Шматпавярхоўцы №54 па вуліцы Кастрычніцкай у Пружанах больш сарака гадоў. Зразумела, з цягам часу будынак стаў патрабаваць рамонту. І не было межаў радасці жыхароў, калі ў маі мінулага года нарэшце разгарнуліся будаўнічыя работы: пачалі ўцяпляць фасад дома, рамантаваць дах, мяняць вокны ў пад’ездах… Але што з гэтага атрымалася?
— Лепш бы яго і не пачыналі, — гаворыць гаспадыня кватэры №45 Г.Р.Арабей, — бо зрабілі яшчэ горш, чым было.
У прынцыпе, гэта бачна і простым вокам: падымаючыся па лесвіцы трэцяга пад’езда злашчаснага дома, з кожным паверхам усё больш яскравей мы бачым карціну, якую па тэлефоне апісвала жанчына. На стан апошняга паверха, як гаворыцца, без слёз не глянеш: падцёкі на сценах і ўваходных дзвярах у кватэры, лужыны вады каля стаяка… Гэты «капеж» трапляе і на лесвічнае электраабсталяванне.
У кватэры №44 восенню рабілі касметычны рамонт — дачку аддавалі замуж, дык хацелася крыху ўпрыгожыць жыллё. «Скажыце, хіба бачна, што пару месяцаў таму мы штосьці клеілі, фарбавалі?» — паказвае гаспадыня на адвісаючыя з-за сырасці шпалеры і столевую плітку. У тых месцах, адкуль цячэ найбольш, пакладзены анучы. «Рэгулярна іх выціскаю, іншы раз па два-тры разы за ноч устаю», — тлумачыць жанчына.
Ганна Рыгораўна расказвае пра свой патоп: «Цяпер у туалеце сцяна пастаянна мокрая. А ў ваннай столь, пафарбаваная эмаллю, у адным месцы набракла. Вырашыла той пузыр прабіць, дык адтуль вада плюхнула… Іншы раз проста хочацца плакаць з-за гэтага бязладдзя».
З жахам жыхары апошняга паверха думаюць пра магчымае дажджлівае надвор’е летам-восенню, плюсавую тэмпературу зімой ды вясеннюю адлігу: у такія дні ў кватэрах пачынае «плакаць» столь.
Сцвярджаць, што камунальная служба, вінаватая ва ўсіх гэтых непрыемнасцях, нічога не робіць, жанчыны не бяруцца: работнікі КУВП «Камунальнік» прыходзяць сюды штодзень, але чым займаюцца на даху, ніхто не ведае. Чым дакладна і калі гэтая гісторыя закончыцца, ніхто зразумелага адказу так і не дае. Работнікі тлумачылі: непрыемнасць здарылася з-за таго, што дах рамантавалі, выкарыстоўваючы новую тэхналогію, якой спецыялістаў не абучылі. Спрабавалі пенсіянеркі высвятліць сітуацыю ў кіраўніцтва прадпрыемства, адправіўшы афіцыйны ліст са скаргай, ды ў канцы лістапада атрымалі нешматслоўны адказ: «На калектыўны адказ жыхароў «Камунальнік» паведамляе, што рамонт даха зроблены». Праўда, дырэктар прадпрыемства А.Ф.Шопік, за чыім подпісам прыйшла папера, падчас асабістага прыёму запэўніў, што не ведаў пра гэты адказ і абяцаў разабрацца.
А.У.Чараўко з 44-й кватэры прызнаецца, што працуе ў камунальнай галіне і ў прыватнай гутарцы звярталася да галоўнага інжынера С.В.Бабрука, які параіў чакаць у лепшым выпадку мая: магчыма, летам што-небудзь і прыдумаюць.
Справядлівасці дзеля варта сказаць, што з такой праблемай сутыкнуліся жыхары не ўсіх пад’ездаў. Тым не менш гэта не дазваляе адказным службовым асобам махнуць рукой на праблемы меншасці.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фта).