Навадворцы — звычайная вёска, з аднаго боку да якой падступае лес, з другога — падыходзіць возера. Яе карэнны жыхар Сцяпан Барадоўскі быў першынцам у шматдзетнай сям’і Пятра Якімавіча і Марыі Ціханаўны. Ён і цяпер памятае межы сямейнага зямельнага надзелу ў некалькі гектараў, які існаваў «за польскім часам».
Калі грымнула Вялікая Айчынная вайна і ў вёсцы з’явіліся фашысты, Сцёпку ішоў восьмы год. Разам з акупацыяй прыйшло і гора ў сям’ю Барадоўскіх — ва ўзросце сямі месяцаў памерлі браты-блізняты.
— Калі на падворку з’яўляліся немцы, мы — малыя дзеці — тут жа хаваліся пад печ, — успамінае Сцяпан Пятровіч. — Дзякуй Богу, што вёску не спалілі, як гэта было з некаторымі суседнімі пасяленнямі.
У ліпені 1944 года прыйшло вызваленне. На фронт забралі бацьку. Якая радасць панавала ў сям’і Барадоўскіх, калі ён жывым вярнуўся з вайны! Але была яна зусім нядоўгай: Пётр Якімавіч моцна хварэў. Праз чатыры гады пасля вайны яго не стала.
Пасля Перамогі Сцяпан пайшоў вучыцца ў школу, якая размяшчалася ў суседнім Залессі. Тут хлопчык закончыў пяць класаў. Васьмігадовую адукацыю атрымаў ужо ў Рудніках.
Пасля смерці бацькі паўстала пытанне: як жыць далей? У гэты час у Рудніках і навакольных вёсках быў арганізаваны калгас «Савецкая Беларусь». У працоўнай кніжцы Сцяпана ў 1949 годзе з’явіўся першы запіс: прыняты на працу паляводам. Было хлопцу ў той час усяго толькі пятнаццаць гадоў. У далейшым давялося папрацаваць і конюхам, і пастухом.
Праз тры гады пасля працаўладкавання ў жыцці хлопца адбылася важная падзея: ён уступіў у шлюб з Вольгай, дзяўчынай з суседніх Руднікаў. Неўзабаве ў маладой сям’і на свет з’явілася дзяўчынка Аленка. А праз год Сцяпана прызвалі ў войска. Цэлыя тры гады ішлі лісты з далёкай Карэла-Фінскай АССР у беларускую вёску Навадворцы.
Ішоў час. У сям‘і нарадзіліся дачушкі Люба і Аліна. Сцяпан Пятровіч і Вольга Антонаўна пабудавалі новую хату. Вырасла яна прыкладна на месцы старой бацькоўскай.
У 1968 годзе Сцяпану Барадоўскаму даверылі ўзначаліць мясцовую паляводчую брыгаду, а потым некаторы час яшчэ працаваў памочнікам начальніка ўчастка. Каля дваццаці гадоў быў загадчыкам МТФ «Залессе», прычым апошнія пятнаццаць з іх ужо будучы на пенсіі. Ферма была вядомая сваімі надоямі ў раёне: у разліку на карову атрымлівалі за год звыш чатырох тысяч кілаграмаў малака. Вольга Антонаўна працавала цялятніцай.
Пайшоў на заслужаны адпачынак Сцяпан Барадоўскі толькі пяць гадоў таму, калі гаспадарка была ўжо ў складзе ААТ «Агра-Каля-дзічы». Працоўная дзейнасць ветэрана адзначана медалём «За працоўную доблесць» і граматамі.
Але і цяпер Сцяпан Пятровіч не сядзіць склаўшы рукі. З Вольгай Антонаўнай трымаюць на падворку кабылу, курэй. Засаджваюць кожную вясну агарод.
— Без кабылы мы, як без рук, — у адзін голас кажуць Барадоўскія.
Гледзячы на гэту пажылую сямейную пару, можна сказаць, што жыццё пражыта не дарма. Выгадавалі тры дачкі, маюць шэсць унукаў і восем праўнукаў.
Час імчыць вельмі хутка. Днямі Сцяпан Пятровіч адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Але гэта яшчэ даволі рухавы чалавек і цікавы субяседнік. Доўгіх гадоў жыцця Вам, паважаны ветэран!
На здымку: Вольга Антонаўна і Сцяпан Пятровіч Барадоўскія на падворку роднага дома.
Мікола Архуцік, фота аўтара.
