Понедельник, 2 декабря 2024

Капитан «Пружанских китов» Сергей Старовойтов: «У нас одна на всех победа»

1 912
Хакейная каманда «Пружанскія кіты» другі год запар выйграла турнір плей-оф у Заходняй аматарскай хакейнай лізе і заняла другое месца па выніках рэгулярнага чэмпіянату. У чым сакрэт поспеху нашых хакеістаў? Аб гэтым гутарка карэспандэнта з капітанам каманды Сяргеем СТАРАВОЙТАВЫМ.
— Сяргей, наколькі  ты як капітан каманды задаволены вынікамі сёлетняга сезона?
— Сезон прама скажам быў няпростым. Значна вырас узровень майстэрства многіх каманд. Ужо практычна няма яўных аўтсайдараў. Таму кожная перамога даставалася ў напружанай барацьбе. Нашы хакеісты вельмі рады, што ў параўнанні з мінулым сезонам зроблены крок наперад. Так, калі летась па выніках рэгулярнага чэмпіянату мы былі чацвёртымі, то сёлета — другія. Два гады запар сталі пераможцамі турніру плей-оф і заваявалі галоўны прыз лігі.IMG_7148
— За кошт чаго ўдаецца дабівацца стабільных вынікаў?
— Хакей — гульня камандная, таму перамогу мы падзяляем на ўсіх. Прычына поспеху бачыцца ў высокім маральным духу каманды: хлопцы не губляліся нават у самых крытычных сітуацыях. Балельшчыкі яшчэ добра памятаюць фінальныя гульні з хакеістамі Лунінца. Першую з іх мы саступілі саперніку дома з лікам 4:5. Але нашы хакеісты не разгубіліся і ў Лунінцы разграмілі гаспадароў — 7:3. Пасля гэтага паверылі, што выйграем турнір. І дамашні матч пацвердзіў гэта.
— Сяргей, а каго з хакеістаў ты хацеў бы адзначыць?
— Добра згулялі ўсе хлопцы. Але варта адзначыць маладых хакеістаў, якія сёлета значна дабавілі ў гульні: Павел Вакула, Аляксандр Герасімчук, Валянцін Сіцянкоў, Яўген Чатырбок, Артур Салей.
— А якая каманда з’яўляецца самым нязручным сапернікам для «Пружанскіх кітоў»?
— Безумоўна, «Сталкер» з Баранавічаў. На працягу двух сезонаў мы не здолелі ў гульнях з гэтым сапернікам узяць хоць бы ачко.
— Сяргей,  удасканаленню хакейнага майстэрства няма мяжы. Над чым яшчэ неабходна працаваць хакеістам каманды?
— Балючыя пытанні — гэта слабая рэалізацыя галявых момантаў і гульня ў большасці. Таксама хацелася б бачыць больш хуткасны хакей у выкананні нашай каманды.
— Што б ты хацеў пажадаць балельшчыкам і спонсарам каманды?
— Вялікае дзякуй усім балельшчыкам за падтрымку. Паверце, мы на пляцоўцы гэта вельмі адчуваем і здаецца, што ў нас лішні ігрок. Дзякуй кіраўніцтву ААТ «Айчына» і ААТ «Пружанскі малочны камбінат» за фінансавую дапамогу. Асабіста хочацца выказаць падзяку старшыні райвыканкама М.М.Серкову, які заўсёды быў побач з камандай.
— Сяргей, не за гарамі ўжо і новы сезон. Ці ёсць рэзервы для ўмацавання каманды?
— Так. Маем папярэднія дамоўленасці з некаторымі хакеістамі, у тым ліку і з выхаванцамі пружанскага хакея, якія цяпер гуляюць у іншых клубах.
Гутарыў Мікола АРХУЦІК.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *