Воскресенье, 20 апреля 2025

Кадровый вопрос в сельском хозяйстве: подготовить и удержать

2 539

За апошнія некалькі гадоў у сувязі з шырокамаштабным будаўніцтвам у раёне сучасных фермаў і ўкараненнем новых тэхналогій у раслінаводстве змяніліся падыходы да кадравага забеспячэння сельгасвытворчасці.

Аб тым, наколькі актуальным з’яўляецца сёння кадравае пытанне ў нашых гаспадарках, гутарка карэспандэнта з начальнікам сектара па кадравай рабоце і прававых пытаннях упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ю.Р.Бакуменкам.

—  Юрый Рыгоравіч, наколькі кадравае пытанне з’яўляецца балючым для нашых сельгаспрадпрыемстваў?

— Быў час, калі праца ў сельскай гаспадарцы лічылася непрэстыжнай. За апошнія гады становішча гэта пачало выпраўляцца, хоць і не так хутка, як хацелася б. Сёння аграрнаму сектару раёна патрабуецца 128 спецыялістаў, у тым ліку 66 чалавек з вышэйшай

адукацыяй. Найбольш запатрабаванымі пакуль застаюцца заатэхнікі і спецыялісты ветэрынарнай медыцыны. Калі ўлічваць маштабы вытворчасці, то найбольш маладых спецыялістаў патрэбна ААТ «Айчына», «Жураўлінае», «Ружаны-Агра». Вялікая цякучасць і недахоп кадраў назіраеца ў ААТ «Роўбіцкае» і «Ра-дзіма».

Што датычыцца кадраў масавых прафесій, то па стану на 1 студзеня бягучага года не хапала 52 механізатары і 34 жывёлаводы, у тым ліку 15 аператараў машыннага даення кароў.

— А ці можна прывесці прыклады, дзе маладыя спецыялісты застаюцца працаваць і пасля абавязковых двух гадоў адпрацоўкі?

— Добрым прыкладам тут можа служыць ААТ «Жураўлінае». У гаспадарцы давяраюць маладым кадрам і даручаюць ім адказныя ўчасткі работы. Вырашаецца тут і жыллёвае пытанне. Спачатку маладым спецыялістам даецца інтэрнат, а пасля ўступлення ў шлюб — домік прысядзібнага тыпу.

Жадаючыя прыехаць на работу ў ААТ «Жураўлінае» ёсць заўсёды. І пра тыя вакансіі, якія тут ёсць, даведацца нескладана — дастаткова адкрыць сайт сельгаспрадпрыемства.

—  Юрый Рыгоравіч, а якая работа праводзіцца ў школах раёна, каб знайсці будучых спецыялістаў?

— Штогод праводзім так званы «Дзень выпускніка». Сёлета гэтае мерапрыемства прайшло ў Пружанах раней звычайнага — у снежні мінулага года. На сустрэчу з вучнямі запрашалі прадстаўнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю. Наперадзе — сустрэчы ў школах. Найбольшую актыўнасць праяўляюць прадстаўнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта і Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У нас ужо ёсць банк дадзеных на тых вучняў, якія будуць паступаць у навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю.

— І ўсё ж, на Вашу думку, якая асноўная прычына, што маладыя спецыялісты мяняюць вёску на горад?

— Галоўная прычына тут крыецца не ў заработнай плаце. Дарэчы, у Пружанскім раёне маладыя спецыялісты з 2008 года атрымліваюць надбаўку да зарплаты ў памеры 1,5 стаўкі першага разраду. Па нашых дадзеных, асноўная прычына, па якой маладыя спецыялісты пакідаюць вёску, — вялікія фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі. Не кожны малады чалавек можа з імі справіцца. Другая прычына — гэта напружаны рэжым работы, праца без выхадных. І толькі на трэцім месцы памер заработнай платы. У жывёлагадоўлі неабходна ўкараняць пазменны графік работы спецыялістаў.

Важнае месца тут займае і арганізацыя культурнага адпачынку моладзі.

— Юрый Рыгоравіч, ці кожны выпускнік школы можа атрымаць мэтавае накіраванне на вучобу і куды трэба звяртацца?

— Мэтавае накіраване на вучобу ў навучальную ўстанову сельскагаспадарчага профілю цяпер можа атрымаць не толькі сельскі выпускнік, але і гарадскія вучні. Для гэтага неабходна звяртацца ў сельгаспрадпрыемствы па месцы жыхарства або непасрэдна да мяне (каб.102 упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, тэл.7-14-32). Пры вучобе па дагаворы за кошт гаспадаркі студэнт атрымлівае штомесячную надбаўку да стыпендыі.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *