Гэтае лета ўвайшло ў гісторыю як самае спякотнае за ўвесь папярэдні перыяд метэаназіранняў у нашай мясцовасці. У сувязі з моцнай спёкай і засухай нават расліны пераблыталі поры года: другі раз зацвітаюць не толькі дэкаратыўныя расліны, але і пладовыя дрэвы. Напрыклад, на прысядзібным участку жыхара Пружан Аляксея Іванавіча Пекуна кветкі з‘явіліся на яблыні.
А ў вёсцы Лінова-II ва Уладзіміра Іванавіча Хрулькевіча — адразу на дзвюх. Гаспадар расказвае, што перацвіўшыя ў сезон дрэўцы скінулі лісце і завязі, але ён працягваў іх паліваць. 30 жніўня на яблынях з’явіліся кветкі… Як успамінае Уладзімір Іванавіч, нешта падобнае назіралася і дзесяць гадоў назад. У 2005 годзе, калі ён адзначаў пяцідзесяцігадовы юбілей, у садзе зацвіла вішня. І вось якраз да 60-годдзя — новы падарунак.
Але, як тлумачаць вучоныя, вялікага дзіва ў восеньскай квецені няма. Такое перыядычна здараецца ў прыродзе пасля засушлівага лета або працяглай цёплай восені. Прычым паўторна могуць цвісці не толькі яблыні і вішні, але і бэз, акацыя, каштан, рабіна.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).
На здымкУ: У.І. Хрулькевіч