У сямейным архіве Віктара Рачко гэтая фатаграфія аказалася нядаўна — яе перадала знаёмая, ураджэнка Пружан, якая цяпер жыве ў Расіі. Цікава, але ў жыхаркі вуліцы Леніна Валянціны Мікалаеўны Макаравай (у дзявоцтве Карнюк) такога здымка няма, хаця сябе на ім яна пазнала: у бацькоў не знайшлося грошай заплаціць за фота. А вось Лэйзер Гіхман купіў фатаграфію вучняў пачатковай «паўшэхнай» Пружанскай школы, зробленую прыкладна ў 1938 ці 1939 годзе. Яго дачка Фейга на ім — у другім радзе, з бантам на шыі. Гісторыя, звязаная з Гіхманамі, захоўваецца ў «куфэрку памяці» Віктара Мікалаевіча шмат гадоў. Страшная гісторыя…
Іду да сваёй старэнькай мамы. Нясу ёй на сняданак манную кашу. Мы жывём у адным двары, хоць і на розных вуліцах.
3 узростам у людзей нешта робіцца з памяццю. Мама можа падрабязна расказваць, як чатырохгадовым дзіцём згубілася і зайшла з Пружаны аж у Шані, як па дарозе праз лес збірала і складала ў кучкі хваёвыя шышкі. I можа адначасова пытацца, хто быў мой бацька і ці былі ў яго дзеці.
Апошнім часам маму хвалюе пытанне: куды падзяваліся пружанскія яўрэі, нешта даўно іх не відаць.Чаму не прыходзяць пагрэцца Хая з Фейгаю — яе сяброўкі, суседкі. Іхні бацька Лэйзер Гіхман жыў як раз насупраць майго дзеда Станіслава Васілеўскага. Іх вялікі нават па сучасных мерках драўляны дом і цяпер яшчэ стаіць на вуліцы Леніна. Гіхман меў невялікае прадпрыемства па перапрацоўцы бытавых адходаў і чацвёра дзяцей. Старэйшы сын Лёва і дачка Ліба ўжо дапамагалі бацьку, ездзячы па сёлах, дзе скуплялі ў сялян рыззё. А дзве малодшыя дачкі хадзілі ў школу. Дарэчы, двухпавярховы мураваны будынак яўрэйскай школы насупраць Белых лавак захаваўся да нашага часу, а вось дзе была школа пачатковая, ля якой зроблены гэты здымак, мама не змагла патлумачыць. Дровы ў тыя часы каштавалі вельмі дорага. I, каб пагрэцца ў зімовую сцюжу, яны ўсёй сям’ёй прыходзілі да майго дзеда, які хоць і працаваў кавалём, але браў у арэнду частку Мікіцкага лесу, так што ў хаце заўжды было цёпла.
Наогул, Гіхманы былі вельмі простымі і добрымі людзьмі. Ніколі і нікому не адмаўлялі ў дапамозе, дзяліліся апошнім. У майго дзеда былі таксама дзве дачкі — аднагодкі з Хаяй і Фейгаю, і яны сябравалі, вельмі любілі чытаць кнігі, марылі аб тым, кім будуць, калі вырастуць. Здаецца, нішто не магло іх разлучыць. Нішто не магло азмрочыць іх яшчэ бесклапотнае жыццё. Ды так яно, магчыма, і было б, каб на двары не ішоў 1941 год…
Усіх жыхароў неяўрэйскага паходжання з цэнтральнай часткі Пружан рассялілі па навакольных вёсках ці па ўскрайках горада. Цэнтр абгарадзілі калючым дротам, куды і сталі звозіць яўрэяў з усяе акругі. Кажуць, што былі нават з Беластока.
У адрозненне ад канцэнтрацыйных лагераў, яўрэйскія гета былі нібы чыста фашысцкім вынаходніцтвам. У некаторых будынках пасялялі да 20-ці сем’яў. У дварах капалі зямлянкі. Нават у тых абставінах немцы імкнуліся сачыць за санітарыяй у гета: на Хватцы абсталявалі санпрапускнік, праз які праганялі ўсіх прыбыўшых.
Сям’ю Васілеўскіх таксама выселілі — у Парасляны (пазней, калі мяжу гета адсунулі бліжэй да цэнтра, а вароты з вышкамі паставілі там, дзе цяпер стаіць верталёт, хватчанцам было дазволена вярнуцца ў свае двары).
З харчоў у гета дазвалялася пастаўляць толькі хлеб і агародніну. Малочныя і мясныя прадукты былі катэгарычна забаронены. Гэтым скарысталіся некаторыя не вельмі добрасумленныя жыхары. Яны, рызыкуючы жыццём, тоячыся ад вартавых, праз агароджу праносілі на тэрыторыю гета мяса з маслам і выменьвалі іх на золата. Некаторыя з іх нават паплаціліся жыццём ці засталіся калекамі.
Вядома, што людзі, пакідаючы пад прымусам родныя дамы, бралі з сабою самае неабходнае і каштоўнае. Немцы ведалі гэта і накладалі на вязняў гета кантрыбуцыю. 3 надзеяй неяк адкупіцца яўрэі аддалі ім амаль усе каштоўнасці. Толькі некаторыя, бачачы марнасць гэтай справы, на нешта яшчэ спадзеючыся, хавалі сваё золата. Асабліва любілі хаваць у печы: выцарапвалі нажом ці цвіком кафліну, клалі туды чырвонцы, замазвалі глінай і ставілі кафлю на месца. Ужо пасля вайны пячнік з рамбудканторы, рамантуючы ці разбіраючы печы ў яўрэйскіх дамах, ніколі не браў сабе памочніка. Відаць, не дарэмна, калі ўлічваць, што ўжо ў той час ездзіў з Шарашова ў Пружаны на працу на асабістым аўтамабілі. А наогул, тэма яўрэйскага гета ў Пружанах яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.
У канцы студзеня 1943 года ў гета нагналі падвод, і пачалася яго ліквідацыя. Частку вязняў пачалі вывозіць і расстрэльваць: каго — у Слабудцы, а большасць — на Броннай гары за Бярозай. Чатыры цягнікі з працаздольнымі вязнямі адправілі ў Асвенцім, дзе яны амаль усе і загінулі.
Вось у тую студзеньскую ноч у хату маёй бабулі Ганны нехта пагрукаў. На той час ужо аўдавелая, яна адна, у нястачы гадавала дзвюх дачок: Лену і Франю — маю маму. Боязна, але пайшла адчыняць засаўку.
Баба Ганя вельмі здзівілася, убачыўшы старога Гіхмана. Ён стаяў у двары, перамінаючыся з нагі на нагу, і быццам нечага саромеючыся, не спяшаўся заходзіць у хату. На яго чорным зарослым твары блукала нейкая, так недарэчная на гэты момант усмешка. Ён працягваў бабе Гані руку з клункам, у які сабраў нейкі посуд — усё самае каштоўнае, што засталося ў яго сям’і, і нешта мармытаў. I тут мая бабуля заўважыла за яго спіной дзве дзявочыя постаці. Так, гэта былі яго малодшыя дочкі: Хая і Фейга, сяброўкі маёй мамы. Нарэшце, да бабы Гані дайшло, чаго хоча ад яе гэты забіты горам чалавек. Ён прывёў да яе сваіх дачок з нейкай надзеяй выратаваць іх ад немінучай пагібелі.
Сваю тайну баба Ганя скрывала ўсё жыццё. Перад смерцю ўжо яна, быццам спавядаючыся, расказала пра гэты начны візіт мне, свайму ўнуку. Я ўпэўнены, што мая мама Франя да гэтай пары не ведае аб тым граху, які ляжыць на нашай сям’і…
Але што было рабіць бабе Гані? Я ўжо не кажу пра тое, што яна не ведала, чым ужо заўтра будзе карміць сваіх дачок, не ў гэтым справа. Пра жыцці іх яна падумала. Пра тое, што свае ж могуць данесці. Паехалі б усе разам за яўрэямі ў Слабудку.
Цяпер многа можна прачытаць ці пачуць пра гераізм, пра самаахвяраванне, як нехта на хутары хаваў і выратаваў яўрэйскае дзіця, якое падабраў недзе. Але тут, у Пружанах, дзе ўсе добра адзін аднаго ведалі, шанцаў на выратаванне было няшмат. Толькі ўсё роўна да канца жыцця мая бабуля адчувала віну за трагічны лёс малых яўрэек. Усе свае няшчасці, якіх было шмат у яе далейшым жыцці, яна суадносіла з той вымушанай адмовай старому Гіхману прыняць яго дачок.
Так што дарэмна былая настаўніца Францішка Станіславаўна выглядае ў акно сваіх сябровак. Не прыйдуць яны ўжо ніколі. Але ж не скажаш ёй аб гэтым. Хай выглядае. Нямнога ўжо засталося часу да іх сустрэчы. Вось толькі ці пазнаюць Хая з Фейгай — пятнаццацігадовыя дзяўчынкі ў старой пасівелай і бяззубай бабулі сваю найлепшую сяброўку Франю?..
Віктар РАЧКО.