Сярод багаццяў, якімі прырода шчодра адорвае чалавека, ёсць адзін дар, каштоўней якога на зямлі няма. Гэта дар памяці. Нічога не можа параўнацца з цудам, якое мы проста называем успамінамі. Па загаду нашай памяці ажываюць галасы, пахі, гукі, усплываюць даўно забытыя твары, учынкі, пейзажы…
Але ці мае чалавечая памяць патрэбу ў памочніках? Безумоўна, мае. Для карэспандэнта такім памочнікам, акрамя запісной кніжкі, з’яўляецца фотаапарат. Яму варта давяраць нават больш, чым блакноту: стары альбом з фотаздымкамі ці новы камп’ютар – вось тыя куфэркі памяці, якія здольны павярнуць час назад на тыдзень, месяц, дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі…
Анатоля Міхайлавіча Ганчарова ведалі ў Пружанах і Пружанскім раёне, напэўна, усе. Перш за ўсё менавіта за яго захопленасць фотасправай.
Ён працаваў фатографам спачатку ў раённым ваенгандлі, потым – камбінаце бытавога абслугоўвання. А ў 60-ыя гады быў фотакарэспандэнтам раённай газеты “Зара камунізму”. Як сведчылі калегі і знаёмыя, ён не проста фатаграфаваў твары пераможцаў сацспаборніцтваў, як таго патрабавала “раёнка”. Нягледзячы на тое, што чорна-белая плёнка, рэактывы для яе праяўлення і замацавання, фотапапера былі ў той час даволі адчувальным дэфіцытам, Анатоль Міхайлавіч заўсёды некалькі апошніх кадраў эканоміў “для гісторыі”: фатаграфаваў пружанскія вуліцы, будынкі, помнікі…
Захавальніцай неацэннага скарба, які Анатоль Ганчароў пакінуў пасля сябе, скарба велічынёй у пяць альбомаў і тугі чамадан фотаздымкаў, цяпер з’яўляецца яго дачка Любоў Кухціна. Іх можна разглядаць і вывучаць не адзін дзень. Вось парк з лавачкамі, на месцы якога цяпер будынкі раённай улады і гасцініца, вось вузенькая дарожка да палацыка, святочная дэманстрацыя каля помніка Леніну – там, дзе цяпер плошча і цэнтральны ўніверсам, царква, якая стаяла там, дзе цяпер магазін “Дзіцячы свет”… Сярод людзей каля будынкаў і на вуліцах мы пазнаем тых, каго ўжо даўно няма сярод жывых…
Для Любові Анатольеўны асабліва дарагія альбомы з фотаздымкамі родных. Іх паказваюць унукам, калі радня збіраецца ў прасторным, патанаючым у кветках і яркай зеляніне, доме Кухціных на вуліцы 8 Сакавіка. І дзеці многае ведаюць пра свае карані: ёсць у гэтых альбомах фотаздымкі іх далёкіх прабабуль і прадзядуль, якія ў свой час сілкавалі род Кухціных і Ганчаровых сваёй мудрасцю і чалавечнасцю, працавітасцю і дабрынёй у адносінах паміж сабой і тымі, хто жыў побач.
Вопытны фатограф умеў злавіць момант. У кожным яго фотаздымку – асаблівы сэнс, канкрэтная тэма. Ён умеў адчуваць чалавека, лічылі калегі, таму што ведаў цану чалавечаму жыццю, таму што сам зведаў нямала.
Нарадзіўся Анатоль Міхайлавіч у вёсцы Катынь Смаленскай вобласці. Той самай, сумна вядомай. У 12 гадоў чуў стрэлы ў лесе, а назаўтра бегаў з хлопцамі глядзець, што здарылася. А там варушылася зямля, якой былі прысыпаны расстраляныя пакутнікі-палякі. І толькі, калі родныя дзеці сталі дарослымі, завялі свае сем’і, ён паведаў ім, што ў Катынскім лесе стралялі зусім не фашысты…
У 44-ым пры вызваленні Смаленскай вобласці не па ўзросту рослы Анатоль дабавіў сабе год і пайшоў у армію. Служыць выпала ў ахове маршала Сакалоўскага. Меў зносіны з амерыканцамі, англічанамі… Аднойчы міма прайшоў “мужык у спадніцы”. Потым камандзір выклікаў Ганчарова: “Чаму не аддаў чэсць шатландскаму генералу?”
Такіх гісторый Анатоль Міхайлавіч расказваў дзецям нямала. І быць бы яму кадравым ваеннаслужачым, але… У 1946-ым арганізм 19-гадовага Анатоля, знясілены нястачамі і голадам, быццам здаўся. Юнак захварэў на сухоты і быў камісаваны з арміі.
—Харчаванне слабое, жыццё цяжкае. Вось і туберкулёз. Тады многія хварэлі,— тлумачыць Любоў Анатольеўна.
Потым было працяглае лячэнне ў Крыме, Грузіі. Са сваёй будучай жонкай Анатоль пазнаёміўся ў шпіталі. Яна была медыцынскай сястрой. Хутка пажаніліся.
—Выжыць тату дапамаглі мамін клопат і пеніцылін, які тады толькі-толькі пачалі ўжываць у лячэнні,— расказвае Любоў Анатольеўна.— Тры ўколы зрабілі — і ён пайшоў на папраўку…
Жанчыне ёсць што расказаць пра багатае падзеямі, сустрэчамі і ўражаннямі ад іх жыццё бацькі. Але наша размова зноў і зноў вяртаецца да фотаздымкаў.
—Іх у нашым доме заўсёды было шмат,— успамінае дачка.—Часам я нават злавалася. А тата абураўся: як ты не разумееш,— гэта ж памяць!
Тут можна было б і паставіць у артыкуле кропку. Калі б не адна акалічнасць, якая тычыцца перш за ўсё супрацоўнікаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Фотаздымкі Анатоля Ганчарова могуць быць цікавымі не толькі яго родным, але і іншым жыхарам Пружан і Пружанскага раёна. Паверце на слова. Сама Любоў Анатольеўна не супраць прадаставіць іх для арганізацыі ў музеі выставы ці экспазіцыі. Вядома, трэба будзе нямала папрацаваць, каб іх разабраць і неяк сістэматызаваць. Але справа таго вартая. Гэта была б добрая памяць пра добрага чалавека.
Ганна Хадаровіч.