Кожная нацыя мае свае адметнасці, свой менталітэт. Напрыклад, калі мы гаворым пра педантычнасць, то на розум прыходзяць немцы, калі ж маем на ўвазе «добры густ», то гэта поўнасцю адносіцца да французаў… А вось слова «талерантнасць» неадрыўна звязваюць з беларусамі.
Крыху больш за два дзесяцігоддзі таму мая сям’я таксама адкрыла для сябе разуменне, што такое талерантнасць беларусаў. Потым пра гэта ж мне расказала і Марыя Георгіеўна Высоцкая, якая разам з мужам-франтавіком знайшла прытулак у Шарашове, з’ехаўшы з ахопленага агнём Грознага… Сёлета дзясяткі ўкраінскіх сем’яў знаёмяцца з «талерантнымі беларусамі». Сярод іх сем’і Селішчавых і Валабуевых з Данецка.
Ці можна параўнаць па насычанасці падзеямі жыццё ў вёсцы Калядзічы з вялікім горадам з амаль мільённым насельніцтвам? Наўрад ці, але для тых, каму давялося па волі лёсу пакінуць абжытыя дамы і кватэры і пераехаць у пружанскія Калядзічы невядома на які тэрмін, гэтыя цішыня і падобнасць сонечных дзён вельмі дарагія.
Усё мяняецца ў адзін дзень
Лідзія і Сяргей Селішчавы, Алена і Антон Валабуевы марылі правесці лета так, каб запомнілася надоўга. Добрымі ўражаннямі. Планавалі з’ездзіць на Чорнае мора, да якога літаральна рукой падаць. Хтосьці меркаваў адправіцца на ўлонне прыроды, на дачу. Дагэтуль удалося вырашыць жыллёвыя пытанні, зрабіць рамонт у кватэрах. Таксама была добрая работа, заробкі і далейшыя жыццёвыя планы. Якія закончыліся ў першыя чэрвеньскія дні.
— Спачатку з’явіліся самалёты, потым пачуліся выбухі і стральба, якія з кожным днём станавіліся ўсё гучней,— расказвае Лідзія Селішчава.— Таму восьмага чэрвеня я сабрала дзяцей і паехала ў Беларусь.
Нашу краіну яны выбралі нездарма. Па-першае, у нашай рэспубліцы жывуць больш за дваццаць дыяспар розных нацыянальнасцей і паміж імі не было зарэгістравана ніводнага міжнацыянальнага або міжканфесіянальнага канфлікту. У Мінску, Слоніме, Навагрудку, Маладзечна і ў многіх іншых гарадах побач стаяць касцёлы, цэрквы і нават мячэці. І ніхто не дапускае думкі, што паміж вернікамі існуюць нейкія адрозненні. Па-другое, тут ніхто не будзе ўказваць, на якой мове размаўляць, у якога бога верыць і якія стравы гатаваць. Кожны мае права быць непадобным на іншых, і ніхто за гэта дакараць не будзе.
Так сваім дзецям расказвала маці Лідзіі і Антона, якая родам з Харавы, але свой лёс знайшла ў Данецку. У суседніх Калядзічах засталася жыць іх бабуля Таццяна Мікалаеўна Апаляйчук. Унукі часта прыязджалі сюды, таму на свае вочы бачылі, які гэта прыгожы і спакойны край. Пра гэта яны нам і расказалі падчас сустрэчы. Менавіта сюды і вырашылі ехаць Лідзія разам з двума маленькімі дзецьмі. Яе брат Антон Валабуеў з сям’ёй спачатку паехалі ў Крым, дзе вымушаныя перасяленцы з Украіны атрымалі часовы прытулак. Аднак потым перавагу, па парадзе сястры, таксама аддалі Беларусі. Яго жонка Алена ніколі не была ў Беларусі, але гэты край ёй таксама спадабаўся, перш за ўсё — падобнасцю на родную Данеччыну.
— Ваша краіна сустрэла нас спачатку ветліва: выдатнае надвор’е, такое ж гарачае, як і на радзіме, чыстыя гарады і добрыя людзі,— дзеліцца ўражаннямі Антон. — Але потым давялося сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі.
Праблемы юрыдычныя
Украінскі ўрад на працягу двух дзесяцігоддзяў незалежнасці так і не паклапаціўся пра ўмацаванне добрых узаемаадносін са сваімі суседзямі, так, як гэта наладжана паміж Беларуссю, Расіяй, Казахстанам, іншымі дзяржавамі СНД. У выніку прыезджыя з Украіны могуць знаходзіцца пасля рэгістрацыі на тэрыторыі рэспублікі не больш 90 сутак, пасля чаго трэба выязджаць або афармляць від на жыхарства. Апошняе здзейсніць Валабуевым і Селішчавым вельмі складана, бо ад’язджалі хутка і ніхто не падумаў, што спатрэбіцца, напрыклад, даведка аб адсутнасці судзімасці. Зараз за гэта, а таксама за афармленне дзяцей у дзіцячы садок, у школу, праходжанне медыцынскіх камісій і атрыманне ўрачэбнай дапамогі грамадзяне Украіны павінны плаціць. І гэта пры тым, што грошай практычна няма, магчымасці атрымаць дакументы таксама, бо за іх таксама трэба плаціць і чакаць не менш месяца.
У дадатак трывожыць набліжэнне чарговага навучальнага года (у сям’і Селішчавых старэйшы сын школьнік), а таксама зімніх халадоў. І гэта не гаворачы пра тое, што зараз восем чалавек вымушаны жыць на адну пенсію бабулі.
Хаця пэўную падтрымку яны ўсё-такі атрымалі. Мужчыны ўжо знайшлі працу ў ААТ «Агра-Калядзічы» і «Айчына», прапановы па працаўладкаванні ёсць і для жанчын. У аддзеле адукацыі паабяцалі, што знойдуць законныя магчымасці ўладкаваць дзяцей у дзіцячы садок і школу. Але невырашаным застаецца пытанне са знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі: напрыклад, Лідзіі з дзецьмі трэба пакідаць нашу краіну на пачатку верасня, хаця, відавочна, што рабіць гэта не толькі неразумна, але і небяспечна.
Зямля тут такая…
Маладыя хутчэй прывыкаюць да новага месца, і планы гэтых перасяленцаў паказваюць, што надзеі вярнуцца на радзіму ўсё менш і менш. І хаця пакінуць давялося многае, яны — людзі непатрабавальныя, разумеюць, што адразу кватэру або дом ім ніхто не выдзеліць ды і работу з добрым заробкам знайсці будзе няпроста. Усё давядзецца пачынаць практычна з нуля. Але склалася ўражанне пасля размовы, што ў маіх субяседнікаў няма страху перад будучымі цяжкасцямі. За некалькі месяцаў ніхто не сказаў Лідзіі, Антону, Сяргею або Алене, што не трэба карыстацца «маскоўскай» мовай, ніхто не пытаў іх, за каго яны галасавалі раней або як адносяцца да розных атрыбутаў белага, чорнага, жоўтага або блакітнага колераў.
У такой атмасферы планы будаваць значна лягчэй, бачыцца іх перспектыўнасць. І гэтаму спрыяе ў першую чаргу менавіта тая самая талерантнасць беларусаў, якой зараджаюцца ўсе, хто прыехаў сюды. Напрыклад, у Мінску побач жывуць сем’і, якія збеглі з ахопленых узаемнай вайной Азербайджана і Арменіі, аднак ніхто і не падумаў тут узяцца за зброю, каб перамагчы ў канфлікце. Арабы, якія жывуць у інтэрнаце на адным паверсе з яўрэямі, і не думаюць аб’яўляць газават.
Значыць, талерантнасць беларусаў можа перадавацца і іншым нацыям? Можа, гэта гучыць фантастычна, але так прыцягальна.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).