*да 75-годдзя раёна
Сцяпан Міхайлавіч Адамчук — чалавек-легенда. У свае восемдзесят тры гады ён яшчэ працаваў машыністам экскаватара ў ДУВП «Пружанскае ПМС» і толькі ў снежні 2013-га развітаўся з працоўным калектывам. Прычым, што цікава адзначыць, увесь час шчыраваў на сваім старэнькім экскаватары-драглайне ЭО-4112. Нягледзячы на сталы ўзрост, Сцяпан Міхайлавіч штогод выконваў і перавыконваў планавыя заданні. Ветэран аказваў вялікую дапамогу моладзі ў авалоданні прафесіяй, дзяліўся вопытам з калегамі і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у калектыве.
Пра гісторыю асушэння балот на Пружаншчыне дакладней за ўсіх можа расказаць менавіта Сцяпан Міхайлавіч. З непасрэдным яго ўдзелам на месцы былых балот пракладзены прамыя стужкі каналаў і пабудаваны дарогі.
Больш за паўстагоддзя Адамчук каўшом свайго экскаватара вёў адлік кіламетражу каналаў у нашым раёне. А да гэтага ж была яшчэ праца на меліярацыйных аб’ектах Кобрынскага і Брэсцкага раёнаў. Агульны стаж работы Сцяпана Міхайлавіча складае каля шасцідзесяці гадоў. Колькі за гэты час пракладзена каналаў, ён спецыяльна не падлічваў.
Калі хто-небудзь падумае, што прафесія экскаватаршчыка — гэта рамантыка, то ён адназначна памыляецца. Летам даводзілася працаваць у спякотнае надвор’е, калі назаляе гнус. Зімою наадварот — неабходна мірыцца з холадам.
А як заправіць экскаватар, калі вакол суцэльнае балота? Як успамінае сам С.М.Адамчук, іншы раз нават даводзілася насіць гаручае ў каністрах, бо палівазапраўшчык не мог наблізіцца да экскаватара.
«Глубанец», «Дзікі Нікар», «Дахлаўка», «Выдранка», «Вярхоўе Ясельды» — асноўныя меліярацыйныя аб’екты раёна, дзе давялося працаваць экскаватар-шчыку. А пра тое, як працаваў гэты чалавек, сведчаць яго ўрадавыя ўзнагароды: уручаныя ў 1971 годзе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1986 — ордэн Ле-ніна. Сцяпан Міхайлавіч адзначаны медалямі «За доблесную працу» і «Ветэран працы», а таксама шматлікімі граматамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.
Мікола Архуцік.