У апошні час усё актуальней становіцца пытанне ўстанаўлення бацькоўства. Гэта звязана з тым, што юрыдычнае афармленне заключэння шлюбу многія грамадзяне ігнаруюць і лічаць яго простай фармальнасцю. У той жа час, устанаўленне роднасці дзіцяці залежыць ад таго, знаходзяцца ў шлюбе бацькі паміж сабой ці не.
У адпаведнасці з арт. 55 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, Палажэннем аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і даведак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці, калі маці не знаходзіцца ў шлюбе і няма сумеснай заявы бацькоў ці рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства, запіс аб бацьку дзіцяці і яго нацыянальнасці робіцца па прозвішчы маці і яе нацыянальнасці, імя і імя па бацьку – па ўказанні маці. Іншыя звесткі пра бацьку дзіцяці ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца.
Згодна з палажэннем арт. 51 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, пахо-джанне дзіцяці ад бацькі, які знаходзіцца ў шлюбе з маці, устанаўліваецца на падставе запісу акта аб заключэнні шлюбу. Бацькам дзіцяці, народжанага ў шлюбе, з’яўляецца муж маці. Бацькам дзіцяці, народжанага на працягу дзесяці месяцаў з дня скасавання шлюбу ці прызнання яго несапраўдным, таксама прызнаецца былы муж.
Здараюцца выпадкі, калі маці на момант зачацця дзіцяці знаходзілася ў шлюбе з іншым чалавекам. У такім выпадку ўстанавіць біялагічнае бацькоўства ў пазасудовым парадку магчыма. Для гэтага ў органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, павінны быць пададзены: сумесная заява бацькі і маці дзіцяці аб рэ-гістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, заява маці дзіцяці аб тым, што яе муж не з’яўляецца бацькам дзіцяці, і такая ж заява ад мужа маці дзіцяці. На падставе запісу акта аб устанаўленні бацькоўства ўносяцца змяненні ў запіс акта аб нараджэнні і выдаецца паўторнае пасведчанне аб нараджэнні з унесенымі звесткамі аб бацьку.
Аспрэчванне бацькоўства мужчынам, запісаным бацькам дзіцяці, не можа быць задаволена, калі на момант запісу яму было вядома, што ён фактычна не з’яўляецца бацькам дзіцяці.
Калі маці і бацька не знаходзяцца ў шлюбе, паходжанне дзіцяці ўстанаўліваецца на падставе іх сумеснай заявы аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, пададзенай у органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, ці ў судовым парадку – на падставе рашэння суда.
Звычайна з просьбамі аб устанаўленні бацькоўства звяртаюцца жанчыны. Аднак пачасціліся выпадкі падачы іскаў і мужчынамі. Як правіла, гэта здараецца ў сувязі з тым, што маці дзіцяці па нейкіх прычынах забараняе біялагічнаму бацьку сустракацца з ім і клапаціцца аб ім. Толькі маючы статус бацькі, мужчына ўправе прад’явіць іск аб вызначэнні парадку яго ўдзелу ў выхаванні непаўналетняга сына ці дачкі.
Надзея Станкевіч, адвакат юрыдычнай кансультацыі.