Пятница, 23 мая 2025

Концыки: деревня для двоих

2 528

— Концыкі — гэта ж ад слова «кончыкі». Проста той, хто даваў назву нашай вёсцы, напэўна, быў крыху шапялявым. Вунь там, за лесам, ужо Малеч, канец Пружанскага раёна, — папраўляе хустачку Марыя Фаустаўна. Аляксандр Уладзіміравіч, пацвярджаючы яе словы, паказвае рукой у бок загумення. Марыя Фаустаўна і Аляксандр Уладзіміравіч Петруковічы — маці і сын, адзіныя жыхары маленькай вёсачкі… Восень пафарбавала вёску ў ружова-залацісты колер. І за гэтай прыгажосцю нават можна не заўважыць павалены зруб адной хаціны на ўскрайку, забітыя вокны і высокі травастой у другім двары… Быццам насуперак такому заняпаду, дом Петруковічаў увесь патанае ў квецені. Яркія вяргіні буйна цвітуць ад веснічак да самага хлява. Ад іх прасторны дом здаецца яшчэ больш прыгожым і светлым. У двары і агародзе — ні зялінкі. Такія ж чысціня і парадак і ў самім доме: квяцістыя занавесачкі, стол з абурсам, дыванкі і саматканыя ходнікі на падлозе.

— У нас няма каму смяціць,— таму і чыста,— удакладняе на гэты конт бабуля Марыя.

Ужо тры гады, як яны жывуць тут удвух з сынам. Муж памёр. Дачка з сям’ёю атабарылася ў Пружанах…

Сама Марыя Фаустаўна родам з Занявіч. Пераехалі сюды з Уладзімірам Мікалаевічам — у маленькую хатку. Калі нарадзіліся дзеці, вырашылі будавацца. Муж працаваў на пілараме і меў здатныя да сталярнай работы рукі, не адзін дом пабудаваў і ў Концыках, і ў суседніх вёсках.

— Тут кожная дошчачка ім аблюбавана,— гладзіць па сцяне бабуля Марыя.

Рукі яе шурпатыя, пазначаныя нялёгкай сялянскай працай. Марыя Фаустаўна больш чым 20 гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўлі.

— 30 бычкоў было ў групе,— успамінае бабуля,— а работа ўся ручная: і гной выбраць, і кармы разнесці. Было што і плакала, і звальнялася. Але зноў выходзіла на ферму. Куды дзецца?

Ды не толькі адна Марыя Фаустаўна, амаль усе жанчыны з Концыкаў працавалі на мясцовай ферме. Таццяна і Алена Мацкевічы, Марыя Кавальчук, Таццяна Ярась, Ганна Панасенка…

— Добрыя былі, працавітыя людзі, — цёпла характарызуе іх бабуля Марыя.— Па трое-чацвёра дзяцей мелі. На жаль, ужо ўсе мае сяброўкі пайшлі з жыцця. Дзеці іх раз’-ехаліся па сваіх гнёздах і прыязджаюць цяпер у Концыкі вельмі рэдка. Калі мне становіцца зусім сумна і адзінока, то іду на могілкі. Там цяпер уся наша вёска.

Разам з маці — заўсёды Аляксандр. Хіба важна, хто каго падтрымлівае: маці сына-інваліда па зроку ці сын сваю састарэлую маці? Жывуць дружна, на лёс не скардзяцца.

— Я ўжо прывыкла да гэтага спакою і цішыні,— кажа Марыя Фаустаўна.— У Бакунах здзіўляюцца: «Як ты, Маня, маешся?». Нават прапануюць пераехаць, дом абяцаюць даць. Які дом? Нам і тут добра!

Удвух з Аляксандрам яны трымаюць немалую гаспадарку: дзве свінкі, парасяткі, куры. Сын ва ўсім дапамагае.

— Сам парнік зварыць, бульбу стаўчэ і занясе жывёле,— працягвае свой аповед бабуля, крыху прыцішыўшы правадное радыё.

З перыядычных выданняў паштальён рэгулярна дастаўляе Петруковічам газету «Советская Белоруссия». Яшчэ, як сувязь з навакольным светам, па пятніцах у вёску прыязджае аўталаўка. Тут можна купіць усё, што найбольш трэба: і малако, і каўбасу, і алей. У Бакунах Петруковічы садзяць 14 сотак бульбы. Але кожны раз узнікаюць складанасці з дастаўкай ураджаю.

— Добра, што пастух з намі сябруе, ён і дапамагае ў гэтым,— прызнаецца Марыя Фаустаўна.

Яна атрымлівае больш чым 900 тысяч рублёў пенсіі і, як усе бабулі, па меры магчымасці стараецца  дапамагчы і любімай унучцы-студэнтцы. Вось і тыя 500 тысяч, якія атрымалі ўдвух з сынам «на пакупку агародніны», таксама перададзены ў сталіцу ёй на падтрымку.

З вуснаў Марыі Фаустаўны не прагучала ніводнай скаргі. Невысокага росту жанчына з пяшчотным поглядам светлых, усмешлівых вачэй не выглядае прыніжаным нялёгкай працай і рознымі жыццёвымі клопатамі чалавекам. І, здаецца, бабулі зусім не ў цяжар яе 82 гады.

— Мой тата памёр на 92-ім годзе жыцця. Напэўна, і мне тое ж наканавана,— смяецца яна з гэтай нагоды.

З такім жа смехам і прыгаворкамі расказвала бабуля і пра тое, як нядаўна ехала на веласіпедзе па хлеб у Бакуны («Дзе ехала, дзе ішла пешкі, бо дарога не ўсюды добрая») і сустрэла лася («Вялізны, бясхвосты! Ажно страшна стала!»). Як па вуліцы іх Концыкаў ходзяць казулькі і ніякага ратунку няма ад лісаў і куніц…

— Курачак немагчыма выпусціць з хлява. Было 13, засталося толькі шэсць,— гаравала Марыя Фаустаўна.— Вядома, усё вакол пазарастала, вось і разводзіцца дзікая жыўнасць.

Мы выходзім у двор,
каб яшчэ раз палюбавацца прыгожымі вяргінямі, якія і летам, і ў сёлетнюю сухую восень не забывала паліваць увішная бабуля. А Саша падводзіць нас у двор да вялізнага старога вяза. Ужо не першы год ён не дае ім спакойна спаць. Пустацелае дрэва рыпіць ад найменшага парыву ветру і можа ў любую мінуту ўпасці на дом, як было сем гадоў таму ў суседніх Мікалаевічах. А для таго, каб як найхутчэй яго спілаваць, у Ліноўскага сельвыканкама няма грошай…

Восень прыбрала вёску ў пазалоту. І толькі, быццам напамін людзям аб тым, што ўсё канчаецца, чарнела на суседскім хляве зарослая зеллем буслянка. На ёй ужо даўно не селяцца буслы.

Ганна Хадаровіч,

Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *