Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 13 кастрычніка бягучага года быў падпісаны Указ №483, якім унесены змены і дапаўненні ў заканадаўчы акт ад 2005 года «Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху». Дакумент накіраваны таксама на ўдасканаленне нормаў Правілаў дарожнага руху з улікам практыкі іх прымянення.
Што зменіцца?
*Практыкі ў аўташколах стане больш
Павялічваецца час навучання практычнаму кіраванню аўтамабілем пры падрыхтоўцы вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў катэгорыі «В» — з 40 да 50 гадзін. Пры гэтым аўташколам даецца чатырохмесячны тэрмін для арганізацыі падрыхтоўкі вадзіцеляў у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.
*Аўтакрэслы і зімовыя шыны стануць абавязковымі
Дакументам прадугледжана адказнасць за перавозку дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў у легкавым аўтамабілі ў спецыяльных аўтакрэслах. Гэта цяпер лічыцца строгім патрабаваннем, невыкананне якога можа карацца штрафам. Выключэнне робіцца толькі ў выпадках, калі рост дзіцяці вышэй за 150 см або перавозка ажыццяўляецца аўтамабілем-таксі.
Прадугледжваецца абавязковае выкарыстанне ў перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка зімовых шын на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон, легкавых і грузапасажырскіх транспартных сродках з масай звыш 3,5 т, а таксама аўтобусах масай да 5 тон.
*Таніроўка стане больш цёмнай
Змяняецца мінімальная ступень святлопрапускання для ветравога шкла транспартнага сродка: з 75 да 70%.
*Дарожныя навіны
Да элементаў дарогі зараз аднесены і размешчаныя на праезнай частцы дарогі пасадачныя пляцоўкі і астраўкі бяспекі: гэта дазволіць распаўсюдзіць абавязак уладальнікаў дарог па ўтрыманні элементаў дарог у бяспечным для руху стане.
Акрамя таго, уводзяцца новыя віды дарожнай разметкі для арганізацыі руху веласіпедаў і для пазначэння напрамкаў руху па палосах на перакрыжаваннях са складанай канфігурацыяй.
Як паведамілі нам у аддзяленне ДАІ, нормы падпісанага Указа ўступаюць у сілу праз тры месяца пасля яго афіцыйнага апублікавання. А гэта азначае, што за парушэнне новых патрабаванняў будуць штрафаваць не раней сярэдзіны студзеня наступнага года. Хаця прывучацца да іх трэба ўжо зараз.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.