22 жніўня прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі спецкамендатуры
Побач з райцэнтрам знаходзіцца папраўчая ўстанова адкрытага тыпу. Безумоўна, такое суседства не ўсім падабаецца, але і сумненняў у неабходнасці існавання спецкамендатур няма. Як расказвае начальнік ПУАТ №7 Ю.М.Бакаеў, сёння тут адбываюць пакаранне тыя, хто ўчыніў правапарушэнні, не нанес вялікі ўрон грамадству. Гэта асобы, якія ўчынілі дробныя крадзяжы, хуліганствы, працяглы час не плацілі аліменты або сталі віноўнікамі дарожна-транспартных здарэнняў.
Усяго 102 чалавекі, якія павінны кампенсаваць нанесены дзяржаве і людзям урон.
— Мы праводзім з імі выхаваўчую работу, абавязкова накіроўваем на работу на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна,— расказвае Юрый Мікалаевіч. — Для чаго шчыльна супрацоўнічаем з аддзелам занятасці. У нас ёсць і ўласная «дошка вакансій», якая пастаянна абнаўляецца.
Безумоўна, спецкамендатура не падобна на лагер адпачынку. Пра тое, што тут адбываюць пакаранні па прыгаворы суда, нагадваюць жалезныя краты, строгі распарадак дня і супрацоўнікі ў міліцэйскай форме. Хаця ўсё-такі знаходзяцца такія асуджаныя, якім гэта падаецца гульнёй, і яны зноў учыняюць злачынствы. Як расказвае Юрый Бакаеў, нядаўна адзін з іх падапечных напаў на жанчыну, забраў залаты ланцужок. Адбываць пакаранне за рабаў-ніцтва ён, згодна з прыгаворам суда, будзе ўжо ў месцах пазбаўлення волі.
Але падобныя выпадкі ўсё ж адзінкавыя, намнога больш гісторый пра тое, як людзі, адбыўшыя пакаранне, набываюць жыццёвы вопыт, бяруцца за розум. Ёсць выпадкі, калі асуджаныя знаходзілі на Пружаншчыне свае палавінкі, стваралі сем’і, сталі паўнацэннымі членамі грамадства. У гаспадарках раёна працуюць тыя, хто некалі па дурасці спатыкнуўся, але вырашыў не паўтараць уласных памылак. Некаторыя сталі добрымі спецыялістамі, атрымалі сваё жыллё.
Важная і духоўная складаемая выхавання, за якую «адказвае» праваслаўны святар Ігар Мрыхін, які часта наведвае камендатуру, праводзіць гутаркі з асуджанымі. Для такіх сустрэч ва ўстанове створаны спецыяльны куток, падабрана літаратура.
— Часта сюды дастаўляюць тых, хто на волі злоўжываў спіртным, прапіваў не толькі свае рэчы, але і жытло, гаворыць Юрый Мікалаевіч. — З дапамогай айца Ігара шукаем ім цёплыя рэчы, гігіенічныя прыналежнасці.
Сапраўды, многае залежыць і ад супрацоўнікаў папраўчай установы, якія павінны быць добрымі псіхолагамі і накіраваць сваіх падапечных на пра-вільны шлях. Зараз у ПУАТ №7 працуюць 11 чалавек, многія з міліцыянераў служаць тут шмат гадоў (вакантнай застаецца пасада начальніка атрада). Сярод прафесіяналаў начальнік вызначае старшага оперупаўнаважанага А.Б.Сапагова і старшага інспектара па спецуліку М.М.Дарагасціна.
На здымках:
1. На нарадзе ў кабінеце начальніка ПУАТ №7 Ю.М.Бакаева намеснік начальніка С.І.Лапука і старшы оперупаўнаважаны А.Б.Сапагоў.
2. У дзяжурцы змену нясуць ветэран установы памочнік начальніка аператыўна-дзяжурнай службы Ю.М.Амельянчук і міліцыянер-дзяжурны І.С.Лаўрыновіч.
3. Старшы інспектар па спецуліку М.М.Дарагасцін праводзіць прафілактычную гутарку з асуджаным.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).