Змяншэнне сельскага насельніцтва — праблема, якую неабходна вырашаць у рамках паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. Гэта тычыцца і нашага раёна, дзе ёсць вёскі, якія ўвогуле не маюць жыхароў. Відавочна, што працэс, калі яго не змяніць, у будучым можа прывесці да памяншэння колькасці назваў на карце Пружаншчыны ўдвая, а то і болей.
Менавіта з гэтай высновы і пачалася сустрэча старшыні райвыканкама М.М.Серкова з жыхарамі в.Брады. Гэтая вёска — яскравы прыклад натуральнага працэсу адмоўнай дэмаграфіі. Яшчэ дзесяць гадоў назад тут жылі некалькі соцень вяскоўцаў, цяпер жа засталіся толькі 149 чалавек. Безумоўна, гэтаму «спрыяюць» многія фактары. Малочнатаварная ферма, якая ўдыхала нейкае жыццё ў Брады, была зачынена, тое ж здарылася са школай, аддзяленнем сувязі.
— Толькі і засталася радасць: магазін ды клуб,— жартуюць вяскоўцы, сярод якіх у той дзень на сустрэчы моладзі амаль не было. Хаця маладыя жыхары ў Брадах ёсць, і з імі захоўваецца шанц удыхнуць у вёску новае жыццё. Для чаго райвыканкамам і была распрацавана адпаведная праграма дзеянняў. Згодна з ёй, населеныя пункты раёна былі ўмоўна падзелены на тры катэгорыі: аграгарадкі, вёскі, якія могуць прыцягваць аграэкатурыстаў, і дачныя паселішчы. Менавіта з дачных сядзіб і плануецца пачынаць адраджэнне Брадоў. Тым больш, што гэтаму спрыяюць многія ўмовы. Літаральна праз вёску праходзіць аб’язная дарога, значыць, даехаць сюды з Пружан, Брэста і іншых гарадоў будзе нескладана. Напрыклад, ад Пружан мы даехалі да Брадоў прыкладна за 20 мінут. Ёсць і гатовае прымаць аматараў дачнага адпачынку жыллё.
Побач з гэтым многага не хапае, і самае галоўнае — прывабнага знешняга выгляду, дагледжанасці. Паводле інфармацыі Шчарчоўскага сельвыканкама, пустуючых дамоў быццам бы і нямнога. Але ж, калі мы праязджалі па вёсцы, уражанне складвалася сумнае. Так, фіранкі на вокнах вісяць, аднак вакол многіх дамоў — зараснікі, платы напаўразбураныя або іх увогуле няма, амаль зруйнаваныя хлявы.
— Неабходна пачынаць з навядзення парадку ў вёсцы,— звярнуўся да мясцовых жыхароў Міхаіл Мікалаевіч.— Калі да лета карціна зменіцца, то мы прыкладзем усе намаганні, каб зноў ажывіць вёску.
Паводле слоў старшыні райвыканкама, плануецца таксама навесці парадак у статыстыцы пустуючых дамоў, вызначыць, якія дамы або ўчасткі могуць быць выстаўлены на аўкцыёны. Адпаведная работа паралельна будзе весціся і з уладальнікамі жылля. Ёсць добрыя прыклады дагледжаных сядзіб: у якасці прыкладу называліся дамы Л.У.Папко, В.С.Каляды, А.Р.Рэчыц і іншых. Аднак ёсць і адмоўныя прыклады: у некаторых домаўладанняў на паперы зарэгістраваны гаспадары, але яны сюды, як кажуць, і носа не паказваюць ужо некалькі гадоў. Спачатку мясцовыя ўлады мяркуюць накіраваць адпаведныя лісты па месцы жыхарства такіх уладальнікаў з патрабаваннем навесці парадак, надаць прыстойны выгляд сваім домаўладанням. Калі гэта не будзе выканана, будуць прымяняцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння, нават да прызнання сядзіб у адпаведнасці з Указам №100 безгаспадарнымі. Лёс іх будуць вызначаць дзяржаўныя органы.
Да лета парадак на сваіх падворках павінны навесці і мясцовыя жыхары, пэўную дапамогу ў гэтым паабяцалі дырэктары ААТ «Пружанскае» і «Райаграсэрвіс». На бягучы год запланаваны рамонт мясцовага магазіна. Безумоўна, трэба яшчэ вырашаць пытанні з асфальтаваннем цэнтральнай вуліцы вёскі, ёсць праблемы з лазневым абслугоўваннем.
Словам, сёлета ў Брадах чакаецца значнае пераўтварэнне, і калі гэта эксперымент сябе апраўдае, то яго мяркуецца перанесці на іншыя такія ж вёскі.
Алег Сідарэнка.