4 сакавіка — ДЗЕНЬ МІЛІЦЫІ
— Здаецца, зусім нядаўна,— успамінае У.Я.Смірноў,— давялося ўпершыню апрануць новенькую міліцэйскую форму. А мінула ўжо амаль чвэрць стагоддзя.
Марыў аб гэтым ён яшчэ са школьнай парты.
— Па суседстве з намі ў пасёлку Сонечны жыў В.М.Клімашэвіч, які служыў у праваахоўных органах,— расказвае Уладзімір Яўгенавіч. — І я так зайздросціў яго прыгожай форме, марыў апрануць такую ж.
У 1990 годзе пасля службы ў арміі Уладзімір Яўгенавіч прыйшоў у райаддзел міліцыі на пасаду міліцыянера ізалятара часовага ўтрымання. На працягу дзевяці гадоў выконваў розныя абавязкі, служыў вадзіцелем, участковым інспектарам. У 1999 годзе яму прапанавалі заняць пасаду начальніка ізалятара, на якой Уладзімір Яўгенавіч працягвае службу і зараз.
Магчыма, вернасці выбранай справе паспрыялі і ўрокі, атрыманыя ад сваіх бацькоў: з самага маленства Уладзіміра выхоўвалі такім чынам, што ён абавязаны быць мужчынам ва ўсім, трымаць дадзенае слова і не палохацца складанасцей. Гэты запавет Уладзімір Яўгенавіч перадаў і сваім сынам.
Старэйшы Яўген спачатку марыў таксама пайсці па шляху бацькі і апрануць міліцэйскую форму.
— Але аднойчы палятаў на верталёце і… вырашыў пайсці ў Ваенную акадэмію вучыцца на лётчыка,— расказвае У.Я.Смірноў.— Зараз ён курсант першага курса і ўжо мае нагрудны знак парашутыста-выдатніка. А малодшы Аляксей ужо які год сцвярджае, што будзе толькі выратавальнікам і служыць у аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Для мяне ж галоўнае, каб абодва сталі сапраўднымі мужчынамі.
Магчыма, у будучым скла-дзецца афіцэрская дынастыя Смірновых. А Уладзімір Яўгенавіч раіць і іншым выбіраць такі шлях. На яго думку, для моладзі служба ў міліцыі застанецца прыцягальнай яшчэ на доўгія гады.
— Так, за мінулы час у мяне амаль знік юнацкі рамантызм, жаданне ўдзельнічаць у пагонях, як у баявіках. Руціннай работы ў міліцыі, як аказалася, значна больш. Але нам дадзены шанц устанавіць справядлівасць. І ад таго, што ты стаіш на абароне праўды, атрымліваеш задавальненне.
Такім прынцыпам кіраваўся Уладзімір Яўгенавіч на працягу ўсёй службы, да гэтага ж прывучаў і падначаленых. За што У.Я.Смірноў адзначаны медалямі «90 гадоў міліцыі», «За самаадданую службу», нагруднымі знакамі «За выдатную службу» і «Служым народу — служым закону».
Але хутка служба скончыцца, і ў званні маёра міліцыі У.Я.Смірноў пойдзе на заслужаны адпачынак. Як ён сам запэўнівае: трэба даваць дарогу маладым, служба ў праваахоўных органах патрабуе шмат сіл і энергіі.
Алег СІДАРЭНКА, Аляксандр Мелеш (фота)
На здымку: Уладзімір Яўгенавіч Смірноў з сынамі Яўгенам і Аляксеем.