Понедельник, 2 декабря 2024

Малюем турыстычную карту раёна разам!-4

3 261

Новыя прапановы нашых чытачоў для турыстычнай карты раёна.

Чытачы прапануюць дадаць на турыстычную карту раёна дом фалькларыста, дырыжора, публіцыста, музычнага і грамадскага дзеяча Рыгора Раманавіча Шырмы ў вёсцы Шакуны (фота 2). Тут захаваўся і стары калодзеж з выбітай унутры на камяні датай: 1908 (фота 1).

Месца, дзе правёў дзіцячыя гады яшчэ адзін наш знакаміты зямляк – мастак Станіслаў Жукоўскі, таксама павінна з’явіцца ў нашым турыстычным маршруце.  Станіслаў Жукоўскі жыў у вёсцы Стараволя, радавым маёнтку Жукоўскіх, які яго бацька страціў у падчас паўстання 1863 года і ўзяў у арэнду. Тут нічога, акрамя старых дрэваў, не засталося (на фота 3 — карціна С.Жукоўскага «Сакавіцкі вечар», 1904 г.). У 2009 годзе была спроба ўстанавіць помнік мастаку, работы якога маюцца нават у Траццякоўскай галерэі. На жаль, помніка няма і сёння.

Яшчэ адным прыпынкам можа стаць вёска Кацёлкі, непадалёк ад якой знаходзяцца курганныя могільнікі. Першы з іх датуецца XI-XIII стагоддзямі і належаў дрыгавічам. Другі адносяць да XVII-XVIII стагоддзяў, мяркуецца, што там пахаваны ваяры, загінуўшыя падчас адной з войнаў таго часу (фота 4).

Дарэчы, у Кацёлках у 1902 годзе нарадзіўся знакаміты беларускі балетмайстар, збіральнік фальклору Янка Хвораст.

А што прапануеце Вы?

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.

Фота з архіву рэдакцыі і сеткі інтэрнэт.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *