Воскресенье, 6 октября 2024

Какие еще магазины откроются в Пружанах? Чего ждать в промышленной сфере? Ответы в интервью с Вячеславом Зубко

2 805

Падчас нашай гутаркі, якая адбывалася ў 2013 годзе, намеснік старшыні райвыканкама В.М.Зубко прагназаваў прыход у наш раён    буйных гандлёвых сетак. Мінула крыху больш года, і гэта ўжо рэальнасць: дзейнічае  «Белмаркет», хутка адкрыецца «Mart Inn», аб сваіх намерах наконт Пружан выказалася і кіраўніцтва «Еўраопта».экономика

— Такое становішча назіраецца паўсюдна, і немагчыма было закрыць пружанскія граніцы для «замежных купцоў»,— гаворыць зараз Вячаслаў Мікалаевіч.— Эканоміка, як і прырода, не дапускае пустаты. І калі няма гандлёвага руху на месцы, то ён ідзе звонку. І гэта не проста меркаванне, а пацверджаны прыкладам факт. У некаторых раёнах мясцовыя прадпрымальнікі ўзяліся за развіццё гандлёвага бізнэсу: пашыраюць сеткі магазінаў, разам адкрываюць гандлёвыя дамы. У выніку буйным сеткам прабіцца туды складана. У нас жа назіраўся застой: кожны адкрыў сваю краму «два на два» і спадзяваўся, што гэта вяршыня прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Але ж дагэтуль працаваў стрымліваючы адміністрацыйны фактар. Чаму ж ён зараз «здаўся» перад заезджымі?

— Такія рашэнні прымаюцца не на ўзроўні раёна, хаця, ваша праўда, мы працяглы час супраціўляліся прыходу буйных гандлёвых сетак. Такая пазіцыя поўнасцю апраўдана. Напрыклад, «Белмаркет» з’яўляецца эканамічным рэзідэнтам не нашага раёна, а значыць, падаткі (паверце, вельмі істотныя) выплачваюцца не ў мясцовы бюджэт. Можна сказаць, што ствараюцца новыя працоўныя месцы, але па ўзроўні заробкаў гэты магазін у параўнанні з іншымі пружанскімі арганізацыямі не стаіць у шэрагу лідараў.

Нам хацелася б падштурхнуць мясцовы бізнэс, аднак гэта не ўдаецца.

— Вячаслаў Мікалаевіч, грамадскі інтарэс да ўзнятай «раёнкай» тэмы ўпакоўкі паказвае, што ўзбуйненне магазінаў не наводзіць парадку ў гандлёвай сферы.

— Кантролем за захаваннем заканадаўства ў гэтай сферы займаецца Камітэт дзяржаўнага кантролю, створана абласная гандлёвая інспекцыя. А вось на месцы стварыць кантралюючы орган мы не маем магчымасці з-за вострага кадравага пытання: адзін чалавек 300 магазінаў пракантраляваць проста не ў сілах.

— Давайце вернемся да прамысловай галіны. Чым яна можа пахваліцца?

— На фоне іншых рэгіёнаў вобласці Пружаншчына выглядае годна. Напрыклад, па індэксу фізічных аб’-ёмаў прамысловай вытворчасці мы знаходзімся сярод лідараў. Але ўсё-такі станам спраў мы не задаволены. Асабліва на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, які, можна сказаць, заканчвае сваё існаванне. У свой час была дапушчана памылка, калі не быў зменены яго ўласнік. У выніку праблема не проста перайшла ў вострую фазу, яна стала невырашальнай. На пачатку снежня адбудзецца суд, які, магчыма, вынясе рашэнне аб ліквідацыі прадпрыемства, а значыць, трэба думаць, куды працаўладкаваць паўсотні чалавек.

Другім праблемным пытаннем застаецца лёс Ружанскай мэблевай фабрыкі: буйная запазычанасць, затаваранасць складоў і адмоўная рэнтабельнасць выпускаемай прадукцыі. Тут бяда ідзе з Івацэвічаў, дзе кіраўніцтва акцыянернага таварыства паступова і мэтанакіравана закрывае свае структурныя падраздзяленні. Так, напрыклад, здарылася з Брэсцкай мэблевай фабрыкай, было прададзена прадпрыемства «Баранавічыдрэў». На месцах не маюць ніякай самастойнасці, рашэнні прымаюцца толькі кіраўніцтвам акцыянернага таварыства. Мы і зараз бачым дрэнна хаваемае жаданне ААТ «Івацэвічыдрэў» ліквідаваць прадпрыемства і ў Ружанах. А для нас гэта будзе вельмі балючы ўдар, бо фабрыка лічыцца горадаўтваральнай: бюджэт укладвае значныя сродкі ў развіццё сацыяльнай інфраструктуры, аднак ці будзе яна прыцягваць людзей у пасёлак, калі там не будзе куды працаўладкавацца?

Ёсць і станоўчыя моманты. Вельмі трывала адчуваюць сябе малочны камбінат і СТАА «Юнімілк Пружаны». Сярод апорных прадпрыемстваў, якія маюць перспектывы і выконваюць асноўныя паказчыкі, варта назваць камбінат кааператыўнай прамысловасці і кансервавы завод. Асабліва спынюся на дзейнасці льнозавода, які лічыцца самым лепшым у рэспубліцы. Прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі льновалакна на Аршанскі камбінат у поўным аб’ёме па дзяржзаказу, а таксама экспартуе льнопрадукцыю ў Літву і Кітай. Дзейнасць завода і яго кіраўніка высока ацаніў Прэзідэнт нашай краіны і паабяцаў абавязкова наведацца ў госці, паглядзець, як тут наладжана вытворчасць.

— Апошнія гады цікавасць да нашага раёна праяўляе бізнэс з іншых абласцей рэспублікі і нават з замежжа. У якасці прыкладу можна назваць прадпрыемствы «Сады Прыбужжа», «Белшпон-дрэў» і г.д.

— Так, напрыклад, «Белшпондрэў» — таварыства, створанае грамадзянінам Турцыі, а «Сады Прыбужжа» належаць расіяніну. Але гэта мінулагоднія прыклады, ёсць і сёлетнія факты. Актыўна набывае будынкі ў былой вайсковай часці ў Слабудцы сталічнае прадпрыемства, якое плануе наладзіць вытворчасць 3D-падлог і іншых будаўнічых і аддзелачных матэрыялаў. У Шчарчове вырабамі з металу заняўся брастаўчанін. А ў другой палове лістапада запланавана сустрэча на ўзроўні нашага выканкама з балгарамі, якія мяркуюць адкрыць у Новых Засімавічах сумеснае прадпрыемства.

Такая цікавасць прыемная, аднак, паўтаруся, хацелася б адчуць мясцовую ініцыятыву: на такія прадпрыемствы больш надзеі, што яны будуць працаваць доўга і трывала. Толькі ж у вытворчасць пружанскія прадпрымальнікі не жадаюць укладваць грошы, абмяжоўваючыся простым гандлем прывезенай прадукцыяй.

— Вячаслаў Мікалаевіч, ці звязаны ўсе названыя Вамі станоўчыя прыклады ў прамысловасці з ростам заработнай платы ў будучым?

— Па тэмпах росту заработнай платы мы лічымся лідарамі ў вобласці, але па яе ўзроўню застаемся ў сярэдзіне спіса. Уніз цягнуць паказчыкі аўтсайдэраў прамысловасці.

На наступны год таксама запланавана паступовае павелічэнне заробкаў, аднак яны непарыўна звязаны з тэмпамі росту прадукцыйнасці працы. На жаль, зараз адзначаецца нейкае запавольванне гэтага працэсу.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *