У рэдакцыю патэлефанавалі бабулі з вёскі Замошша Мокраўскага сельсавета:
— Мы атрымалі павесткі ў суд за тое, што быццам бы больш чым два гады не плацілі за вываз смецця. Так, давалі падпісваць нейкую дамоўленасць. Але чаго яна тычылася,— ніхто не тлумачыў.
Карэспандэнт атрымаў заданне разабрацца.
Падлічана сярэдняя гадавая норма назапашвання адным чалавекам смецця. Гэта 1,6 кубічнага метра — у прыватным домаўладанні з прысядзібным участкам і 1,35 кубічных метра — у добраўпарадкаваных дамах без участкаў. Значыць, за чатыры гады сям’я з чатырох-пяці чалавек здольна пад столь заваліць сваімі цвёрдымі бытавымі адходамі цэлую 9-мятровую кухню. А калі дадаць смецце суседзяў з усіх 60 кватэр, а потым і цэлага горада, то, напэўна, патонуць у ім не тое, што кухні, а нават дамы і вуліцы. І такое сапраўды здарылася б, калі б два разы на тыдзень па наша смецце не прыязджала спецмашына КУВП «Камунальнік». Дарэчы, рэкамендуем мусорный контейнер-бак мультилифт. Дзейнічае шэраг афіцыйных дакументаў, у тым ліку і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай праграме збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады», згодна з якімі насельніцтва абавязана збіраць бытавыя адходы, а камунальныя службы — забяспечваць не менш як на 70% іх раздзельны збор і 100-працэнтны вываз.
Вяскоўцы ў гэтай справе аказаліся асабліва «цяжкімі на пад’ём». Ды гэта і зразумела: практычна ў кожнай вёсцы была свая смеццязвалка на ўскрайку ці ў бліжэйшым ляску. Назбіраюцца ў селяніна за зіму бляшанкі з-пад кансерваў, дзіравыя каструлі, бітая цэгла ад рамонту ці будаўніцтва, ён усё гэта на вазок ці веласіпед і спакойна сюды павывозіць. Галоўнае, у любы час, калі захочацца, і плаціць не трэба. А тое, што родная вёска зарастае смеццем, ніхто бачыць не хоча…
У ліку першых узяўся змагацца са сваімі несанкцыяванымі смеццязвалкамі Шаняўскі сельскі Савет.
— Мы пачыналі яшчэ вясной 2003 года,— расказвае старшыня сельвыканкама Г.В.Хатэнка.— Старасты пайшлі па дамах тлумачыць людзям неабходнасць збору смецця і яго цэнтралізаванага вывазу. Справа была новая, насельніцтва адгукалася на яе неахвотна. У адзін і той жа дом заходзілі па тры-пяць разоў…
Калі да Шаняўскога сельсавета далучылі Гарадзечненскі, на новай тэрыторыі тая ж работа пачалася практычна з нуля.
Са старастамі ездзілі па вёсках і прадстаўнікі камунальных службаў, дэпутаты, работнікі сельскага Савета… Але ўсё роўна поўнага ахопу сядзіб зборам бытавых адходаў забяспечыць не ўдалося. Ёсць інваліды, якія не могуць выносіць сваё смецце да спецмашыны. Ёсць старыя, якія толькі прапісаны ў вёсцы, а жывуць у гарадскіх дзяцей. Не абышлося і без ярых праціўнікаў новаўвядзення: маўляў, у мяне няма смецця, таму заключаць дамоўленасць на яго вываз я не збіраюся. Больш таго, з часам пачалі адступленне тыя вёскі, дзе спачатку актыўна адгукнулася практычна ўсё насельніцтва. У Засімавічах, Шубічах цяпер забіраюць смецце толькі ў 40% вяскоўцаў…
Але яшчэ большай праблемай з’яўляецца ігнараванне насельніцтвам уплаты за вываз смецця, нягледзячы на дамоўленасці. Памяркоўныя вяскоўцы чамусьці перакананы, што калі яны адзін-другі раз не вынеслі смецце на машыну, то і плаціць за гэтую паслугу не трэба. Некаторыя спасылаюцца на сваю забыўлівасць: маўляў, не памятаю, і ўсё тут, калі падпісвала дамоўленасць, не ведала, што за вываз смецця трэба плаціць…
Пра арганізацыю работы па цэнтралізаваным вывазе цвёрдых бытавых адходаў ад насельніцтва ў Хараўскім сельсавеце расказала старшыня сельвыканкама Т.А.Ільяшэвіч:
— Калі ў вёсках няма ашчадных касаў, «Камунальнікам» заключаюцца дамоўленасці з сувязістамі. І напамінанне наконт аплаты за вываз смецця прыносяць паштальёны разам з іншымі камунальнымі паведамленнямі. Але чамусьці за электрычнасць і ваду людзі плацяць безагаворачна, а ўплату за смецце ігнаруюць. Вынік гэтай абыякавасці — захламленыя кар’еры і лясы. Усе вясковыя смеццязвалкі ў нас ліквідаваны, а ў Кабылаўцы гэты аб’ект ахоўвае вартаўнік — туды вывозіць адходы толькі «Камунальнік». Вось і зарастаюць хламам ваколіцы. Праблема вельмі сур’ёзная.
У «Камунальніку» такая сур’ёзная справа ўскладзена на майстра саначысткі В.А.Стасевіч. Валянціна Аляксандраўна тлумачыць, што ў кожную вёску спецмашына прыязджае па два разы ў месяц. Каштуе вываз смецця 650 рублёў з двара. Заплаці 7800 рублёў за цэлы год і — спі спакойна. Не такая ўжо вялікая сума, каб нажываць сабе з-за яе галаўны боль.
Тое, што многія вяскоўцы нічога не ведаюць пра заключэнне дамоўленасцей і рэгулярныя разлікі за вываз смецця, майстар лічыць не інакш, як звычайнымі хітрыкамі. Маўляў, пра ўсё ім не раз тлумачылі, кожны раз, праязджаючы па вёсках, вадзіцель спецмашыны сігналіць і напамінае пра даўгі, гэтак жа рэгулярна напамінаюць пра аплату паштальёны, кантралёры «Водаканала», якія правяраюць разлікі за спажыванне вады.
Ды і адзін экземпляр дамоўленасці застаецца на руках у спажыўцоў гэтай камунальнай паслугі. Можна перачытаць вольным часам, калі з’явяцца якія сумненні.
На падставе гэтых разлікаў абаненцкім аддзелам КУВП «Камунальнік» складаюцца судовыя іскі. Начальнік аддзела Г.В.Гаўрылава (у КУВП «Камунальнік» уведзена дадатковая адзінка — спецыяльна для работы з даўжнікамі) прыводзіць лічбы:
— Толькі за мінулы год у суд было пададзена 389 іскаў на неплацельшчыкаў за вываз смецця. Агульная сума іх складае 81,9 мільёна рублёў. З яе вернута ўсяго 38,5 мільёна рублёў. Амаль штомесячныя напамінанні пра даўгі належнай рэакцыі не атрымліваюць. Суд літаральна завалены гэтымі справамі.
Расказвае суддзя раённага суда М.В.Рэпіха:
— Калі на суд ніхто не з’яўляецца, а гэта адбываецца даволі часта, справа разглядаецца ў адсутнасці адказчыка і запазычанасць спаганяецца з яго ў загадным парадку. Паколькі часцей за ўсё гэта тычыцца пенсіянераў, то судовы выканаўца мусіць спаганяць доўг з пенсіі, з працуючага адказчыка — па месцы работы. Праблема яшчэ ў тым, што чым даўжэй чалавек не плаціць, тым большай становіцца пеня з сумы. Часта пеня набліжаецца да сумы доўгу. У гэтым выпадку мы выносім рашэнне ў адносінах «Камунальніка» наконт змяншэння аб’ёмаў пені. Для больш актыўнага рэагавання праводзім выязныя пасяджэнні. Напрыклад, у Лыскаве разглядалі 11 спраў. Дарэчы, найбольшыя даўгі вяскоўцаў складаюць 25-30 тысяч рублёў. У такім выпадку ці варта людзям даводзіць справу да суда?
Але і да «Камунальніка» ў час падрыхтоўкі гэтага артыкула таксама ўзнікла нямала пытанняў, якія так і засталіся без адказаў. Напрыклад, чаму пры так добра наладжанай справе, пры штомесячных напамінаннях і папярэджаннях здараюцца ажно двухгадовыя нявыплаты? Бабулькі з вёскі Замошша, напрыклад, атрымалі паведамленні аб запазычанасці ажно з 2007 года. Чаму пры справаздачы, што з 242 вёсак раёна абслугоўваюцца цэнтралізаваным вывазам смецця 236, а ў шасці маленькіх, дзе толькі па 2-3 хаткі, стаяць кантэйнеры, выпала з уліку, напрыклад, такая вёска, як Галены, дзе налічваецца 48 двароў? Сюды да цяперашняга часу ўвогуле не заязджае смеццявозка. Сумняваемся, што такая вёска ў раёне адзіная. Урэшце, чаму з кожным месяцам усе больш вяскоўцаў разрываюць дамоўленасці з «Камунальнікам» і такая, безумоўна, патрэбная справа, як цэнтралізаваны вываз бытавых адходаў, церпіць яўнае фіяска?
За чысціню лясоў адказваюць леснікі, за адхоны дарог — дарожнікі, за несанкцыяваныя смеццязвалкі ў вёсках — сельвыканкам. Хто адкажа за нашу абыякавасць і неахайнасць у адносінах да навакольнага асяроддзя?
У старшыні Шаняўскога сельвыканкама Г.В.Хатэнка ёсць канкрэтная прапанова:
— Хопіць «Камунальніку» рассылаць па вёсках папярэджанні і распячаткі, хто колькі задаўжаў. Трэба адпраўляць плацёжкі і абавязаць усіх людзей: плаціш за электрычнасць — не забывай плаціць і за смецце. І тады будзе парадак.
Дарэчы, праблема тычыцца не толькі вяскоўцаў. Шмат смецця па адхонах раскідваем і мы, гараджане. І рэгулярна разлічваюцца за яго вываз таксама не ўсе.
Ганна Хадаровіч.