Среда, 9 июля 2025

Какую оценку поставим Пружанам велосипедным?

2 338

З наступленнем цёплага надвор’я тых, хто з усіх іншых сродкаў перасоўвання аддае перавагу двухколаваму безматорнаму транспарту, на вуліцах стала прыкметна больш. Іх штодзённая колькасць на дарогах райцэнтра і ваколіцах, паводле назіранняў супрацоўнікаў ДАІ, сёння перавышае тысячу. Рознаўзроставыя веласіпедысты калясяць у любы дзень па розных маршрутах па асабістых справах і проста для ўласнага задавальнення.   Такая карцінка для любога еўрапейскага горада не толькі звыклая, але і падтрымліваецца ўсімі магчымымі сродкамі. Гэта зразумела, бо не наносіцца шкода экалогіі, зніжаецца ўзровень гарадскога шуму, а асфальтавае пакрыццё гарадскіх вуліц менш патрабуе рамонту.15май2015_6172

Трэба сказаць, што падобная палітыка вядзецца і ў нашай краіне. Напрыклад, у Мінску гарадскія ўлады паставілі задачу стварыць усюды веласіпедныя дарожкі, адкрываюцца пракаты веласіпедаў, з’явіліся нават спецыяльныя пераходы-«зебры» для перасякання праезнай часткі велатранспартам. Словам, карысны ва ўсіх адносінах і папулярны ў Заходняй Еўропе транспарт імкліва ўваходзіць у моду.

Хаця многія пружанцы і без гэтай «моды» заўсёды лічылі, што веласіпед — вельмі зручны і эканомны сродак, а часам на ім можна вырашыць значна больш пытанняў, чым на аўтамабілі. Асабліва ў тым плане, што двухколавага памочніка можна прыпаркаваць нават да дрэва.  Ды і навошта дрэвы шукаць? Амаль ля кожнага магазіна ці адміністрацыйнага будынка цяпер стаяць металічныя канструкцыі для паркоўкі веласіпедаў. 15май2015_6176

ці адпавядаюць словы справам?

Ці не кампенсуюцца зручнасці руху на безматорным транспарце перашкодамі для іх? Мы вырашылі праехацца па гарадскіх вуліцах і пабачыць на ўласныя вочы: ці проста ў Пружанах рухацца на веласіпедзе?

Аказалася, што самая галоўная перашкода, якая стрымлівае веласіпедны рух па гарадскіх вуліцах, гэта адсутнасць веласіпедных дарожак. Згодна з цяперашнімі патрабаваннямі Правілаў дарожнага руху, на праезнай частцы веласіпедысты могуць ездзіць толькі па спецыяльна вызначанай паласе. У Пружанах прысутнічае яна толькі на вуліцы Савецкай. На астатніх у веласіпедыстаў патрабуюць рухацца толькі па ўзбочынах або тратуарах (пешаходных дарожках).15май2015_6192

І вось тут аматары двухколавага транспарту задаюць слушнае пытанне:

ці правамерна патрабаваць, не стварыўшы спрыяльных умоў?

У нашым горадзе вельмі мала вуліц, дзе тратуары прыстасаваны для веласіпедыстаў. Па-першае, большасць з іх вельмі вузкія, а значыць, адразу ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі з пешаходамі.

15май2015_6232

 

15май2015_6216

Па-другое, высокія бардзюры. Для маладых гэта не вельмі вялікая перашкода (хаця ў прыцемках можна проста яе не заўважыць і ўрэзацца), аднак часта веласіпедам кіруюць людзі састарэлыя, якія вымушаны пастаянна злазіць з «жалезнага каня».

Відавочна, не трэба забыва

 

ць, што першапачаткова пружанскія вуліцы праектаваліся без уліку інтарэсаў веласіпедыстаў. Толькі ж час змяняецца, і яны ўсё гучней заяўляюць пра сябе.15май2015_6243

Ёсць і іншыя прэтэнзіі з боку веласіпедыстаў. Напрыклад, яны лічаць, што новыя патрабаванні да тэхнічнага стану двухколавага транспарту  былі распрацаваны тымі чыноўнікамі, якія ніколі самі не садзіліся на ровар. У асноўным гэта тычыцца патрабавання мець люстэрка задняга выгляду, якое… вытворцам велатранспарту ў тэхнічным рэгламенце не прадугледжана.  Дык навошта тады «вынаходзіць веласіпед»? Больш таго, тымі ж абмежаваннямі мала канкрэтызуецца парадак устаноўкі прылад. Вось і даводзіцца назіраць за веласіпедамі, пад рулём якіх боўтаецца люстэрка, устаноўленае толькі для таго, каб пазбегнуць прэтэнзій з боку інспектара ДАІ.

Але самая прадуманая інфраструктура не прынясе спакой на дарогі горада, калі

адсутнічае ўважлівасць і дысцыплінаванасць удзельнікаў руху.

Вось тут ужо ўзнікаюць прэтэнзіі да веласіпедыстаў. Зусім нядаўна на пешаходнай дарожцы мяне ледзь не збіла жанчына за рулём веласіпеда. Яна ехала з вуліцы Міцкевіча і пад горку набрала добрую хуткасць, якую і не падумала скінуць, калі паварочвала на Чырвонаармейскую прама на «зебру». Нібы камікадзе, яна глядзела ў адну кропку і, напэўна, маліла Усявышняга, каб надаў хуткасці пешаходам, з якімі ледзь размінулася.

Не скажу, што такія інцыдэнты — частая з’ява ў Пружанах, але пра падобныя «раз‘езды» з веласіпедыстамі змогуць расказаць не толькі пешаходы, але і вадзіцелі аўтамабіляў.

Выклікае трывогу і колькасць аварый з удзелам веласіпедыстаў. За мінулы год на тэрыторыі вобласці такіх ДТЗ адбылося 70. У выніку 57 чалавек атрымалі раненні і 15 загінулі. 12 аварый – ужо за тры месяцы цяперашняга года, пяць з іх – па віне кіроўцаў двухколавага транспарту. Асноўныя фактары, адзначаюць дзяржаўтаінспектары, — алкагольнае ап’яненне, а таксама парушэнне правілаў язды, праезду скрыжаванняў, нерэгулюемых пешаходных пераходаў.

Большасць ДТЗ адбываецца ў цёмны час сутак, нягледзячы на гэта ўвечары далёка не на кожным з веласіпедыстаў можна заўважыць святловяртаючую камізэльку: яе наяўнасць толькі рэкамендуецца, а значыць, ніхто не пакарае за адсутнасць.

Эфектыўнасць прафілактыкі дасягаецца толькі тады, калі

правілы вывучаюцца з маленства.15май2015_6183

Гэты пастулат добра рэалізаваны ва Украіне: у Львове пры агульнаадукацыйных школах дзейнічае веласіпедная школа, дзе дзяцей знаёмяць з правіламі дарожнага руху, а на створаным уласнымі сіламі просценькім веладроме вучаць практычнаму манеўраванню. У канцы курсу юныя веласіпедысты здаюць іспыты і атрымліваюць адпаведныя пасведчанні, самыя паспяховыя заахвочваюцца велападарожжамі. Нядрэнна б і нам стварыць прыстасаваны веладром з устаноўленымі перашкодамі, каб дзіця, атрымаўшы там пэўныя навыкі, магло потым больш упэўнена адчуваць сябе на гарадскіх вуліцах.

Алег Сідарэнка.

На здымках: веласіпедысты на пружанскіх вуліцах.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *