Дарога выпрабаванняў
У 1944-м, не дажыўшы нават да свайго 50-годдзя, памерла матушка Соф‘я Мацвееўна. А ў ліпені Дзмітровічы былі вызвалены ад фашыстаў. Здавалася б, з заканчэннем акупацыі адышлі жахі вайны, і варта чакаць, што жыццё зноў наладзіцца…
Праз год айцу Фаме прад‘явілі абвінавачванне па артыкуле 72-б Крымінальнага кодэкса БССР – “за прапаганду ці агітацыю, якая ўтрымлівае заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады, або да ўчынення асобных контррэвалюцыйных злачынстваў… з выкарыстаннем рэлігійных забабонаў мас…”
Прыгавор ваеннага трыбунала Брэсцкай вобласці быў жорсткім: сем гадоў пазбаўлення волі.
Доўгія гады зняволення былі напоўнены не толькі цяжкай працай, пастаяннай нястачай, але і ганьбой, запалохваннем святара на “крымінальнай” зоне. Што дапамагло Фаме Лук‘янавічу прайсці праз выпрабаванні і не зламацца, застацца самім сабой? Шчырыя малітвы? Святы заступнік апостал Фама? Ці, можа, тыя пасылкі, што атрымліваў ён з галоднай пасляваеннай Камянеччыны ад сястры і дачок? Бульбяную таўканіцу яны змешвалі з мукой, прапускалі праз мясарубку і “чарвячкі” высушвалі. Атрымліваліся лёгкія па вазе і пажыўныя “чыпсы”, якія трэба яшчэ было ўмудрыцца пераслаць у мардоўскі лагер: пасылкі прымалі толькі ў паштовых работнікаў.
Усе хадайніцтвы родных аб памілаванні адхіляліся. І нават пазней, калі айцец Фама вярнуўся са зняволення і пачаў дабівацца рэабілітацыі, зняцця судзімасці, просьбы аб гэтым так і не былі задаволены.
У жніўні 1952 года, пасля адбыцця тэрміну пакарання Фама Клюка атрымаў прыход у Пружанскім раёне — у вёсцы Руднікі. Два гады працаваў тут, а з 1954-га стаў настаяцелем Крыжаўзвіжанскай царквы ў Аранчыцах і паралельна акармляў прыход філіяльнай Свята-Пакроўскай царквы ў Гарадзечне.

Падобна, што перажытае павінна было пакінуць свой адбітак не толькі на здароўі фізічным (яшчэ перад Першай сусветнай вайной Фаму Лук‘янавіча не прынялі на гімнастычныя курсы з-за кволасці, з калоніі ж ён вярнуўся поўным інвалідам), але і на душэўным стане. Аднак протаіерэй не зламаўся, не азлобіўся. Наадварот, выпрабаванні нібыта ўзмацнілі яго. Угледзьцеся ў фотаздымкі гэтага перыяду: позірк нібы напоўнены ўнутраным святлом, вочы свецяцца спакоем, мудрасцю і дабрынёй. Сіла духу, памножаная на моц веры.
Дарэчы, звярніце ўвагу на протаіерэйскі крыж на грудзях. На першы погляд ён такі ж, як і ў іншых святароў. Але ў гэтага крыжа – свая гісторыя. У калоніі яго выразаў з дрэва ўмелец — таксама зняволены. Айцец Фама аплаціў работу лагернай «валютай» — хлебнай пайкай. Са сваёй рэліквіяй ён не расставаўся ніколі. З гэтым крыжам яго ў свой час і пахавалі.
Значная частка служыцеляў цэркваў адразу пасля вайны ці крыху пазней апынуліся ў “месцах не вельмі аддаленых”. Сярод іх — і тыя, хто ў розныя перыяды жыцця і духоўнага служэння быў звязаны з Пружаншчынай: Фама Клюка, Ігар Балабушэвіч, Сергій Зенчык, Канстанцін Шашко, Сімяон Костка, Мікалай Гурыновіч, Піліп Рубан… Прычым, зняволенне не азначала, што яны сапраўды падтрымлівалі фашысцкі рэжым.
Яшчэ калі пісала артыкул пра дынастыю святароў Пілінкевічаў, імкнулася зразумець, чаму айца Уладзіміра, які падчас акупацыі нават ездзіў у складзе дэлегацыі віншаваць з юбілеем рэйхсмаршала Герынга, мінавала чаша сія. Ці іншы прыклад: Пётр Самайловіч, што на здымку 1943 года сядзіць побач з маёрам Хербстам, пасля вайны шмат гадоў служыў на Камянеччыне. Не знаходжу больш лагічнага тлумачэння, што справа – у даносах. Або іх адсутнасці. На айца Фаму нехта данос напісаў. У айца Уладзіміра і айца Пятра такіх нядобразычліўцаў, на іх шчасце, не знайшлося.
**
Аповеды матушкі Зоі ўстрывожылі душу. Захацелася на свае вочы пабачыць месца, дзе адбыўся цуд, прайсці па сцежцы, якой некалі крочыў айцец Фама.
У чым праблема? Гэта ж не ў далёкі свет выбрацца.
Якія цудоўныя, благадатныя аказаліся ў Ражкоўцы мясціны. Насычанае пушчанскімі водарамі паветра нават у перадзімовую слоту было гаючым. І цішыня вакол — проста неверагодная, спрадвечная. Хаця, канешне, сёння любая беларуская аддаленая вёска не вельмі шуміць — няма каму.

Іерэй Ігар Пяркоўскі, сённяшні настаяцель Ражкоўскай царквы, расказвае і паказвае. Месца расстрэльнага рова пазначана памятнымі крыжамі: адзін паставілі яшчэ калі засыпалі яміну, другі ў 2008 годзе прывезлі з Санкт-Пецярбурга. Нядаўна адрамантаваная царква колерам спаборнічае з сінню нябёсаў. У час ганенняў храм не разбурылі толькі таму, што побач знаходзіцца брацкая магіла партызан-каўпакаўцаў, загінуўшых у сакавіку 1944 года.
Заходзім унутр. На ганаровым месцы перад салеяй — разная выява Божай Маці 1943 года. З патаемнай усмешкай на вуснах, яна здаецца зусім рэальнай, жывой і цёплай. Сіметрычна з ёй устаноўлены другі абраз — «Ражкоўская выратавальніца», намаляваны ўжо ў строга кананічным стылі іканапісцамі Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу ў 2008 годзе. У гэты час, дарэчы, храм быў асвечаны ў гонар Ражкоўскай іконы Божай Маці.

Нешматлікія прыхаджане — жыхары апусцелай вёскі разам са святаром шмат робяць па захаванні памяці (на жаль, у атэістычныя часы людзі не цікавіліся падобнымі цудамі, а цяпер не засталося непасрэдных удзельнікаў страшных падзей, таму часам проста немагчыма вызначыць тонкую мяжу паміж рэальнасцю і міфам). І па-ранейшаму штогод 28 верасня тут святкуюць дзень цудоўнага выратавання.
Дарэчы, аб цудоўным. У паўзмроку храма я дастала фотаапарат і цяжка ўздыхнула: нізкае лістападаўскае сонца больш адкідвае ценяў, чым нешта асвятляе. Але нечакана яркі прамень зазірнуў у акенца за іканастасам — і завеса на царскіх варотах радасна заззяла чырвоным і залатым. Нібы Божая Маці ўсміхнулася: «Здымай ужо»…
Дарога памяці
Вернікаў у прыходах Пружаншчыны меншала. І не толькі з-за наладжанай “па ўсіх франтах” атэістычнай прапагандысцкай работы: урадам краіны прымаліся ўсё новыя дакументы, накіраваныя на абмежаванне дзейнасці царквы.
Найцяжэй было ў перыяд з 1958 па 1964 гады — яго звычайна называюць “Хрушчоўскімі ганеннямі на рэлігію”, але існуе больш трапны выраз: “Хрушчоўскі шабаш”. Забаранілі праводзіць хрэсныя хады, акрамя Велікодных, адхілілі настаяцеляў ад гаспадарчага кіравання прыходамі — адказнымі за фінансавую дысцыпліну сталі царкоўныя старасты, абавязалі весці строгі пашпартны ўлік усіх, хто ўдзельнічае ў царкоўных трэбах – хрышчэннях, вянчаннях, адпяваннях.
Прымаліся меры па недапушчэнні юнакоў да паступлення ў духоўныя навучальныя ўстановы. Як вынік, Мінская духоўная семінарыя, размешчаная ў Жыровіцкім манастыры (афіцыйна яна не зачынялася), ціха сканала ў 1963 годзе з-за адсутнасці абітурыентаў.
Масава зачыняліся цэрквы.
У пасляваенны перыяд на тэрыторыі Пружаншчыны былі зачынены два дзясяткі цэркваў. Асноўная маса – зняты з уліку ў 1961-1963 гадах, згодна з рашэннямі Савета па справах РПЦ пры Савеце Міністраў СССР.
Мураўская, Засімавіцкая, Котранская, Гарадзечненская, Мокраўская, Шэйпіцкая, Зельзінская, Смаляніцкая, Куплінская, Дабучынская, Хараўская, Варанілавіцкая, Бакунская…
Збіраць стосы папер, каб абгрунтаваць неабходнасць закрыцця, у гэты час не патрабавалася. Вось, напрыклад, такі ўзор дакумента: “Настаяцелю Пружанскага сабора. Гэтым даводжу да Вашага ведама тое, што, згодна з вуснай заявай Брэсцкага ўпаўнаважанага па справах Царквы, знята з уліку дзеючых царква на могілках у г.Пружаны. (Паведамленне айца аблсакратара ад 12 чэрвеня 1961 г. за №52). Ружанскі благачынны І.Наўродскі, 1 ліпеня 1961 г. №58/а”.
Аранчыцам у гэтым плане пашанцавала: храм працягваў сваё існаванне. Але і ён пакрыху старэў, трухлеў. На рамонт не хапала ні грошай, ні будматэрыялаў. Напрыклад, патрэбна была бляха. Дзе ўзяць, калі нават для будаўніцтва прыватнага жылля матэрыялы прадавалі па спецыяльных даведках?
Айцец Фама знайшоў выйсце: купіў у сельмагу ацынкаваныя бляшаныя начоўкі для мыцця бялізны, іх раскляпалі і адрамантавалі шыйку купала. Але тут жа на яго паляцела скарга: маўляў, святар дэфіцытныя тавары народнага ўжытку выкарыстоўвае для культавых патрэб. І не адмовішся, бачны на метале хвалістыя палоскі, якімі тыя начоўкі ўпрыгожвалі.
Атрымаў загад: усё зрабіць “як было” і прадаставіць даведку з магазіна, што начоўкі здадзены назад. Гэта зараз сітуацыя здаецца смешнай, а тады…
Дзяўчаты-прадаўцы пайшлі насустрач, даведку патрэбную проста так напісалі. А бляху на купале зашылі дошкамі, каб не бачна была. Напэўна, і зараз тая бляха там, наверсе.
Па крайняй меры, атрымалася дабротна. Не тое, што ў Пружанскім саборы. Тут калі ўзяліся ў 1984-м чарговы раз рамантаваць дах і купал, аказалася, што папярэднія «майстры» пазатыкалі дзіркі анучамі і пакрылі тоўстым слоем фарбы. Не дзіва, што праз некаторы час зверху пацякло.

Протаіерэй Фама Клюка быў сумленным пастырам і старанным гаспадаром старажытнага храма да самага канца. Ён выйшаў на пенсію напрыканцы 1961-га і пражыў пасля гэтага зусім няшмат: 4 чэрвеня 1962 года святара не стала. На яго сціплым помніку на Аранчыцкіх могілках у якасці эпітафіі ўзята цытата з Евангелля: «Аз есмь пастырь добрый, пастырь добрый душу свою полагает за овцы своя».

***
За акном рассыпаў зоркі позні вечар, астывае кава ў кубках, і чайнік каторы раз зноў пачынае спяваць сваю песню. Сорамна крыху, што прымушаю сталую жанчыну вяртацца да цяжкіх успамінаў, але яна расказвае цяпер ужо пра сябе. Як на працу пасля вайны «папоўне» ўладкавацца немагчыма было. Як замуж за святара ісці не хацела, каб не наканаваць такі ж лёс сваім дзецям, але «хто ж мяне іншы ўзяў бы з такой біяграфіяй»? Пра мужа-нябожчыка протаіерэя Уладзіміра Мяшкова… Аповяды з паралельнага свету савецкай эпохі.
Пасля гэтай размовы я дастала з рэдакцыйнага архіву падшыўку раённай газеты “Зара камунізму” за 1962 год. Навіны з палёў і ферм. Заметкі пра работу педагогаў, бібліятэкараў, медыкаў. Рэпартажы пра новабудоўлі. А вось фельетон аб хулігане — дзячку Сухопальскай царквы. Выводзіцца мараль: толькі той, хто не хоча працаваць, ідзе вучыцца ў семінарыю. Разважанні жыхара Пружан: чаму ён перастаў верыць у Бога. Далей тлумачэнне навукоўца, што няпраўда ў Святым Пісанні…
Фотоздымак жанчыны з дзяўчынкай на руках – прыкладна маёй равесніцай, з подпісам: як пашанцавала малой, яна будзе жыць пры камунізме. Так, сапраўды, прынятая ў гэты час Праграма КПСС абяцала, што да 1980 года краіна пабудуе камунізм…
Пасмяемся? Мне нешта не вельмі хочацца. Я ж расла і выхоўвалася ў гэтую эпоху, пры гэтых абяцаннях. І яны — хай ненадоўга, але амаль спраўдзіліся: краіна Саветаў хуткімі тэмпамі паляпшала дабрабыт народа, клапацілася аб дзецях, моладзі, старых, хворых.
Але шлях у лепшую будучыню раптам завёў у тупік: аказалася, што немагчыма дбаць пра рай на зямлі, не паклапаціўшыся аб царстве нябесным — душы і веры. І нават «Маральны кодэкс будаўніка камунізму», якім паімкнуліся замяніць 10 запаведзяў Гасподніх, не дапамог нашаму духоўнаму выхаванню.
Напэўна, у нечым і маё пакаленне вінавата ў тым, што, атрымаўшы важкі кавалак сацыяльных, без малага камуністычных даброт, не здолела перадаць яго дзецям і ўнукам. Цяпер імкнёмся зірнуць у неба, замаліць свае грахі, але лозунг дзяцінства, усмактаны з малаком маці: “Без Бога светлая дарога”, – цягне назад на зямлю…
Ірына СЯДОВА.