Згодна са статыстыкай, летась на пастаяннае месца жыхарства ў нашу рэспубліку прыехалі звыш дзесяці тысяч чалавек, пераважна з краін Мытнага саюза — Расіі і Казахстана. Чым прыцягвае Беларусь гэтых людзей, некаторыя з якіх раней увогуле не бывалі ў нас?
Што, напрыклад, падштурхнула і пяць сем’яў, якія на працягу двух апошніх гадоў прыехалі на Пружаншчыну з далёкага Казахстана і пасяліліся ў вёсцы Смаляны? Мы пабывалі ў іх у гасцях, дзе пазнаёміліся бліжэй з людзьмі, якія нарадзіліся, выраслі і будавалі свой дабрабыт па іншых звычаях за тры тысячы кіламетраў ад сінявокай.
Што паклікала ў дарогу?
Леанід і Наталля Рудніцкія, Аляксей і Ірына Вароніны расказваюць гісторыю, якая ходзіць сярод рускага насельніцтва паўночнага Казахстана пра самую заходнюю рэспубліку былога Савецкага Саюза. І ўсё на адзін капыл: маўляў, там і клімат лепшы, і людзі ветлівыя, а галоўнае — ёсць работа і ёсць жыллё. Спачатку на фоне таго, што бачыш кожны дзень, гэта падаецца казкай. Аднак настолькі прыцягальнай, што людзі з цікаўнасці прыязджаюць у Беларусь, як кажуць, «на спробу». І тут на ўласныя вочы пераконваюцца ў праўдзівасці.
— У вас тут захавалася ўсё самае лепшае, што некалі было ў Савецкім Саюзе,— дзеліцца думкамі Леанід Рудніцкі.— Добрыя дарогі, у вёсках і гарадах ёсць помнікі, якія даглядаюцца, у сельскай мясцовасці захаваліся магазіны або прыязджае аўталаўка. Работа — пастаянная, зарплата — ста-більная. А яшчэ самі людзі — добрыя ды гасцінныя. Ствараецца ўражанне, што мы не прыезджыя, а грамадзяне адной вялікай краіны, проста жылі ў іншых гарадах.
Ён і жонка Наталля па нацыянальнасці палякі, іх бацькі на пачатку мінулага стагоддзя жылі ў Заходняй Украіне, але былі выселены за Каспій, як неблаганадзейныя для бальшавіцкай улады. Вось і выраслі там дзеці, якія лічылі той край сваёй радзімай.
— Калі жыццё стала вельмі складаным, каб выжыць, мы займаліся толькі сельскай гаспадаркай: гадавалі да 50 свіней, пяць кароў, мелі зямлю ў некалькі гектараў, практычна натуральная гаспадарка… «Хутка разлічвацца будзем прадуктамі за рэчы»,— неяк пажартавала Наталля і прапанавала паспрабаваць падацца ў заробкі.
Так Рудніцкія патрапілі ў Бярозаўскі раён, куды раней пераехала цешча, а праз год вырашылі пераязджаць сюды назаўсёды.
Нечым падобная жыццёвая гісторыя і ў Вароніных. Як расказвае Аляксей, толькі двойчы на год там плацілі заработную плату. Калі нарадзілася дачка Вікторыя, то вырашылі шукаць лепшы край. І выбралі Беларусь, пра якую ім расказвалі аднакласнікі Аляксея праз інтэрнэт. Але ўбачанае на ўласныя вочы невыказна здзівіла маладых.
— Газавае ацяпленне ва ўласным доме — вось адзінае, з-за чаго можна нават з заплюшчанымі вачамі пераязджаць сюды,— гаворыць Ірына.— У нас газавае забеспячэнне толькі ў буйных гарадах, а ў невялікіх мястэчках і вёсках толькі дровы ды вугаль. І запасацца трэба як мага больш, бо зіма там вельмі доўгая.
Як сустрэлі?
Прыезджым сем’ям вы-дзелілі дамы на адной з новых вуліц вёскі Смаляны. Перад усяленнем з кожным сустрэлася кіраўніцтва гаспадаркі і папрасіла скласці спіс неабходнага для правядзення касметычнага рамонту. Праз пару дзён усе матэрыялы былі дастаўлены. Падтрымка адчуваецца і зараз: акцыянернае таварыства выдзяляе кармы для хатняй жывёлы, дапамагае ў пасадцы і ўборцы бульбы. Цікавіцца бытам прыезджых начальнік участка М.М.Быкава, якая ўзяла над імі своеасаблівае шэфства і дае добрыя парады. Нават вяскоўцы, ведаючы, як складана пачынаць з голых сцен, таксама аказваюць падтрымку.
— Першае, што мне запомнілася ў Беларусі, гэта добразычлівасць, якую мы адчулі на пружанскіх вуліцах,— успамінае Наталля Рудніцкая.— Мы з мужам шукалі пашпартны стол і спыталі дарогу ў аднаго з прахожых. Ён, бачачы, што мы не мясцовыя, не толькі паказаў дарогу, але давёў нас да самага парога райаддзела міліцыі.
А вось Аляксея і Ірыну здзівіла тое, што тут хапае работы ўсім, было б толькі жаданне працаваць. Маладая сям’я Вароніных спачатку меркавала пераязджаць у Расію, аднак там у сельскай гаспадарцы не такі парадак, як у Беларусі. Засумняваліся: ці не давядзецца мяняць «шыла на мыла» і зноў сядзець без заработнай платы? А тут Аляксей з лёгкасцю ўладкаваўся ў ААТ «Айчына», дзе і працуе механізатарам.
— У Казахстане толькі на вашай тэхніцы і апрацоўваюць зямлю. Яна карыстаецца павагай, як самая на-дзейная і недарагая.
Адзіная праблема, з якой сутыкнуліся перасяленцы, — гэта цяжкасці з афармленнем дакументаў. У некаторых краінах, такіх як Англія, Аўстрыя, Канада, Латвія, Данія, для атрымання грамадзянства дастаткова набыць нерухомасць, адкрыць уласную справу або атрымаць работу. У нас жа гэта працэдура больш складаная і патрабуе нямала часу ды і сродкаў. Для вырашэння падобных пытанняў сем’і з Казахстана склаліся і набылі на ўсіх адзін аўтамабіль.
Планы і перспектывы
У Рудніцкіх у Казахстане засталася дарослая дачка, якая вырашыла паглядзець на вопыт бацькоў перад тым, як такім карэнным чынам мяняць сваё жыццё. І, як сцвярджаюць Леанід і Наталля, усё больш схіляецца менавіта да пераезду сюды. Вось такое рашэнне прыняў і Сяргей Папоў, які нядаўна прыехаў у Беларусь «у разведку»: таго, што ён убачыў за некалькі тыдняў, дастаткова для перавозу ўсёй сям’і ў перспектыве.
Вароніны пакуль гадуюць дачку, а потым думаюць заняцца сваёй адукацыяй, бо на радзіме толькі школу закончылі. У Казахстане засталіся бацькі маладых, якіх плануюць таксама пераманіць сюды. З 2015 года ажыццявіць такія планы стане значна лягчэй.
На здымках:
1.Мінулае жыццё для Вароніных — у сямейным фотаальбоме.
2.Леанід і Наталля Рудніцкія пераканалі Сяргея Папова пераязджаць у Беларусь.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).