Понедельник, 28 апреля 2025

Милиционер, спортсмен и хороший семьянин. Знакомьтесь — Андрей Жук

3 202

Малады і перспектыўны — вось які выгляд, на маю думку павінен мець беларускі міліцыянер, каб забяспечваць насельніцтву мірнае і спакойнае жыццё. Адным з такіх сапраўды ўзорных супрацоўнікаў Пружанскага РАУС з’яўляецца Андрэй Валер’евіч Жук, участковы інспектар.

Старшы лейтэнант міліцыі з ахвотай пагадзіўся падзяліцца сакрэтамі сваёй справы.

— Па праўдзе кажучы, я не марыў стаць міліцыянерам. Паступіў у БрДУ імя Пушкіна на факультэт фізічнага выхавання, які скончыў у 2010 годзе. Аднак яшчэ да таго, як пачаў вучыцца,  пастаянна ездзіў на турзлёты на Паперню, удзельнічаў у спаборніцтвах па валейболе і футболе за Пружанскі райаддзел міліцыі. І вось аднойчы мне прапанавалі службу ў міліцыі. І я пагадзіўся.

Жук 1

Самае прыемнае, што гэта ніяк не перашкодзіла майму захапленню спортам. Працягваю ўдзельнічаць у разнастайных спаборніцтвах, выступаю за каманду Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных спраў па валейболе. Нядаўна на рэспубліканскіх спаборніцтвах занялі чацвёртае месца сярод 11 каманд.

— Якіх поспехаў Вы паспелі дасягнуць як участковы інспектар міліцыі?

— Паспеў стаць старшым участковым. Думаю, таму, што якасна і добрасумленна выконваю ўсе пастаўленыя кіраўніцтвам задачы і кіруюся сваімі маральнымі прынцыпамі, у аснове якіх — дапамога людзям, добрасумленнасць. З апошніх поспехаў — выкрыццё злачынцы, які абрабаваў фірму на маім участку.

— Андрэй Валер’евіч, ці ёсць людзі, якім Вы абавязаны сваімі першымі поспехамі? З каго Вы бярэце прыклад?

— Безумоўна!  Найперш хачу назваць свайго непасрэднага начальніка Паўла Уладзіміравіча Сандрыгайлу. А яшчэ мне падабаюцца адносіны да сваіх абавязкаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Г.Г.Яхнаўца, прыклад якога таксама лічу ўзорам для сябе. У яго, на маю думку, дар ад Бога быць операм-вышукальнікам, які ідэальна выконвае сваю работу.

— Сям’я Вамі ганарыцца?

— Мая сям’я — гэта жонка і сын, які ўжо ў свае шэсць гадоў кажа, што марыць, як і тата, быць міліцыянерам. Кожны раз, калі бачыць мяне ў форме, у яго свецяцца вочы. Адчуваю, што жонка за мяне перажывае: мая работа не з бяспечных.

— А ці ёсць у Вашай працы мінусы?

— Часам вельмі складана працаваць з людзьмі. Ёсць разумныя, а ёсць тыя, хто патрабуе немагчымага і не хоча разумець, што мы вельмі  жадаем дапамагчы.

— Я так разумею, што міліцыя — гэта Ваш лёс?

— Так. Вось цяпер мяркую атрымаць другую вышэйшую адукацыю, жадаю паступіць вучыцца на юрыста. Каб атрымаць больш прафесійных навыкаў і, зразумела, для кар’ернага росту па службе.

— Ці ёсць у Вас жаданне выказаць просьбы або парады чытачам «раёнкі»?

— Хацелася б параіць усім, у тым ліку і маладым супрацоўнікам міліцыі, не здавацца пры першых цяжкасцях, не спяшацца адразу звальняцца.  Проста патрэбна кропелька цярпення. У нас вельмі добрая прафесія — дапамагаць людзям. А насельніцтву хочацца пажадаць аднаго — пабольш даверу да нас. Паверце: мы ўсімі сіламі спрабуем дапамагчы.

Гутарыла Алена Гурская, студэнтка БрДУ імя Пушкіна.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *