Быць настаўнікам цяпер складана і адказна, але ў той жа час, на мой погляд, ганарова. Ад таго, хто і як вучыць нас у дзяцінстве, залежыць, якімі людзьмі мы станем.
Штодня чуем водгукі аб настаўніках, якія плённа працуюць у школах, ліцэях, гімназіях. Гэта словы падзякі бацькоў, саміх навучэнцаў, артыкулы і нататкі ў газетах, часопісах аб таленавітых педагогах, аб іх творчых падыходах у вучэбна-адукацыйным працэсе.
А педагогі дадатковай адукацыі? Гэта таксама гонар нашай краіны! Гэта людзі, якія не толькі развіваюць дзіцячую фантазію, яны дапамагаюць iм бачыць прыгожае, вучаць думаць крэатыўна, дапамагаюць творча разняволіцца і рэалізаваць сябе. Тады звычайная фанера ператвараецца ў танк, непатрэбныя папера i пацеркі — у дэкаратыўнае пано, салёнае цеста — у пацешных звяркоў, шэрая гліна — у шэдэўры керамікі, лапікі тканіны — у прыхваткі для кухні, у мяккую цацку, у вопратку… Якія ж гэта творчыя людзі!
Менавіта такім педагогам-наватарам і з’яўляецца Вера Міхайлаўна Лапука, педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Адказная і добрасумленная, яна мае iндывiдуальны падыход да сваiх навучэнцаў, жыве iх iнтарэсамi, аддае дзецям усё, што ведае i ўмее сама. Я лічу, што яна — сапраўдны ўзор для пераймання.
А пачыналася ўсё вось так.
У 1987 годзе Вера Міхайлаўна скончыла Іркуцкі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг швейнай вытворчасці. Прыехаўшы ў Пружаны, у цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці ў 1996 годзе яна стварыла гурток «Юная швачка». Паступова змянілася першапачатковая назва аб’яднання. «Народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Папараць-кветка», — менавiта так сёння называецца калектыў, вядомы не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Ні адно мерапрыемства раённага маштабу не абыходзіцца без удзелу народнай студыi i яе кіраўніка.
Сёння ў калектыве займаюцца 24 навучэнцы: 8 хлопцаў i 16 дзяўчынак. Усе яны з захапленнем авалодваюць мастацтвам дэфіле, сваімі рукамі ствараюць незвычайныя мадэлі з нетрадыцыйных матэрыялаў, выкарыстоўваючы розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці: элементы саломапляцення, выцінанкі, ткацтва, мастацкай вышыўкі, батыка. У скарбонцы калектыву ўжо 47 калекцый адзення.
Выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў народнай студыя моды і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Папараць-кветка” з кожным годам расце. Выступленні яе навучэнцаў заўсёды праходзяць ярка, эмацыянальна, непаўторна, з умелым выкарыстаннем музыкі.
Вера Мiхайлаўна выхоўвае ў навучэнцах тонкі густ. А ўдзелам у разнастайных конкурсах і модных паказах вучыць іх працаваць з аўдыторыяй, адчуваць сябе ўпэўнена, развівае ў іх здольнасці, талент, камунікабельнасць.
Стыль працы кіраўніка аб’яднання – не пакінуць нікога абыякавым да прыгажосці, да майстэрства, якое стварае мастак. А таму кожная калекцыя тэатра – гэта не проста паказ, гэта маленькі спектакль.
Вось ўжо 19 гадоў народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Папараць-кветка» вядзе актыўную творчую дзейнасць: прымае ўдзел ў гарадскiх, раённых, абласных, рэспубліканскіх i мiжнародных фестывалях, аглядах, конкурсах і з’яўляецца іх пераможцам. Толькi ў мiнулым навучальным годзе калектыў атрымаў сем дыпломаў, чатыры з якіх міжнародныя!
На сённяшнi дзень «Папараць-кветка» пераможца абласнога этапу рэспублiканскага агляду-конкурсу дзiцячай творчасцi «Прывiтанне, свет!» (дыплом I cтупенi); адкрытага гарадскога конкурсу юных мадэльераў «Вясяннi капрыз» (дыплом I ступені); II Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці «Беларускія ўзоры» (дыплом лаўрэата III ступені, падзячны ліст педагогу); V Міжнароднага конкурсу-фестывалю сцэнічнай і мастацкай творчасці «Вер у сваю зорку» (дыплом лаўрэата I ступені, падзячны ліст педагогу); IV адкрытага Міжнароднага конкурсу-фестывалю сцэнічнай і мастацкай творчасцi «Радасць Планеты» (дыплом лаўрэата I ступені, падзячны ліст педагогу).
Зусім нядаўна — 10 красавiка, народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Папараць кветка» паклала ў сваю скрынку яшчэ адзін жаданы дыплом I ступені, вярнуўшыся з г. Мінска пераможцай Міжнароднага фестывалю сцэнічнага мастацтва «Аванцi». Хіба ж гэтым можна не ганарыцца?
Любоў да дзяцей, энергічнасць, эмацыянальнасць, настойлівасць, пачуццё адказнасцi i адданасцi любай справе, багатая фантазія — усё гэта якасці сапраўднага настаўніка.
Я з вялiкай любоўю i пашанай стаўлюся да такiх педагогаў. Гiмназiя, дзе я вучуся, цэнтр творчасцi дзяцей i моладзi даюць мне асалоду жыцця, вучаць быць карыснай людзям. У маiм сэрцы заўсёды будзе жыць падзяка адданым сваёй справе настаўнiкам.
Ксенія Пухнарэвiч, вучаніца 10 класа гімназіі.
Фота Сяргея Талашкевіча.