Традыцыйна напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства па гарадах і вёсках Беларусі крочыць культурна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга». Дзіўна, што за 22 гады яна ніколі не завітвала ў Пружаны, але ўжо ў гэтым верасні наш горад прыме яе ўдзельнікаў.
Сёлета экспедыцыя з 2 па 6 верасня з галоўнага храма Беларусі – Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску, дзе захоўваецца Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, пройдзе праз Баранавіцкі раён і Баранавічы, Івацэвічы, аг. Першамайская і Малеч на Бярозаўшчыне, завітае ў Пружаны і далей крочыць у Гродзенскую вобласць — праз Свіслач, Вялікую Бераставіцу, Гродна, Верцялішкі, Скідзель трапіць у горад Шчучын, сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства.
Удзельнікі экспедыцыі прывозяць у гарады і вёскі лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, ад якога кожны можа запаліць сваю лампадку, закладваюць сады малітвы, моляцца і праводзяць гутаркі з насельніцтвам.
Намеснік старшыні экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі падчас арганізацыйнай нарады ў Пружанскім райвыканкаме засяродзіў увагу на тым, што акцыя не яўляецца выключна праваслаўнай: у многіх раёнах да яе актыўна далучаюцца і вернікі каталіцкай канфесіі. Наведванне святынь, агульныя малітвы, ушанаванне памяці загінуўшых воінаў, духоўныя гутаркі аб’ядноўваюць людзей, узрушваюць сэрцы.
Удзельнікі экспедыцыі, сярод якіх знакамітыя навукоўцы, артысты, пісьменнікі, выступаюць у школах, прытулках, бальніцах. Упэўнена, што ў нашым раёне гутаркі атрымаюцца вельмі змястоўнымі, бо ўдзельнікі экспедыцыі з захапленнем адгукаліся аб творчасці Міколы Купрэева, які шмат гадоў пражыў на Пружаншчыне, з павагай гучалі імёны Міхася Забэйды-Суміцкага, Рыгора Шырмы, Міколы Засіма, Станіслава Жукоўскага.
Калі вас цікавіць лёс беларускага пісьменства, гісторыя краіны і проста душэўныя размовы, напрыклад, з народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч ці галоўным рэдактарам дзіцячых выданняў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімірам Ліпскім, проста не плануйце ніякіх іншых спраў
на 3 і 4 верасня.
Кацярына Пашкевіч, фота Яўгена Пясецкага.
На здымках: экспедыцыі на маршруце; экспедыцыя на ўрачыстым набажэнстве асвячэння званоў (в.Сталовічы Баранавіцкі р-н); удзельнікі Экспедыцыі і вяскоўцы садзяць Сад малітвы; удзельнік экспедыцыі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар дзіцячых часопісаў “Вясёлка”, “Буся”, старшыня Беларускага дзіцячага фонда, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Уладзімір Ліпскі.