыгажосць і чысціню нашага горада і добразычлівасць гараджан, што асабліва ім падабаецца.
У сваю чаргу намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец нагадаў, што мясцовая ўлада заўсёды будзе імкнуцца падтрымаць маладых людзей, якія пачынаюць свой працоўны шлях на Пружаншчыне. Выказаў спадзяванне, што многія з іх утвораць свае сем’і, застануцца жыць і працаваць тут надоўга. Прапанаваў звяртацца ў райвыканкам па любых хвалюючых пытаннях.
Адцягнуць увагу ад праблем і проста адпачыць дапамаглі на сустрэчы ў Палацы культуры мясцовыя артысты. Прысутным дарылі песні Набіль Зарук і Яна Грышкевіч, Таццяна Паласьмак і Алег Строк. А пастаноўка ў выкананні Аліны Кныш, Алега Марданя і Алега Строка “Дарога ў рай” падарыла неверагодныя станоўчыя эмоцыі. Няхай жа яны не пакідаюць маладых спецыялістаў на працягу ўсяго іх працоўнага шляху.
*У 2014 годзе ў Пружанскі раён прыбылі 258 маладых спецыялістаў.
З іх 115 – выпускнікі ВНУ і 143 – выпускнікі сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў.
Галіна Каляда, Фота аўтара.