Среда, 15 января 2025

Мир увлечений: от витражей становится светлей

2 407

У адной са старадаўніх кніг я прачытала, што калі чалавек глядзіць наперад, Бог здымае з яго далоні прадвызначаны пры нараджэнні лёс. І аддае жыццё ў яго асабістыя рукі: маўляў, будуй яго сам, як хочаш і можаш! Галоўнае ў гэтым выпадку — знайсці тую справу, якая будзе прыносіць табе задавальненне і дзеля якой ты гатовы працаваць нават бясплатна…

Я ЎСПОМНІЛА пра гэта, калі сустрэлася з Людмілай Андросавай. Спачатку на рынку ў Пружанах, а потым — у яе ўтульнай кватэры ў шматпавярховым доме ў Новых Засімавічах.
Найперш жанчына прыцягнула мяне сваім некалькі незвычайным для Пружан заняткам: ужо шмат гадоў яна займаецца вырабам ветражоў. Прайсці міма апраўленых у рамкі шклінак, падобных на рознакаляровыя «райскія» птушкі, было немагчыма. Побач спыніліся такія ж зацікаўленыя творчасцю жанчыны. І кожны здзіўляўся: няўжо такое цуда зроблена звычайнымі чалавечымі рукамі!

У час размовы з Людмілай Нікіфараўнай аказалася, што гэта не проста таленавіты і абаяльны чалавек, але яшчэ і вельмі цікавы субяседнік, клапатлівая жонка і мама, якую муж і дзеці (а ў Людмілы двое дарослых сыноў і дачка) нездарма называюць чараўніцай. Па сцвярджэнні родных, яна выдатна ўмее карыстацца сваёй падсвядомасцю, і гэта вельмі дапамагае ў жыцці. Якім чынам? Людміла на хвіліну задумалася:

— Жыццё дае чалавеку мноства варыянтаў. І выбраць самы лепшы з іх мне пакуль што ўдаецца…

ГАЛОЎНЫ свой выбар яна зрабіла яшчэ ў дзяцінстве. Гэта мастацтва. Колькі сябе памятае, самым любімым захапленнем было маляванне. І сябры, і родныя заўсёды былі ўпэўнены, што дзяўчынка абавязкова стане мастаком. Так і здарылася: Людміла паступіла і паспяхова закончыла мастацкае вучылішча.

Талент мастака, падмацаваны ведамі, спатрэбіўся… у вайсковай часці, куды накіравалі на службу мужа-лётчыка. Калі, будучы ў дэкрэтным водпуску, Людміла намалявала некалькі плакатаў у ленінскі пакой, ёй тут жа прапанавалі: «Давайце ў нас працаваць!» І нават па-за чаргой выдзелілі кватэру і месца ў дзіцячым садку для маленькай дачкі.

— Тады было модна мець шмат нагляднай агітацыі,— расказвае Людміла Нікіфараўна.— Але ў свае плакаты і стэнды я старалася ўкласці хоць кропельку душы. Таму і атрымлівалася.
Калі нагляднай агітацыі стала патрабавацца менш, жанчыну перавялі ў… механікі па ўзбраенні. Хаця абавязкі яна выконвала ўсё тыя ж: малявала стэнды і плакаты. Душу адводзіла дома: ляпіла і размалёўвала гліняныя цацкі, рабіла роспісы на шкле, малявала алеем… Асабліва прыгожа атрымлівалася распісванне разнастайных шкляных бутэлечак. Многія з іх Людміла раздарыла сябрам і знаёмым, а некаторыя да цяперашняга часу ўпрыгожваюць кватэру, напрыклад, у якасці падсвечнікаў.

Калі пайшла на заслужаны адпачынак, вольнага часу стала шмат, і жанчына ўсю сябе аддала любімай справе. Почырк таленавітых рук мастачкі бачны ў кожным пакоі: малюнкі, густоўныя падзелкі, нават звычайны радыёпрыёмнік Людміла Нікіфараўна ўпрыгожыла рознакаляровымі стразамі і каменьчыкамі. Але асаблівую адметнасць тут ствараюць вітражы: на шкле дзвярэй, на корпуснай мэблі. На сцяне ў гасціннай вітраж у танах спелай пшаніцы падсвечваецца электрычнымі лямпачкамі, для гэтага прыстасаваны розныя типы ибп. Вачэй не адвесці!

Ёсць вітражы маляваныя і з выкарыстаннем разнастайных каменьчыў, стужачак, тыфонаў і пескаструйкі. Новым тэхналогіям Людміла Нікіфараўна навучалася на спецыяльных курсах у Маскве. Стала прадпрымальніцай, і цяпер з задавальненнем робіць афармленне кватэр такімі вітражамі па заказу.

— Я люблю сваю сям’ю, дом, дзе мы жывем, працую з вялікім задавальненнем,— разважае на гэты конт жанчына.— І вельмі радуюся, калі людзям падабаецца. Таму так і атрымліваецца!

УЗРОСТ справе не перашкаджае. Наадварот. Людміла не развучылася здзіўляць і сама па-дзіцячы здзіўляцца. Напрыклад, штогод у навагоднюю ноч яна выпісвае на паперку 12 сваіх самых запаветных жаданняў. А потым цэлы год выкрэслівае іх са спісу па меры здзяйснення. Смяецца:

— І яшчэ ніводнага разу не было, каб што-небудзь з пажаданняў не ажыццявілася!

У такой створанай мамай казцы, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца Любоў, Дабро, Пяшчота, Радасць, жывуць і дзеці Людмілы Нікіфараўны. Гэта не проста шчаслівая і дружная сям’я. Гэта — сям’я з агульнымі імкненнямі, захапленнямі і адным для ўсіх мастацкім бачаннем наваколля. Старэйшая Аляксандра працуе візажыстам у Кобрыне, Ігар сёлета пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Кобрынскі мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, будзе мастаком-афарміцелем. У дадатак ён захапляецца музыкай, сам піша песні. Арцём радуе бацькоў першымі, але ўжо даволі важкімі поспехамі. Выпускнік Пружанскай школы мастацтваў, дзе, дарэчы, адзначаўся спецыяльным фондам падтрымкі таленавітай моладзі, ён з поспехам закончыў той жа Кобрынскі мастацкі каледж, быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу (у намінацыі «Скульптура»), у будучым збіраецца ўсур’ёз асвоіць такую нялёгкую справу, як мастацкая апрацоўка камення. Цяпер працуе кіраўніком класа народнай творчасці.

Не прамінуў Гасподзь «пацалаваць у цемечка» і мужа Людмілы Нікіфараўны. Прафесіянальны лётчык, афганец Уладзімір Сяргеевіч, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, таксама пачаў займацца творчасцю. Ён працуе з дрэвам, выдатна ўмее выразаць лобзікам.
Калі мужа няма побач, Людміла піша яму вершы…

ЁСЦЬ У СЯМ’І Андросавых мара: купіць у вёсцы невялікую хатку і адкрыць там сваю творчую майстэрню. У кожнага з іх грандыёзныя мары і імкненні, для ажыццяўлення якіх гарадская кватэра ўжо стала цеснаватай. А яшчэ яны мараць пабудаваць прасторны дом «на чатыры выхады» і ўсёй вялікай сям’ёй жыць разам, пад адным дахам.
— З задавальненнем буду няньчыць там унукаў і пад святло сваіх сонечных вітражоў расказваць ім казкі, у якіх заўсёды перамагаюць любоў і дабро,— усміхаецца Людміла Нікіфараўна.
Асабіста я ніколькі не сумняваюся, што менавіта так у яе жыцці і атрымаецца…
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *