ААТ «Шані-аграпрадукт» з поўным правам можна аднесці да ліку лепшых гаспадарак раённага аграпрамысловага комплексу: яно трывала трымаецца на нагах, поўнасцю задавальняючы свае патрэбы за кошт заробленага. Што вельмі ярка бачна менавіта на прыкладзе вынікаў бягучага года.
Для акцыянернага таварыства летняя засуха, калі амаль два месяцы запар не было дажджоў, прынесла нямала выпрабаванняў.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства В.П.Ганчароў кажа:
— Строгае выкананне патрабаванняў агратэхнікі: сяўба ў аптымальныя тэрміны, правільнае выкарыстанне хімічных і арганічных угнаенняў, аператыўная ўборка, — даюць адпаведны вынік. І хаця крыху саступілі з мінулагодніх пазіцый па збожжы, упушчанае навярсталі на іншых культурах. Парадавалі цукровыя буракі, якіх сабралі амаль 12 тысяч тон. Своечасова пасеялі азімыя культуры, не забыліся пра пасевы для вітамінізацыі рацыёну жывёлы пасля зімоўкі. Зараз уносіцца арганіка пад будучы ўраджай, ідзе ўздым зябліва, што заканчвае сезон аграрных работ.
Па ўраджайнасці збожжавых сёлета саступілі толькі адзін цэнтнер з гектара, што адбілася і на валавым зборы — крыху больш за восем тысяч тон замест леташніх амаль дзевяці тысяч. А вось на рапсе, наадварот, паставілі новы рэкорд — ураджайнасць склала 30,4 ц/га, што больш мінулагодняга паказчыка. Гэта падчас зімоўкі стане выдатнай крыніцай бялку для буйной рагатай жывёлы.
Асноўны галаўны боль зараз выклікае ўтрыманне жывёлы, для якой гаспадарка літаральна па травінцы збірала кармы, абкошваліся няўдобіцы, якія раней заставаліся па-за ўвагай. Нягледзячы на ўсе намаганні, на жаль, недабралі трэць кармоў да ўзроўню мінулага года. І хаця ад леташняй зімоўкі кармы засталіся, відавочна, што ўсім службам давядзецца да наступнага сезона праяўляць вынаходлівасць. Напрыклад, частку не хапаючага можна замяніць саломай. Ёсць і іншыя задумкі па збалансаванасці рацыёну рагуль з улікам сёлетняга росту пагалоўя на амаль 400 кароў.
ААТ «Шані-аграпрадукт» узяты курс на павелічэнне валавога надою малака. Упэўненасці надаюць меры па рэканструкцыі жывёлагадоўчых комплексаў. Сёлета сучаснае і высокатэхналагічнае абсталяванне паставілі ў даільную залу ў Шанях, узводзіцца будынак для маладняку. Рэканструявалі фермы ў Чахцы і Шубічах. Прычым да вырашэння такіх пытанняў кіраўніцтва гаспадаркі падыходзіла па-гаспадарску: работы выконваліся сваімі кадрамі, што не толькі эканоміла грошы, але і давала работнікам ААТ дадатковую магчымасць зарабіць.
Такі гаспадарскі падыход і ў іншых галінах. Напрыклад, былі падлічаны выдаткі таварыства на захоўванне збожжа ў сховішчах, раскіданых па розных месцах. У выніку атрымалася, што выгадней пабудаваць адно вялікае памяшканне, што дазволіць выключыць транспартныя выдаткі, затраты на абслугоўваючы персанал і ахоўныя мерапрыемствы. І сёлета рэалізавалі задуманае: паблізу ад Шанёў узведзена сховішча на тры тысячы тон.
Па-гаспадарску ставяцца і да самой зямлі, уводзячы ў севазварот участкі, якія зараслі хмызняком і не выкарыстоўваліся. Потым звярнулі ўвагу на пустуючыя аб’екты: частку з іх рэканструявалі, а некаторыя проста разабралі на будаўнічыя матэрыялы для іншых будоўляў, у тым ліку на ўзвядзенні гаспадарчым спосабам жылога фонду: сёлета ўваходзіны справілі тры сям’і работнікаў ААТ «Шані-аграпрадукт». Такая палітыка таксама прыносіць свой плён: зараз гаспадарка не адчувае недахопу ў спецыялістах.
*
Хаця ферма ў в.Шубічы не падобна на сучасныя комплексы, вынікі работы яе калектыву радуюць: сёлетні прырост надояў склаў звыш 25%, а гэта амаль 6 тысяч кілаграмаў малака на карову. Прычым зараз 40% ад усяго аб’ёму атрыманага малака прыходзіцца на гатунак «экстра».
На здымку: (справа налева) загадчыца фермы Н.А.Савіч, аператары машыннага даення А.А.Трайбер, С.П.Ліцкевіч і В.І.Бабрук.
*
Сёлета ААТ «Шані-аграпрадукт» папоўніла аўтамабільны і трактарны паркі пяццю новымі «МАЗамі», чатырма трактарамі «МТЗ-80», шэрагам іншых агрэгатаў. Набыта неабходнае навясное абсталяванне.
Новая тэхніка даручаецца самым адказным спецыялістам, сярод якіх і вадзіцель А.А.Рыбачок. Дзякуючы гэтаму сёлета гаспадарка не наймала транспарт у пабочных арганізацый і зарабіла на гэтым 900 млн рублёў.
Эканомілі не толькі на гэтым.
На падрыхтоўку тэхнікі да работы ідзе не толькі шмат часу, але і грошай. У ААТ «Шані-аграпрадукт» падлічылі выдаткі і… адкрылі ўласны цэх па рамонце і мантажу буйнагабарытных шын, пункт па вырабе і рамонце рукавоў высокага ціску, абсталявалі належным чынам такарную майстэрню і набылі апарат для запраўкі кандыцыянераў, добраўпарадкавалі пункт для захоўвання і абслугоўвання акумулятараў і ўласнаручна сталі рамантаваць рухавікі.
На здымках: «токарам ад Бога» называюць у гаспадарцы А.В.Гаўрыша ; дабрабыт таварыства трымаецца на энергіі маладых спецыялістаў — інжынер рамонтнай майстэрні А.М.Ліцкевіч, інжынер па сельгасмашынах П.М.Рыбачок і інжынер па трактарах А.А.Рыбачок; галоўны заатэхнік гаспадаркі Р.І.Сцепаненка.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).