Па-сапраўднаму ярка, цікава і весела было на гарадской плошчы горада ў мінулую нядзелю.
Тут праходзіла свята, прымеркаванае да Дня моладзі, якое ўжо стала традыцыйным.
Старт святочным мерапрыемствам даў конкурс харэаграфічнага мастацтва “Магія танца”. На сцэну адзін за другім выходзілі танцавальныя калектывы не толькі з Пружанскага, але і з Ваўкавыскага, Кобрынскага, Камянецкага, Бярозаўскага раёнаў і нават з польскай Гайнаўкі. Выступленні танцораў чаргаваліся спевамі салістаў Пружанскага Палаца культуры.
Аб прафесіяналізме і адданасці танцавальнаму майстэрству ўдзельнікаў “Магіі танца” сведчаць вынікі. Так, у намінацыі “Вулічны танец” лепшым быў прызнаны калектыў “Брэйк-хаос” Ліноўскага СДК (кіраўнік Віталь Хільковіч). Перамогу ў намінацыі “Сучасны танец” атрымаў танцавальны калектыў “Карамелька” Ваўкавыскага ГДК пад кіраўніцтвам Ірыны Грымайла. Першыя месцы ў выкананні эстраднага танца былі прысуджаны адразу двум танцавальным калектывам — “Гарачы лёд” Ваўкавыскага ГДК і ўзорнаму ансамблю танца “Капрыз” Камянецкага ГДК. Што тычыцца намінацыі “Народны танец”, то тут не было роўных гасцям з Польшчы – удзельнікам ансамбля народнага танца Гайнаўскага Дома культуры (кіраўнік Вольга Вілюк).
Дарэчы, ніводзін з танцавальных калектываў не застаўся без узнагароды. Старшыня журы, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Панімаш, уручыўшы граматы ўдзельнікам конкурсу, павіншаваў усіх прысутных са святам і пажадаў прыемнага адпачынку і яркіх уражанняў ад наступных мерапрыемстваў.
І хутка многія пружанцы сапраўды ў гэтым пераканаліся, калі прыйшоў час выступлення маладзёжнага атрада правапарадку “Беркут”. Сваё майстэрства хлопцы гэтага падраздзялення дэманстравалі не раз. Не менш цікавую праграму падрыхтавалі яны і зараз.
Варта адзначыць, што добраму настрою пружанцаў спрыяла не толькі надвор’е, якое выдалася ў гэты дзень проста цудоўным, але і работа шматлікіх атракцыёнаў. Дзеці каталіся на машынках, куплялі паветраныя шары, салодкую вату і папкорн, скакалі на батуце. Таксама можна было пагуляць у дартс, праверыць свае сілы ў падыманні гіры, а трапнасць – у стральбе ў ціры. Шмат было жадаючых упрыгожыць свае твары цудоўнымі малюнкамі ад Марыі Кулецкай.
А тым часам, пакуль на сцэне праходзіў розыгрыш падарункаў ад кампаніі “Faberlic” і цырульні “Мулен Руж”, на плошчы ўжо збіраліся ўдзельнікі міні-байк-мотаклуба «Пассика» з Брэста, з якімі кожны жадаючы мог сфатаграфавацца.
На сцэне выступалі рок-групы і эстрадныя студыі, якіх гледачы сустракалі шквалам апладысментаў. Аднак, калі меркаваць па рэакцыі публікі, найбольшую цікавасць пружанцы праявілі да выступлення групы “7 мінут жыцця” з Гродна.
Сапраўдным упрыгожаннем свята стала феерычнае фаер-шоу, пасля якога ўсе жадаючыя былі запрошаны на святочную дыскатэку ў Палацы культуры. Добры настрой тут стварала выдатная музыка, а таксама мінскі DJ Mike Wonder, таму моладзь танцавала і весялілася да позняй ночы.
Уладзіслаў Шпарла.