Воскресенье, 13 октября 2024

Михаил Крейдич провел личный прием граждан

1 515

У сераду на мінулым тыдні прыём грамадзян правёў старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч.Да яго звярнуліся адзінаццаць чалавек.

Пытанне фінансавання кааператываў па пракладцы сетак газазабеспячэння хвалюе старшыню кааператыва, створанага жыхарамі в.Арабнікі. Справа ў тым, што з пятнаццаці такіх кааператываў у нашым раёне фінансавання на наступны год хапае толькі на тры, і ў іх лік згаданы кааператыў не ўваходзіць. Міхаіл Мікалаевіч адзначыў, што райвыканкаму вядома гэтая праблема, таму вырашана хадайнічаць перад аблвыканкамам з просьбай аб дадатковым выдзяленні сродкаў на пракладку сетак газазабеспячэння.IMG_5952

Засталіся задаволенымі прыёмам і жыхары вуліцы Засіма. Старшыня райвыканкама абнадзеіў, што будуць разгледжаны варыянты змяншэння кошту работ па пракладцы па вуліцы каналізацыйных сетак, у тым ліку і з прыцягненнем бюджэтных сродкаў. Мяркуемае ўдзешаўленне павінна скласці звыш трохсот мільёнаў рублёў.

Жыхары пасёлка Сонечны звярнуліся да старшыні райвыканкама з просьбай асфальтавання часткі завулка. Кіраўнік раёна патлумачыў, што існуе чарга на добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц, зрабіць усё і адразу немагчыма. Аднак  нягледзячы на гэта, паабяцаў асабіста выехаць на месца і разабрацца.

Але найбольш  было наведвальнікаў з асабістымі пытаннямі. Напрыклад, жанчына-інвалід першай групы жадае, каб за ёй замацавалі чалавека, які б даглядаў яе. Такое права прадугледжана заканадаўствам, аднак тут існуюць свае нюансы. Паколькі жанчына, якую інвалід прасіла назначыць сваім памочнікам, дасягнула пенсіённага ўзросту, у просьбе было адмоўлена.

Як дзейнічаць, каб прапісацца, было кампетэнтна растлумачана шматдзетнай маці з Белавусаўшчыны. З нагоды магчымага высялення мужа з гарадской кватэры адказ атрымала яго жонка. А вось жанчыне, якая прасіла матэрыяльную дапамогу, бо не хапае грошай на лекі, пакуль давялося толькі паспачуваць.

— Мы дзейнічаем строга ў рамках закона, які проста не маем права парушыць, — сказаў М.М.Крэйдзіч пасля таго, як выслухаў жанчыну і параіўся са спецыялістамі. – Райвыканкам матэрыяльна дапамагчы Вам не можа, бо з гэтага года не аказвае грамадзянам матэрыяльную дапамогу. Калі з’явяцца падставы, дапамогу акажа ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Адказ на просьбу з нагоды рамонту часткі вуліцы Батава ў горадзе яе жыхар А.М.Янчук атрымаў адразу. Усе неабходныя дакументы ўжо гатовы. А ў тым, што работы будуць выкананы і, магчыма, да Новага года, запэўніў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва А.А.Мацявін.

З нараканнем на папяровую валакіту з нагоды пераафармлення прыватнага стаматалагічнага кабінета на дачку звярнуўся да старшыні райвыканкама  А.А.Аскірка з Белавусаўшчыны. Аднак наўрад ці мясцовая ўлада можа паўплываць на пэўныя патрабаванні заканадаўства ў гэтым плане. У прынцыпе разумее гэта і сам стаматолаг. А вось яго нараканні на тое, што прыватная медыцына не мае належнай увагі з боку дзяржавы, падаецца слушнай. “Нас нікуды не запрашаюць, быццам мы наогул не існуем”, — канстатаваў наведвальнік.

На жаль, не разумеючы цаны часу кіраўніка раёна, на прыём да яго звярталіся і тыя, каму “проста хацелася выгаварыцца”, альбо тыя, хто скардзіўся на тое, у што нават цяжка паверыць. Як, напрыклад,  вясковая жанчына, што наракала на “чары” суседкі, з-за якіх, аказваецца, у яе хаце спачатку прападаюць, а затым з’яўляюцца прадметы ўжытку…

Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *