Воскресенье, 6 октября 2024

Мастер-класс по рыбалке прошел успешно. Быть ли чемпионату?

2 672

У мінулую суботу на возеры ля вёскі Руднікі члены нацыянальнай зборнай Беларусі па рыбнай лоўлі правялі майстар-клас для пружанскіх рыбаловаў. Прафесіяналы завіталі да нас па запрашэнні мясцовых улад, каб абмеркаваць магчымасць правядзення чэмпіянату рэспублікі на базе нашага раёна. Надвор’е не вельмі спрыяла аматарам рыбалкі: было дастаткова холадна і перашкаджалі вялікія хвалі. Тым не менш цікаўных сабралося нямала. Сярод тых, хто прыехаў даведацца пра сакрэты ўдалай рыбалкі, былі  старшыня райвыканкама Міхаіл Серкоў і начальнік сектара па спорту, выхаваўчай рабоце і турызму аддзела адукацыі Сяргей Шчыпанаў.

Пружанскія рыбакі задавалі шмат пытанняў і на ўсе атрымалі кампетэнтныя адказы. Некаторым дасталіся падарункі: брашуры з парадамі, рыбалоўныя кручкі. З задавальненнем пружанцы карысталіся магчымасцю палавіць рыбу на прафесійныя снасці, якія далёка не ўсім па кішэні.

Адметна, што арганізацыяй сустрэчы з боку сталічных членаў зборнай займаўся ўраджэнец Пружаншчыны, вядомы мастак Барыс Бокша. Тыя, хто не пабаяўся халоднага надвор’я і прыбыў у Руднікі,  атрымалі новыя веды і прыемныя ўражанні.

Задаволены сустрэчай і прафесіянальныя рыбаловы. Вось такі водгук ад наведвання Пружанскага раёна пакінулі яны на рыбацкім форуме http://www.brik.org.

«Нам спадабалася. Думаю, што мясцовым рыбакам таксама. Калі ехалі па запрашэнні пружанскіх улад, то баяліся, што народ не збярэцца. Рыбакі праявілі шчырую цікавасць да мерапрыемства, задавалі масу пытанняў, прычым спадабаліся сваёй граматнасцю і падкаванасцю.

Надвор’е было ветранае, лабавік паступова надзьмуўся і перайшоў у бакавік з парывамі да 8 м/ сек. Прыехаўшы напярэдадні вечарам, хацелі закінуць у мяркуемыя пункты лоўлі ў непасрэднай блізкасці ад шлюза хаця б па 1 літру прыкормкі, каб рыбка падцягнулася хоць трохі, але трапілі ў такі моцны дождж з ураганным ветрам, што пакінулі гэтую задумку. Таму прыйшлося лавіць «з ліста» і не там, дзе першапачаткова планавалі… Але, тым не менш, усё паказалі, распавялі і прадэманстравалі (мах, матч, штэкер, балонку, фідар): як правільна замяшаць прыкормачную сумесь, як правільна вырабіць паплавочныя і фідэрныя аснасткі, як правільна іх агрузіць, як выставіць глыбіню і многае іншае.

Ад нашай каманды хочацца перадаць прывітанне ўсім пружанцам, хлопцы з каманды спецыяльна падкрэслілі, што рыбакі ўразілі сваёй шчырай цікавасцю да таго, што адбываецца, добразычлівым стаўленнем, ветлівасцю і прыроднай сціпласцю.

Вельмі спадабалася таксама і стаўленне мясцовых уладаў да таго, што адбываецца. Людзям патрэбна аддушына ў жыцці, і гэта старшыня Пружанскага райвыканкама адчувае і разумее, з боку ўладаў было зроблена больш, чым мы меркавалі: выязны буфет, перакрытая на некаторы час дамба, каб не перашкаджаць прысутным спакойна займацца справай, нават машына «хуткай дапамогі» на ўсялякі выпадак дзяжурыла.

Спадабаўся чысты і ахайны раённы цэнтр Пружаны, адчуваецца, што «Дажынкі» зрабілі сваю справу, і перад намі паўстаў невялікі ўтульны горад, у які хочацца прыязджаць».

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч, фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *