У Брэсце прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на саісканне прэміі аблвыканкама ў вобласці якасці. Дыпломам за актыўную работу, праводзімую па павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі, быў адзначаны камбінат кааператыўнай прамысловасці.
Падвядзенне вынікаў грунтавалася на тых звестках, якія збіралі розныя комплексныя праверкі вытворчых аб’ектаў на працягу ўсяго 2014 года. Як расказвае дырэктар філіяла райспажыўтаварыства «ККП» П.М.Феранец, ацэньваліся выкананне гігіенічных норм пры выпуску прадукцыі, асартымент, рынкі збыту і, безумоўна, якасць. Значную дапамогу ў гэтым плане аказалі спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія дапамаглі аператыўна ліквідаваць незаўважаныя пралікі.
Між тым, такая адзнака ўспрынята калектывам як адна з найбольш важкіх перамог, якіх у актыве прадпрыемства нямала.
— Гэта дасягненне кожнага работніка, ацэнка як яго асобнай працы, так і ўсіх штодзённых і карпатлівых намаганняў персаналу нашага камбіната,— адзначае Павел Мікалаевіч.— Таксама дыплом якасці — яшчэ і падстава спадзявацца, што наша прадукцыя будзе запатрабавана пакупнікамі, знойдзе сваё месца на прылаўках магазінаў.
На здымку: разам з дырэктарам філіяла П.М.Феранцом узнагароду дэманструюць начальнік лабараторыі А.В.Якутчык і вядучы інжынер па якасці С.А.Бушко.
Алег Сідарэнка.