Час дэфіцыту і доўгіх чэргаў па самае неабходнае адышоў у гісторыю. Маё пакаленне, наогул, ведае пра яго ў асноўным з расказаў старэйшых ды з асабістых скупых успамінаў, калі бацькі час ад часу прыносілі нейкае адзенне і беражліва хавалі ў шафе, прыгаворваючы: «Хай будзе на выраст! А потым — як знойдзеш…» На шчасце, сёння мы не ведаем, што такое купляць у запас: балазе, цяпер на прылаўках магазінаў хапае ўсяго. Пашчасціла сучасным мамам і татам: ім збіраць дзяцей у школу куды лягчэй, чым гэта было нашым бацькам некалі… Аднак ці так ужо ёсць чаму зайздросціць?
-Сёлета ў нас асноўныя пастаўшчыкі школьнага асартыменту — швейныя фабрыкі і прадпрыемствы «Бараўчанка» (Барана-вічы), «Славянка» (Бабруйск), «Калінка» (Салігорск), «Камінтэрн» (Гомель), «Надзея» (Брэст), «Эліз» (Дзяржынск), «Надэкс» (Мазыр), абутковыя фабрыкі «Нёман» (Гродна), «Шагавіта» (Магілёў), «Марка» (Віцебск), Лідская і іншыя, — расказвае прадавец «Школьнага базара» Ала Загуменава. — Адметна, што ў гэтым годзе значна пашырыўся мадэльны рад беларускіх вытворцаў, а разам з тым павялічыўся і асартымент у магазінах. Нават у параўнанні з леташнім перад-школьным сезонам сёлета мы атрымліваем намнога большую выручку.
Дарэчы, не так даўно ў гандлёвым памяшканні «Дзіцячага свету» адбылася перапланіроўка, якая, здаецца, пайшла на карысць магазіну. Хаця пашырэнне плошчы ўсё роўна не дазваляе павялічыць асартымент тавараў да ўзроўню, напрыклад, абласных магазінаў, у якія наведваюцца і пружанцы.
Рома сёлета ідзе ў першы клас. Рыхтавацца да гэтай знамянальнай падзеі мама Наталля стала загадзя.
— Прадаўцам на рынку не давяраю, — гаворыць жанчына, — у дзяржаўным гандлі можна купіць куды больш якасны тавар і за меншыя грошы. У нашым «Дзіцячым свеце» знайшла нядрэнныя касцюмы, але ў мяне хлопчык з нестандартнай фігурай: высокі і хударлявы. Хлапчуковых туфляў дзелавога стылю патрэбнага мне 30-га памеру на прылаўках пружанскіх магазінаў таксама не аказалася. Разумею, што магазін не гумовы і завезці туды столькі тавару, сколькі хацелася б нам, пакупнікам, немагчыма.
Вось і давялося адправіцца Наталлі па пакупкі ў абласны цэнтр. Там яна і набыла сыну камплект: штаны і пінжак ку-піла паасобку, каб рэчы аднолькава добра «сядзелі» на хлопчыку. Да слова, што тычыцца, так сказаць, нестандартных дзяцей. Прадавец расказвала пра сёлетні выпадак, калі на «Школьны базар» прыйшла мама з поўненькім сынам невысокага росту, якому падабраць касцюм так і не змаглі. Але выйсце знайшлося: падалі індывідуальную заяўку на Навагрудскую швейную фабрыку, і ў выніку ўсе засталіся задаволенымі, асабліва мама, для якой зборы ў школу ператварыліся ў сапраўдны галаўны боль.
А вось Людміле сёлета пашанцавала: калі ў папярэднія гады яна не магла ў Пружанах апрануць сваіх школьнікаў, то сёлета была прыемна здзіўлена і задаволена тым, што прапаноўваюць у «Дзіцячым свеце», дзякуючы чаму нікуды ехаць не давялося.
Калі малодшыя школьнікі пакорліва прымяраюць касцюмчыкі, выбраныя бацькамі, то старэйшыя дзеці больш прыдзірліва ставяцца да таго, што вісіць на вешалках, самастойна выбіраюць фасон.
— Купляць адзенне на рынку не хачу — у склад тканіны нічога натуральнага не ўваходзіць, ніткі вылазяць. А беларускія рэчы выглядаюць больш акуратна, лепшага пашыву, — расказвае Ларыса, мама старшакласніка. — Дый, наогул, трэба падтрымліваць айчынных вытворцаў.
Як звычайна, падрыхтоўку
да школы Ларыса з сынам пачынаюць з пружанскіх магазінаў. Аднак з таго, што прапаноўваюць там, Максіму нічога не спадабалася.
— Відавочна, што ў гэтым годзе нашы кааператары пастараліся і значна папоўнілі асартымент, але ўсё роўна яны не вытрымліваюць канкурэнцыі з магазінамі абласнога цэнтра — там проста вочы разбягаюцца. Хаця адзенне хадавых размераў і там не ў такім ужо вялікім асартыменце. Яшчэ вельмі спадабалася тое, што ў брэсцкім «Дзіцячым свеце» прадаўцы дазваляюць прымяраць сарочкі, у нас гэта непажадана.
У цэлым жа новай школьнай формай ад бабруйскай «Славянкі» задаволены і мама, і сын. Абое былі прыемна здзіўлены надпісам на бірцы: «Падкладачны матэрыял, які ўшыты ва ўнутраную кішэню Вашага адзення, служыць ідэальнай абаронай ад выпраменьванняў, якія зыходзяць ад мабільнага тэлефона. Матэрыял выпрабаваны інстытутам прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
Для Любові Дзмітрыеўны Ліхадзіеўскай якасць таксама не на апошнім месцы, а розніца паміж рынкавым і магазінным таварам, на яе думку, усё-такі ёсць. Трэба прызнаць, праўда, што не ўсе беларускія тавары пашыты з тканіны, у якой пераважаюць натуральныя валокны. Але дзевяцікласніца Маша звяртае ўвагу, у першую чаргу, на знешні выгляд. Нягледзячы на тое, што школьную форму колькі гадоў яны куплялі выключна на рынку, дзе «воку ёсць за што зачапіцца», дзяўчына згодна з мамай, што сёння на «Школьным базары» можна знайсці і модныя касцюмы-тройкі, і прыгожыя сарафаны, і сукенкі.
А вось мама шасцікласніцы Алена лічыць інакш:
— Самой моташна глядзець на тое, што вісіць у дзяржаўных магазінах: з якой тканіны пашыта гэта адзенне, які фасон! Я на сябе гэта не апранула б, дзіва, што дачка, якая ідзе ў шосты клас, не хоча. А паколькі ў нашым горадзе, на мой погляд, выбіраць няма з чаго, мы збіраліся ў школу на рынку ў Баранавічах.
Ну, што ж, колькі людзей — столькі і меркаванняў! Хаця варта ўдакладніць, што ўсе бацькі падыходзяць да школьных клопатаў і з фінансавага боку. І ў любым выпадку сабраць дзіця ў школу — справа, якая патрабуе немалых выдаткаў: напрыклад, для Наталлі — мамы першаклашкі — перадшкольныя клопаты абышліся прыкладна ў 700-800 тысяч рублёў, мама Алена на шасцікласніцу патраціла амаль мільён рублёў, Ларыса сабрала ў школу свайго дзевяцікласніка за 600 тысяч рублёў…
Атрымліваецца, штогод бацькі, збіраючы дзяцей у школу, сутыкаюцца са старымі як свет праблемамі: што купіць? дзе купіць? дзе танней?
Асабіста я на гэты конт згадваю свае школьныя гады. Мне давялося застаць тыя часы, калі ўсе дзяўчынкі апраналіся ў аднолькавыя карычневыя сукеначкі з чорнымі ці белымі ў залежнасці ад выпадку фартушкамі, а хлопчыкі насілі таксама аднолькавыя цёмна-сіняга колеру касцюмчыкі. Памятаю, як для мяне было цэлым рытуалам, калі мама адпорвала і прышывала да сукенкі новыя беласнежныя карункі, як перажывала, калі ў першым класе выпадкова запэцкала чарнілам белы фартух…
А затым школьную форму адмянілі, і школьнікі, у першую чаргу дзяўчаты, сталі фарсіць адна перад другой. Цяпер жа па знешнім выгля-дзе дзяцей можна меркаваць і пра сацыяльнае становішча, і пра фінансавы дабрабыт іх сем’яў.
Асабіста мне, як чалавеку, які паспрабаваў і тое, і другое, больш імпануе адзіная школьная форма. Проста вытворцам неабходна стварыць сучасную мадэль. Звярніце ўвагу на выпускніц, якія апранаюць форму на першы і апошні званок. Хіба яны выглядаюць горш за астатніх школьніц?
Марына Вакульская, фота аўтара.
Колькі заплацяць бацькі ЗА ПАДРУЧНІКІ
На 2010/2011 вучэбны год пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 85 ад 30 ліпеня 2010 года вызначаны наступныя сумы аплаты за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі:
I клас – 10 400 бел.руб.(кошт камплекта 20 795 бел.руб.);
II клас – 12 750 бел.руб.(кошт камплекта 25 494 бел.руб.);
III клас – 14 010 бел.руб.(кошт камплекта 28 025 бел.руб.);
IV клас – 15 740 бел.руб.(кошт камплекта 31 473 бел.руб.);
V клас – 13 860 бел.руб.(кошт камплекта 27 725 бел.руб.);
VI клас – 16 210 бел.руб.(кошт камплекта 32 426 бел.руб.);
VII клас – 20 420 бел.руб.(кошт камплекта 40 846 бел.руб.);
VIII клас – 25 370 бел.руб.(кошт камплекта 50 732 бел.руб.);
IХ клас – 25 600 бел.руб.(кошт камплекта 51 195 бел.руб.);
Х клас – 26 880 бел.руб.(кошт камплекта 53 755 бел.руб.);
ХI клас – 28 530 бел.руб.(кошт камплекта 57 060 бел.руб.).
Гэтыя сумы аднолькавыя для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання.
У перыяд з чэрвеня па жнівень філіялам Пружанскага райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр» у беларускіх вытворцаў было закуплена 1238 адзінак адзення дзелавога стылю для школьнікаў, 1381 пара абутку і 258 ранцаў. Тавары для школы прадаюцца праз магазін «Дзіцячы свет» і на «Школьных базарах» у горадзе і Ружанах, а таксама некаторых вёсках раёна.
Як паведаміла дырэктар філіяла В.А.Яскунова, за 22 дні жніўня ў дзіцячым аддзеле было рэалізавана тавараў на суму ў 106 мільёнаў рублёў.