Воскресенье, 12 января 2025

Малюем турыстычную карту раёна разам!-3

2 868

З дапамогай нашых чытачоў мы працягваем наносіць аб’екты на турыстычную карту раёна. Вось з такой
цікавай прапановай выступіў нехта, хто падпісаўся Турыст-аматар:

“А што, калі турыста прывабліваць на Пружаншчыну не аднаразова (паглядзець які-небудзь будынак), а штогод, выкарыстоўваючы гістарычную спадчыну для нараджэння новых традыцый? Напрыклад, можна ўключыць у турыстычную карту сыраварню ў Белавусаўшчыне (фота №1), ды і ў цэлым аб сядзібе Швыкоўскіх, да якой яна адносілася, можна расказаць і паказаць хаця б план і фатаграфіі (яны ёсць).

Затым прарэкламаваць, што Пружаншчына мае вялікія традыцыі ў сыраваранні (сыраварні каля 200 гадоў!).  Можна арганізаваць штогадовы сырны фестываль. Напрыклад, у раёне Воднага і Лядовага палацаў. І ад Белавусаўшчыны недалёка, і штогадовы паток турыстаў будзе запаўняць гасцініцу, якую хутка павінны дабудаваць.

Ну, а на фестывалі можна прыдумаць кучу «фішак»: і дэгустацыя прадукцыі Пружанскага малочнага камбіната і “Юнімілка”, і спаборніцтвы па збіванні масла на бабуліных маслабойках, і конкурс на лепшую страву з сыру сярод кулінараў, нават «рэкорд Гінэса» можна паставіць — на самую вялікую галоўку сыру!”.

Жыхар Слабудкі лічыць, што турыстам неабходна паказаць гэтую вёску (фота №2). На жаль, шэраг гістарычных будынкаў знесены.  Але засталіся аб’екты 19-га стагоддзя: калодзеж-калонка, калодзеж часоў Міхайлаўскага штаба, а таксама нямецка-расійскія  могілкі 1914-1918 гадоў.

Паступіла прапанова дадаць на  “карту” і рэшткі будынка сінагогі ў Ружанах (фота №3). Будынак датуецца XVIII стагоддзем.

Зацікавіць турыстаў можна і легендамі. Напрыклад, ля вёскі Поланск стаіць калона (фота №4), якую мясцовыя жыхары і па сёння звязваюць з імем удзельніка Грунвальдскай бітвы Завішы Чорнага. Дарэчы, гэтае імя ўзгадваецца ў рамане Генрыка Сянкевіча “Крыжаносцы”.

А што прапануеце Вы?

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.

Фота з архіву рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *