Свята для сваіх юных наведвальнікаў арганізавала кафэ «Кіт», якое знаходзіцца ў Водным палацы. У мінулую нядзелю тут усё адпавядала патрэбам дзятвы: мноства салодкага ў меню, а галоўнае — святочная праграма. Больш чым дзве гадзіны дзеці весяліліся, гулялі і танцавалі разам з катом Матроскіным з Прастаквашына. Многія знайшлі сабе новых сяброў. Сярод якіх, хочацца верыць, будуць і выхаванцы сацыяльнага прытулку — па запрашэнні гаспадыні кафэ Ірыны Марозавай яны былі тут асаблівымі гасцямі.
Такія святы плануюць праводзіць у кафэ пастаянна. Гэта выдатная падстава для бацькоў правесці час са сваімі дзецьмі менавіта так, як патрэбна для малых. А яшчэ — магчымасць для ўсіх нас стаць крышачку дабрэйшымі і звярнуць увагу на тых, каму патрэбна міласэрнасць. Дзеткі з прытулку будуць у кафэ пастаяннымі гасцямі.
Кацярына Пашкевіч. Фота аўтара.