Вялікае дзякуй, паважаныя чытачы, што працягваеце ўдзел у стварэнні турыстычнай карты Пружаншчыны. У лістах, якия прыйшлі да нас на мінулым тыдні, былі наступныя прапановы.
Нехта пад нікам Аўтааматар параіў уключыць у маршрут будынак былой Пружанскай сінагогі, што знаходзіцца на вуліцы Тармасава (фота 1). Сінагога была пабудавана на пачатку мінулага стагоддзя, перажыла дзве вайны, але сёння заходзіцца ў дрэнным стане.
Гэты ж карыстальнік прапанаваў згадаць будынак, што знаходзіцца на вуліцы Міцкевіча (фота 2). Па некаторых дадзеных, у трохпавярховым памяшканні быў першы ў Пружанах паравы млын, які пабудаваў Ёсель Абрамовіч у канцы ХІХ стагоддзя. У 1920-1939 гадах тут знаходзілася дзяржаўнае збожжасховішча.
Сядзіба Дзяконскіх, што знаходзіцца ў Каштанаўцы, па жаданні нашых чытачоў таксама трапляе на “карту” (фота 3). Сядзіба пабудавана Альбінам Дзяконскім у першай палове ХІХ стагодзя. Дарэчы, і па сёння выклікаюць цікавасць рэшткі парку, закладзенага Дзяконскім.
Маёнтак Трамбіцкіх у пасёлку Інтэрнацыянальны ўзведзены Вінцэнтам Трамбіцкім на мяжы 18-19 стагоддзяў (фота 4). Дарэчы, Вінцэнт Трамбіцкі быў галоўным Кобрынскім паляўнічым і камергерам Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Часткова захаваўся і закладзены ім парк. Зараз у сядзібы з’явіўся новы ўласнік, запланаваны рэстаўрацыйныя работы.
У Аранчыцах непадалёк ад Крыжаўзвіжанскай царквы (1904 год) знахо-дзіцца месца, якое было радавым гняздом вядомага шляхецкага роду. Яшчэ ў 1560 годзе прадстаўнікамі роду Аранцаў была пабудавана сядзіба, якая потым перайшла да роду Іжыцаў, а потым праз шлюб — Ляжэнскім. На месцы цаглянай царквы(фота 5) некалі стаяла драўляная, закла-дзеная Сімяонам Аранскім у 1654 годзе. Ігнацій Ляжэнскі ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання ваяваў побач з Тадэвушам Касцюшкам. Вядомы польскі пісьменнік Цэзарый Ляжэнскі – праўнук апошняга ўладальніка маёнтка. У 1943 годзе дом быў спалены партызанамі падчас сутычкі з немцамі.
А што прапануеце Вы?
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.
Фота з архіваў рэдакцыі.