У раёне пачалася выплата матэрыяльнай дапамогі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з нагоды 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Памер выплат складае ад 150 да 250 тысяч рублёў. Як паведаміла начальнік аддзялення матэрыяльна-бытавога абслугоўвання насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.У.Іваніцкая, па 250 тысяч рублёў атрымаюць інваліды і ўдзельнікі вайны, дзеці-інваліды з дзяцінства, у якіх бацькі загінулі ў гады вайны, і ўдовы загінуўшых у гады вайны ваеннаслужачых і партызан.
Па 150 тысяч рублёў дапамогі будзе ўручана ўзнагароджаным ордэнамі і медалямі за самаадданую працу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знакам «Жыхар блакаднага Ленінграда», а таксама інвалідам з дзяцінства, якія атрымалі інваліднасць у сувязі з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў і непаўналетнім вязням.
Мяркуецца, што ў цэлым па раёне матэрыяльную падтрымку атрымаюць 780 чалавек на агульную суму больш як 144 мільёны рублёў. Выплаты завершацца да 1 мая.
Ганна Хадаровіч.