У рамках рабочай паездкі па Брэсцскай вобласці ў сераду наш раён наведаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.В.Праляскоўскі. Першым аб’ектам яго наведвання стала ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей».
Высокага госця сустракаў дырэктар прадпрыемства В.М.Каліх, які расказаў аб гісторыі прадпрыемства і яго сучасным стане. І сёння, па словах Віктара Міхайлавіча, вытворчасць знаходзіцца ў стадыі станаўлення: праводзіцца пастаянная мадэрнізацыя структурных падраздзяленняў, вывучаецца рынак і на якую прадукцыю зараз павялічаны попыт. Побач разглядаюцца экспартныя накірункі. Міністр інфармацыі А.В.Пралескоўскі асабліва звярнуў увагу на тое, што завод радыёдэталей робіць немалы ўклад у выкананне дзяржаўнай праграмы па імпартазамяшчэнні.
Падчас наведвання вытворчых цэхаў прадпрыемства Алег Вітольдавіч пагаварыў з работнікамі, цікавіўся выкананнем на заводзе сацыяльнага пакета. Самае галоўнае з іх — рост заработнай плаце. Па гэтым паказчыку акцыянернае таварыства таксама ў лідарах: з пачатку года заробкі завадчан выраслі на 230%.
Пасля завода радыёдэталей міністр інфармацыі не прамінуў зайсці і ў рэдакцыю «Раённых будняў». Выступаючы перад журналістамі А.В.Праляскоўскі зазначыў, што пружанская «раёнка»— адна з лепшых у рэспубліцы, вопыт зносін газеты з чытачамі варты пераймання. Побач з гэтым міністр падкрэсліў, што неабходна развіваць і іншыя тэхналогіі дастаўкі інфармацыі да спажыўца. У прыватнасці, парадаваў міністра сайт газеты «Раённыя будні», які ўсё больш і больш карыстаецца папулярнасцю. У дачыненні мясцовага праваднога радыёвяшчання Алег Вітольдавіч падкрэсліў, што скідваць яго з рахунку ўвогуле злачынна. Нягледзячы на тое, што Міністэрства сувязі глядзіць на правадное радыё як на другарадную справу, факты сведчаць аб вялікім попыце на радыёінфармаванне, асабліва ў сельскай мясцовасці. Таму радыёжурналісты могуць быць спакойныя: правадному радыёвяшчанню зараз будуць больш удзяляць увагі нават на самым высокім узроўні. Міністр адказаў на пытанні супрацоўнікаў газеты, якія тычыліся праблем дастаўкі яе да чытача, росту заработнай платы, цяперашняй выбарчай кампаніі.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).