Четверг, 19 июня 2025

Когда счастье в детях. История одной семьи

1 613

Спрадвеку на жанчыну ўскладзена місія  захавальніцы сямейнага ачага. Так  павялося, што менавіта жаночая палова чалавецтва адказвае за «гармон шчасця» ў сям’і. Цяпер хіба што памяняліся прыярытэты — у кожнай сучаснай жанчыны сваё бачанне сямейнага шчасця: для адной гэта ўзаемаразуменне, для другой — дастатак…_DSC1028

У Таццяны Глушко таксама ёсць свой сакрэт: шчасце іх сям’і — у дзецях.

Таццяна Глушко прызнаецца, што, збіраючыся замуж, як і большасць дзяўчат, нават не мела ўяўлення, якой будзе жонкай, мамай і гаспадыняй. Калі на вяселлі ёй, 19-гадовай дзяўчыне, задалі такое пытанне, сентыментальная Таццяна ад разгубленасці нават расплакалася. І толькі цяпер, стаўшы мамай чацвярых цудоўных дзетак, канчаткова зразумела, што для яе сямейнае шчасце.

А наогул Таццяна і Валянцін лічаць, што лёс сам іх знайшоў: пазнаёміліся яны, калі маладога ўраджэнца Пружан — салдата тэрміновай службы адправілі на сельгасработы ў вёску, дзе жыла дзяўчына.  Неўзабаве ўзялі шлюб.

Час прайшоў непрыкметна: сям’я вырасла  абзавялася ўласным дахам над галавой. І вось ужо старэйшая дачушка Віялета стала галоўнай памочніцай Таццяны: яна радуе поспехамі ў гімназіі і школе мастацтваў, паспявае пагуляць з сястрычкамі і брацікам, дапамагчы матулі на кухні. Блізняткі Паліна і Каця стараюцца быць падобнымі на сястру: дапамагаюць наводзіць парадак у доме і мараць хутчэй пайсці ў школу. Самы гарэзлівы — маленькі Косцік. Ён не дае засумаваць ні сястрычкам, ні бацькам і ўвогуле вельмі любіць прыцягваць да сябе ўвагу дарослых.

Амаль год таму здзейснілася яшчэ адна мара Глушкоў: яны перабраліся ў свой дом.

— Калі  пачыналі будаўніцтва, і не думалі, што ў нас будзе такая вялікая сям’я, — прызнаецца Таццяна. — У выніку не шкадуем, што пабудавалі вялікі, прасторны дом, у якім ёсць, дзе разгуляцца малым.

Цяпер, як правіла, танцы ў іх новым доме могуць раптам пераўтварыцца ў дыскатэку, а вясёлае сола — у дружны хор.

На здагадку, што сям’я аказалася шматдзетнай, напэўна, яшчэ і таму, што «шукала» сыночка, жанчына смяецца:

— Ды не, спецыяльна мэты не ставілі, так ужо атрымалася. Мая мама заўсёды любіла паўтараць: «Дзе двое, там і трое аднолькавыя».

Таццяна добра разумела сэнс гэтага выразу: сама расла ў шматдзетнай сям’і. Але дзяцей яны з Валянцінам любяць і песцяць аднолькава,  хаця тата больш часу ўдзяляе дзяўчынкам, а мама — сыну.

Яны стараюцца прытрымлівацца традыцый, якія складваліся яшчэ бацькамі: напрыклад, на вялікія царкоўныя святы такія, як Ражство і Вялікдзень, ездзяць да Таццянінай бабулі, дзе збіраецца ўся радня. Сваім жа дзецям прывіваюць звычку рабіць усё разам — працаваць, гуляць, адпачываць. Толькі так, лічыць Таццяна, можна выхаваць у дзецях лепшыя якасці: дабрыню, ласкавасць, таварыскасць, надзейнасць. А што для маці можа быць даражэй, чым выгадаваць дастойных людзей?

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *