У раёне прааналізаваны стан законнасці і правапарадку за мінулы год: у прыватнасці, параўнана не толькі колькасць злачынстваў адносна папярэдняга года, але і абмеркаваны арганізацыйныя і практычныя меры, якія прымаліся праваахоўнымі органамі раёна і мясцовай уладай, а таксама іх выніковасць.
Пракурор раёна М.І.Запарошчанка расказаў карэспандэнту «раёнкі» пра вынікі работы за 2013 год, прыярытэтныя накірункі дзейнасці ведамства.
— Апошнія гады для праваахоўнікаў былі няпростымі — назіраўся рост злачыннасці. Міхаіл Іванавіч, як Вы ацэніце работу за 2013-ы?
— У мінулым годзе пракуратура Пружанскага раёна ва ўзаемадзеянні з органамі мясцовай улады, праваахоўнымі, кантралюючымі і іншымі органамі асаблівую ўвагу надавала прыняццю мераў, накіраваных на прафілактыку грамадска небяспечных дзеянняў — супраць жыцця і здароўя грамадзян, рэцыдыўнай і падлеткавай злачыннасці, карупцыі. Хаця агульны ўзровень злачыннасці знізіць не ўдалося, затое не дапушчана і яе росту: зарэгістравана 441 злачынства (для параўнання: у 2012 годзе — 440).
Аднак узровень узаемадзеяння праваахоўных і кантралюючых органаў, мясцовых органаў выканаўчай улады ў пытаннях арганізацыі прафілактычнай дзейнасці на сістэмнай і пастаяннай аснове, як таго патрабуе заканадаўства, на маю думку, пакуль недастатковы. У выніку пасіўнасці і безыніцыятыўнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў у раёне адбыўся рост некаторых відаў злачынстваў: асабліва цяжкіх — з 10 да 16, цяжкіх — з 18 да 26. Асобную заклапочанасць выклікае той факт, што значную частку з іх складаюць злачынствы супраць жыцця і здароўя чалавека. У параўнанні з папярэднім у мінулым годзе назіраўся рост забойстваў — з 1 да 2, наўмысна прычыненых цяжкіх цялесных пашкоджанняў — з 5 да 7, згвалтаванняў — з 3 да 9. Найбольшы рост злачыннасці адзначаны на тэрыторыі Пружанскага, Хараўскога, Сухопальскага, Шчарчоўскага і Зеляневіцкага сельсаветаў, а таксама Шарашоўскага пассавета.
— На Вашу думку, чаму назіраецца такая сітуацыя?
— Асноўнай прычынай такога становішча з’яўляецца пакуль недастатковая прафілактычная работа праваахоўных органаў па папярэджанні злачынстваў у галіне бытавых адносін. Нават вырасла (хаця і нязначна) колькасць выяўляемых злачынстваў так званай прэвентыўнай накіраванасці: прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя, пагроза забойствам, здзекі, прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Прыцягненне да крымінальнай адказнасці за такія парушэнні закона дазваляе не дапускаць паўторнага іх учынення асобамі, схільнымі да сямейнага насілля. І сёлета патрэбна актывізаваць работу ў гэтым накірунку.
— А як канкрэтна пракуратурай раёна летась ажыццяўляўся нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў?
— Напэўна, не памылюся, калі скажу, што ў большасці людзей супрацоўнік пракуратуры атаясамліваецца толькі з дзяржаўным абвінавачвальнікам на судовых працэсах. На самой справе разам з гэтым вялікі пласт нашай работы — праверкі выканання юрыдычнымі асобамі працоўнага, жыллёвага, прыродаахоўнага, падатковага заканадаўстваў, патрабаванняў Дырэктыў. Асобае месца адводзіцца ў тым ліку і спыненню карупцыі. У 2013 годзе, напрыклад, па пытаннях выканання антыкарупцыйнага заканадаўства пракуратурай праведзена 5 праверак, па выніках якіх падрыхтавана і ўнесена 3 прадстаўленні, 1 прадпісанне, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 10 службовых асоб, з якіх спагнаны матэрыяльны ўрон на суму 15,3 мільёна рублёў.
Так, летась была ўзбуджана крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якія нанеслі ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» ўрон у буйным памеры. Акрамя таго, у час праверак на прадмет выканання патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, было выяўлена, што кантрактамі, заключанымі з дырэктарамі шэрага дзяржаўных устаноў, не прадугледжваліся абавязкі па выкананні імі патрабаванняў артыкулаў 17 і 18 Закона РБ «Аб барацьбе з карупцыяй», накіраваных на папярэджанне карупцыйных праяўленняў з боку работнікаў.
Таксама пракуратурай раёна была вывучана дзейнасць камісій па супрацьдзеянні карупцыі, створаных на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Варта адзначыць, што такіх камісій у раёне створана 28, але іх работа пакуль з’яўляецца фармальнай.
— Не сакрэт, што пракуратура выступае яшчэ і ў якасці каардынатара дзейнасці праваахоўных органаў…
— Так, у раёне нават створаны каардынацыйны савет па барацьбе з карупцыяй і злачыннасцю, які з’яўляецца пастаянна дзеючым органам. У 2013 годзе былі праведзены чатыры пасяджэнні, на якіх разглядаліся актуальныя для раёна пытанні прафілактыкі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, папярэджання карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў, злачынстваў і правапарушэнняў у дачыненні да пажылых людзей, а таксама выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта РБ ад 24.11.2006 г. №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных се-м’ях». Усё гэта ў пэўнай ступені станоўча паўплывала на эфектыўнасць работы праваахоўных органаў, паколькі было выяўлена больш злачынстваў карупцыйнай накіраванасці — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі на прадпрыемствах птушкапрама і райспажыўтаварыства. Акрамя таго, павялічыўся працэнт спагнання з абавязаных асоб сродкаў на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні.
З мэтай паляпшэння крымінагеннай сітуацыі ў раёне ў першым паўгоддзі 2014 года запланаваны два пасяджэнні каардынацыйнага савета па пытаннях прафілактыкі і папярэджання злачынстваў, накіраваных супраць усіх формаў уласнасці, у тым ліку крадзяжоў і разбояў, а таксама карупцыйнай накіраванасці.
— Напэўна, ні адзін год не абыходзіцца без выпадкаў, якія атрымліваюць вялікі грамадскі рэзананс. Да такіх крымінальных спраў у людзей асаблівая цікаўнасць.
— Не адно судовае пасяджэнне прайшло па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой смерць маладога жыхара Пружан. Жыхар Мінска, якога першапачаткова апраўдалі, на дадзены момант прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.144 КК РБ (прычыненне смерці па неасцярожнасці) і асуджаны.
Да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Пружанскага раёна, які на працягу 1998-2012 гадоў ажыццявіў 9 згвалтаванняў, у тым ліку малалетніх і непаўналетніх.
— Міхаіл Іванавіч, а са станоўчага боку што можаце адзначыць па выніках мінулага года?
— Знізілася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, — на 12,7%, у стане алкагольнага ап’янення — на 9,7%, а таксама скарацілася колькасць крадзяжоў, разбояў. Павысіўся з 64 да 73,5% узровень раскрывальнасці злачынстваў.
Асабліва хацеў бы адзначыць той факт, што значна актывізавалася работа аператыўных падраздзяленняў раённага аддзела ўнутраных спраў па выяўленні злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. У мінулым годзе іх выяўлена 19 супраць 5 за 2012 год.
Па пытанні нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратурай праведзены 33 праверкі, па выніках якіх унесены 27 прадстаўленняў і 35 прадпісанняў, вынесена 12 пратэстаў, па актах пракурорскага нагляду адменена 12 незаконных актаў, афіцыйна папярэджана аб недапушчальнасці парушэнняў закона 58 службовых асоб, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 110 парушальнікаў, да матэрыяльнай адказнасці — 117 фізічных і 8 юрыдычных асоб, з якіх спагнаны матэрыяльны ўрон на суму 74,4 мільёна рублёў і 2,4 мільярда рублёў адпаведна. Акрамя таго, па патрабаванні пракуратуры прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 24 асобы.
Работнікамі пракуратуры вырашана 66 заяў і скаргаў грамадзян і 26 зваротаў юрыдычных асоб. З мэтай абароны іх парушаных правоў пракуратурай унесена 14 актаў пракурорскага рэагавання. Напрыклад, пры праверцы звароту грамадзяніна, які працаваў падсобным рабочым у РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая станцыя НАН РБ», было ўстаноўлена парушэнне патрабаванняў арт.77 Працоўнага кодэкса: канчатковы разлік з мужчынам, якога звольнілі з работы, у дзень звальнення не быў зроблены. Па выніках праверкі кіраўніку гэтай арганізацыі накіравалі прадпісанне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства.
Прааналізаваўшы прычыны росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, а таксама карыслівых маёмасных злачынстваў, была накіравана інфармацыйная запіска ў раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў.
Гутарыла Марына Вакульская.