Летась камбінат бытавога абслугоўвання асвоіў новы для сябе від прадукцыі — камплекты дзіцячых пляцовак. Першы варыянт работы гараджане паспелі ацаніць на вуліцы 8 Сакавіка, і многім ён прыйшоўся даспадобы. Чарговы, больш дапрацаваны камплект днямі з’явіўся ў вёсцы Новыя Засімавічы.
Наколькі запатрабавана такая прадукцыя ў нашым раёне і што яе выраб дае самому камбінату, расказвае яго дырэктар А.Ф. Гвоздзік:
— Трэба прызнаць, што ідэя належыць старшыні райвыканкама М.М.Серкову,— зазначае Анатоль Фёдаравіч.— На адным з пасяджэнняў, калі абмяркоўваліся дзеянні камунальнікаў па добраўпарадкаванні гарадскіх вуліц, Міхаіл Мікалаевіч параіў даручыць выраб дзіцячых пляцовак мясцоваму прадпрыемству. Мы палічылі, што зможам справіцца.
Нельга сказаць, што ў такім падыходзе прысутнічае вялікая эканамічная выгада: па канчатковым кошце прадукцыя камбіната і тыя варыянты, якія прапануюцца іншымі вытворцамі па-за межамі раёна, адрозніваюцца нязначна і не заўсёды адпавядаюць патрабаванням беларускіх стандартаў і правілаў. У рэспубліцы прыняты 11 рэгламентаў бяспекі, агаворана нават шырыня звёнаў ланцуга арэляў. Пасля абмеркавання вырашылі ўнесці змены і ў канструкцыю сядзенняў для балансіровачных арэляў, якія ў базавым камплекце пастаўляліся без спінак. Ды і пластык было вырашана замяніць больш трывалай драўнінай. І такіх «дробязей» і супярэчнасцей з дзеючым СТБ назбіралася шмат.
— Дахі замянілі на больш трывалы полікарбанат, сядзенні памянялі на металічныя каркасы ў спалучэнні з дрэвам, дапрацавалі многае, зыходзячы з правілаў стварэння адпаведнай бяспекі дзяцей,— расказвае дырэктар РКБА.
Давялося дапрацаваць і антывандальную абарону ўсёй пляцоўкі: на вуліцы 8 Сакавіка, бясспрэчна, дарослыя бэйбусы паламалі і арэлі, і агароджу. У выніку не мінула і года, як давялося рамантаваць першы комплекс.
Асноўным заказчыкам на дзіцячыя пляцоўкі выступае камунальная служба, якая праводзіць добраўпарадкаванне ў дварах. Аднак на камбінаце спадзяюцца на цікавасць і з боку індывідуальных забудоўшчыкаў і жыллёва-будаўнічых кааператываў, якія таксама могуць заказваць увесь набор або асобныя элементы. На сённяшні дзень для прадпрыемства на выраб стандартнага набору элементаў дзіцячай пляцоўкі хапае некалькіх тыдняў. Зараз на камбінаце вырабляецца чарговы варыянт, які мяркуецца ўстанавіць для дзятвы ў г.п.Шарашова.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
На здымку: гушкалкі і горка ў Новых Засімавічах ужо стаяць; дзіцячая пляцоўка для малых з Шарашова амаль гатова, над ёй працуюць сталяры Л.І.Птуха і І.І.Валашук.