Як сведчыць статыстыка, з надыходам халадоў колькасць пажараў значна павялічваецца. Сёлета такая выснова зноў пацвярджаецца: рэзкае паніжэнне тэмпературы ў першай палове кастрычніка пацягнула ўверх крывую пажараў. Часцей здараюцца падобныя выпадкі менавіта ў прыватным сектары — з-за пячнога ацяплення, з-за няспраўнай электраправодкі, якая замыкае пры невялікай нагрузцы.
— Толькі на тэрыторыі Сухопальскага сельсавета зарэгістраваны за апошнія два тыдні чатыры вогненныя здарэнні: у Галенах згарэлі адразу два дамы, у Сухопалі адбыўся выбух катла,— гаворыць начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Ганчароў.— Як бачыце, ёсць негатыўная тэндэнцыя, і наша задача стрымаць рост пажараў.
Якім чынам гэта магчыма? На першы план выходзіць прафілактыка. Інспектары РАНС зараз аб’язджаюць дамы па ўсіх вёсках раёна з абследаваннем стану падрыхтоўкі ўласнікаў нерухомасці да зімы. Ім даводзіцца сутыкацца з рознымі выпадкамі, некаторыя здзіўляюць нават бывалых пажарных. Разам з адной такой рэйдавай групай паехалі і нашы карэспандэнты.
Вёска Сухопаль. Адразу па знешнім выглядзе дамоў бачна, дзе гаспадары дбайна захоўваюць сваё жытло і маёмасць. І гэта правільна, бо агонь — не злодзей, які бярэ толькі каштоўнае. У пажары знішчаецца ўсё. Таму атрымліваецца, што для адных цана агню — цяпло і ўтульнасць, а для іншых — страта даху над галавой.
Вось стаіць дом, комін якога бялее на фоне блакітнага неба: зразумела, што і ў хаце будзе зроблена ўсё, як патрабуюць супрацьпажарныя правілы. А гэта — адрамантаваны комін на гарышчы, пабеленая печ з перадтопачным лістом, агульны парадак. Існуе меркаванне, што выканаць усе гэтыя патрабаванні вельмі цяжка старым лю-дзям, адзінокім жанчынам. Аднак яно, як пацвердзіла ўбачанае падчас рэйду, не адпавядае рэчаіснасці. Заходзім у дом, дзе жыве сям’я пенсіянераў.
— Мы яшчэ летам заўсёды праводзім падрыхтоўку да зімы,— расказвае гаспадыня.
— Ці складана гэта рабіць у такім узросце? Дык навокал добрых людзей хапае, галоўнае — жаданне саміх жыльцоў прывесці ўсё ў парадак і спакойна зімаваць. А пажарных прашу дапамагчы з устаноўкай пажарнага апавяшчальніка: кажуць, гэты прыбор выратаваў нямала чалавечых жыццяў. Ці можна з такой каштоўнасцю параўноўваць траты ў сто тысяч рублёў?
Тое ж самае бачым і чуем у суседняй хаце, дзе жыве адзінокая жанчына. Зразумела, што і электраправодку, і рамонт коміна і печкі гаспадыня выконвала не сама. Але знайшла магчымасць наняць памочнікаў ды зрабіць усё належным чынам.
— Пагаджуся з выказваннем, што на такія работы патрэбны час, а вясковыя жыхары ў сілу пастаяннай занятасці «ад цямна да цямна» не заўсёды могуць знайсці яго,— мяркуе Андрэй Аляксандравіч. Аднак пасля наведвання дома шматдзетнай сям’і Бушкоў упэўніваецца ў іншым: у хаце зроблена ўсё, каб папярэдзіць пажар. Пажарныя апавяшчальнікі стаяць амаль у кожным пакоі, ніякіх нараканняў не выклікае электраправодка. Зараз гаспадары вырашаюць пытанне з заменай кацельнага абсталявання. І дзяцей вучаць захоўваць элементарныя правілы бяспекі жыцця. А каб тлумачэнні не былі галаслоўнымі, спецыяльна ўсёй сям’ёй з’ездзілі і паглядзелі ў Галенах, да чаго можа давесці звычайная неасцярожнасць з агнём.
Пабачылі вынік таго пажару і мы. Абставіны здарэння высвятляюцца, але падобна, што агонь пайшоў ад пакінутага без нагляду кормазапарніка.
Пабудовы размешчаны так блізка адна ад адной, што запалала спачатку адна хата, а за ёй і суседняя. Дарэчы, пару гадоў таму ў гэтай вёсцы згарэў дом літаральна праз дарогу, але і гэта не прымусіла тых, хто пацярпеў ад нядаўняга пажару, задумацца аб сваёй бяспецы.
Не задумваюцца аб гэтым і бацькі адной са шматдзетных сем’яў, якая стаіць на ўліку як сацыяльна небяспечная. Нават сваіх дзяцей яны не могуць дагледзець належным чынам: калі мы пад’ехалі да дома, які сям’і выдзеліла гаспадарка, нас сустракала цэлае «дзіцячае аддзяленне», апранутае ў канцы кастрычніка па-летняму. Бязладдзе пануе ў доме: праводка вісіць, дзе-нідзе правады ўвогуле абарваныя, вакол ацяпляльнага катла смецце і бутэлькі з-пад спіртнога.
Гаспадыня вінаваціць мужа: маўляў, нічога рабіць не хоча. З-за гэтага ствараецца ўражанне, што і жанчына закінула сваю частку хатніх абавязкаў, нават батарэйку для пажарнага апавяшчальніка не можа купіць.
— Калі мы наведваем такія домаўладанні, то хочацца караць іх жыльцоў па ўсёй строгасці,— расказвае начальнік РАНС.— Аднак нашы задачы не ў гэтым, галоўнае — растлумачыць, чаму жыццёва неабходна выконваць супрацьпажарныя правілы. Таму спачатку папярэджваем, і гэтага бывае дастаткова для многіх, каб выправіць недахопы, што пацвярджаецца падчас паўторных праверак. А іншыя задумваюцца толькі тады, калі сямейны бюджэт страціць пэўную суму на штрафы.
Аднак ёсць такія, хто і на матэрыяльныя пакаранні не рэагуе. Летась падобны выпадак быў у Ружанскай зоне, калі ў пажары ледзь не загінуў выпівака, якога літаральна днём наведваў пажарны інспектар і патрабаваў выправіць выяўленыя недахопы, не грэбаваць супрацьпажарнымі правіламі. У падобных выпадках часта дапамагае грамадская думка. Інспектары падчас абследавання робяць відэаздымку беспарадку, і яўныя парушэнні потым дэманструюць на сельскіх сходах.
— Такія карцінкі хвалююць людзей, здараецца, што збіраецца дэлегацыя суседзяў, каб павучыць розуму гультая, які жыве побач з імі,— зазначае А.А.Ганчароў.
— Па выніках абследавання вёсак Сухопальскага сельсавета мы таксама падрыхтуем фільм для сельскага сходу. Спадзяюся, што разам зможам дапамагчы некаму ўзяцца за розум.
І ўсё-такі, ці можна выправіць тых, хто не жадае дапамагчы сабе самому? Абгрунтаваны адказ зноў жа дае статыстыка пажараў…
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).