На базе ДЮСШ №1 прайшоў прадстаўнічы турнір па міні-футболе з удзелам шасці каманд хлопчыкаў 2004 года нараджэння.
Тры дні на пляцоўцы са штучным пакрыццём кіпелі футбольныя баталіі. Да юных пружанскіх футбалістаў ДЮСШ №1 прыехалі памерацца сіламі равеснікі з Барысава, Брэста, Гродна, Мінска і Кобрына.
Большасць гульняў прайшлі ў напружанай і захапляльнай барацьбе. На фінішы турніру аднолькавую колькаць ачкоў набралі адразу дзве каманды: «БАТЭ» (Барысаў) і «ЦАР» (Брэст), якія паміж сабой разышліся мірам — 3:3. Па дадатковых паказчыках пераможцамі сталі футбалісты з Барысава. Трэцяе месца дасталося камандзе «ДЮСШ» (Кобрын).
Пружанскія футбалісты атрымалі толькі адну перамогу. З лікам 1:0 яны нанеслі паражэннне «Юнацтву» з Мінска і ў выніку занялі пятае месца. Як патлумачыла трэнер Алена Адамчук, хлопчыкі, у адрозненне ад сваіх сапернікаў, трэніруюцца ўсяго толькі паўгода і ўсё ў іх яшчэ наперадзе.
Пераможца і прызёры турніру ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі. Індывідуальнымі прызамі адзначаны таксама лепшыя варатар і бамбардзір. Вызначаны лепшыя ігракі ў кожнай з каманд. У нашай ім стаў Максім Рубель.
На здымку: пружанская каманда гуляе з барысаўскім «БАТЭ».
Фота Сяргея Талашкевіча.