На гэтым тыдні ў рэдакцыю паступіла некалькі падобных пытанняў ад чытачоў «раёнкі». Сапраўды, на працягу апошніх некалькіх месяцаў кабельныя аператары транслююць новыя тэлеканалы. Пэўная колькасць пружанцаў незадаволена імі, што прымушае шукаць іншыя шляхі атрымання тэлесігналу па сваім выбары. Такія магчымасці дае спадарожнікавае тэлебачанне. Але калі ўладальнікі прыватных дамоў могуць скарыстацца ім без праблем, то для жыльцоў шматпавярховай забудовы, у адпаведнасці з пастановай №384 Саўміна РБ, прадугледжаны асаблівыя правілы ўстаноўкі «талерак».
Як расказаў галоўны архітэктар раёна Аляксандр Генадзьевіч Глушко, неабходна выканаць наступны алгарытм дазваляльнай працэдуры.
ä Рыхтуецца заява ў выканкам на атрыманне дазволу на ўстаноўку спадарожнікавай антэны з прадастаўленнем пашпарта або іншага дакумента, які засведчвае асобу (для фізічных асоб), тэхнічнага пашпарта і дакумента, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне, план-схему фрагмента даху або фасада жылога дома з указаннем месцазнаходжання ўстанаўліваемай канструкцыі. (План-схема павінна вырабляцца праектнай арганізацыяй).
ä Прадстаўнікамі ЖКГ праводзіцца абследаванне фасада (вонкавых сцен) або даху шматкватэрнага дома, на падставе якога складаецца акт тэхнічнага агляду, у якім прыводзяцца звесткі аб тэхнічным стане фасада або даху.
***
Падставы для адмовы ў дазволе ўстаноўкі інжынернага абсталявання:
— падрыхтоўка дакументаў не ў поўным аб’ёме або з няправільнымі звесткамі;
— парушэнне ў выніку ўстаноўкі інжынернага абсталявання рэжыму функцыянавання інжынерных сістэм і інжынерна-тэхнічнага абсталявання жылога дома або асобных памяшканняў;
— павелічэнне ў выніку ўстаноўкі дапушчальных разліковых інжынерных нагрузак на фасад або дах;
— зніжэнне эксплуатацыйнай прыдатнасці жылога дома і ўзнікненне пагрозы абвальвання яго канструкцый;
— забарона мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для дамоў, занесеных у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама на тых фасадах, якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы.
Адмова ў дазволе ўстаноўкі інжынернага абсталявання можа быць абскарджана ініцыятарам у вышэйстаячы орган і (або) у суд. Дадатковыя пытанні можна задаць па тэлефоне 2-12-61.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.