У нядзелю адзначаць свята прадстаўнікі адной з самых шануемых прафесій на зямлі, людзі высокага грамадзянскага абавязку — медыцынскія работнікі. Згадзіцеся, людзі гэтай прафесіі нярэдка не ведаюць святаў і выхадных, а пацыенты чакаюць ад іх цярпення, мужнасці і душэўнай чуласці. Паўсядзённы клопат пра здароўе людзей, папярэджанне захворванняў, вяртанне хворых да паўнацэннага жыцця — усё гэта надае асаблівы статус людзям, звязаўшым сваё жыццё з медыцынай.
Напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы сустрэліся з галоўным урачом Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневічам. Галоўнай тэмай нашай размовы стала сённяшняе становішча раённай медыцыны, яе апошнія здабыткі і планы на будучае — усё, што цікавіць людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да медыкаў.
— Віктар Міхайлавіч, як на сённяшні дзень Вы ацэньваеце прафесіяналізм работнікаў медыцынскай галіны раёна?
— У медыцынскай сферы працуе крыху больш за тысячу работнікаў. Іх прафесіяналізм можна ацэньваць зыходзячы з некалькіх крытэрыяў. У прыватнасці, гэта работа кожнага асобнага падраздзялення, узровень падрыхтоўкі работнікаў, выніковасць іх работы і яе ацэнка непасрэдна насельніцтвам. Так, са 120 урачоў кваліфікацыйную катэгорыю маюць 80 чалавек, што складае 67%. Што тычыцца сярэдняга медперсаналу, дык гэты працэнт яшчэ большы — 71%: з 523 работнікаў кваліфікацыйную катэгорыю атрымалі 370 чалавек. Для ацэнкі работы медыкаў мы праводзім анкетаванне, вынікі якога паказваюць, што ў цэлым насельніцтва задаволена медыцынскім абслугоўваннем.
— А якіх здабыткаў у медыцынскай галіне раёна ўдалося дасягнуць за мінулы год?
— У першую чаргу, гэта ўкрананенне новых метадаў лячэння і даследавання пацыентаў. Так, запушчаны ў работу гемалітычны аналізатар, які дазваляе дыягнаставаць анеміі, праводзіць ацэнку якасці і памераў трамбацытаў, не праводзячы ўнутрывенны забор крыві ў дзяцей. Акрамя таго, асвоена методыка аператыўнага лячэння папярэчнай плоскаступнёвасці, з’явіліся новыя метады пры лячэнні вострага панкрэатыту — усяго каля дзясятка навінак.
З пачатку бягучага года ў паліклініцы пачало працаваць аддзяленне УЗІ-дыягностыкі. Усяго ў аддзяленні зарэгістраваны чатыры стаўкі дыягностаў.
З мэтай даступнасці медыцынскай дапамогі, памяншэння чэргаў у паліклініках праводзіцца паступовая інфарматызацыя ўстаноў аховы здароўя раёна: устаноўлены сістэмы «Рэгістратура», «Прыёмны пакой», «Дыспетчар хуткай медыцынскай дапамогі», «Статыстыка паліклінікі і стацыянара», «Імунапрафілактыка», «Інтэрнэт-рэгістратура», дзякуючы якой можна запісвацца на прыём да ўрача па электроннай пошце. Ужо закуплены камп’ютары для ўчастковых тэрапеўтаў, педыятраў, што дасць магчымасць аўтаматызаваць рабочыя месцы. Усе амбулаторыі маюць доступ да інтэрнэту і аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Урач агульнай практыкі». Шматпрофільная кваліфікаваная меддапамога аказваецца насельніцтву Хараўскога і Кляпацкага ўчасткаў, дзе адкрыліся амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
З мэтай набліжэння кваліфікаванай меддапамогі да насельніцтва штомесяц па графіку ажыццяўляюцца выезды ў Ружанскую гарадскую паліклініку неўролага, акуліста, отарыналарынголага. Акрамя таго, не радзей аднаго разу ў месяц у ружанскай паліклініцы працуе выязная вадзіцельская камісія.
— І тым не менш без праблем, думаю, не бывае…
— Тры нашы праблемныя месцы — гэта лабараторыя, недахоп вузкіх спецыялістаў і нярэдка складаныя адносіны паміж медперсаналам і пацыентамі. Але ўсе яны паступова вырашаюцца. Для лабараторыі, напрыклад, закуплены новы рэактыў і біяхімічны аналізатар, што дазволіць забяспечыць бесперабойную яе работу ў пікавыя перыяды. Для вырашэння спрэчных сітуацый, павышэння культуры персаналу былі ўстаноўлены камеры відэаназірання.
З недахопам спецыялістаў справы абстаяць больш складана. Тым не менш, каб зацікавіць маладыя кадры, неяк замацаваць іх у раёне, ім прадастаўляецца жылплошча. Дзякуючы раённым уладам, дзве маладыя сям’і медыкаў атрымалі па кватэры ў новых кааператыўных шматпавярхоўках, выдзяляюцца пакоі ў інтэрнаце. Цяпер мы плануем пераабсталяваць пад кватэры ўласныя будынкі, якія не выкарыстоўваюцца.
— Віктар Міхайлавіч, ці паўплывалі на стан спраў змяненні, звязаныя з эканоміяй сродкаў, выдзяляемых на медыцыну? Ці не адаб’ецца гэта на будаўніцтве неўралагічнага аддзялення?
— Сёння ва ўсім свеце разглядаюцца магчымасці рацыянальнага выкарыстання фінансаў: робяцца акцэнты, напрыклад, на набыццё сучаснага дарагога абсталявання, укараненне новых тэхналогій. Плануецца ўкараненне хірургіі «аднаго дня». Яшчэ ёсць такі нарматыўны паказчык, як умоўная забяспечанасць насельніцтва ложка-месцамі: на Пружаншчыне на тысячу жыхароў прыходзіцца 12,5 ложка-месцаў пры тым, што сусветны паказчык — 5,5. Тым не менш, на бягучы год на медыцыну ў бюджэце прадугледжана больш 85 мільярдаў рублёў.
У красавіку была праведзена чарговая рэструктурызацыя ложкавага фонду: мы адмовіліся ад наркалагічнага аддзялення, скарочана 10 ложкаў інфекцыйнага аддзялення. Са жніўня на 10 стане менш неўралагічных ложкаў, на 5 акушэрскіх у ЦРБ, 10 хірургічных (з іх 5 ложкаў перапрафіліруюцца ў сацыяльныя) і 5 педыятрычных — у Ружанскай гарадской бальніцы.
Тым часам узводзіцца будынак неўралогіі. На сённяшні дзень асвоена больш 10 мільярдаў рублёў. Да слова, агульны кошт будаўніцтва складае каля 50 мільярдаў рублёў. Магчыма, будаўніцтва неўралагічнага аддзялення будзе ўключана ў праграму абласнога інвесціравання. У такім выпадку ўзвядзенне новага аддзялення будзе завершана ў 2015 годзе. Пакуль жа пачынаем рамонт інфекцыйнага аддзялення, які павінен завяршыцца, як мяркуецца, да кастрычніка-лістапада — сезону ўздыму вострых рэспіраторных інфекцый. У наступным годзе хацелася б заняцца рамонтам стаматалагічнай паліклінікі.
Увогуле, цяпер мы будуем планы наконт таго, як адыйсці ад старых карпусоў і сканцэнтраваць усё ў адным месцы. Гэта будзе больш зручна. Першыя крокі ўжо робяцца: так, у прыватнасці, у хуткім часе у будынку самой паліклінікі пачне працаваць каса.
— З нагоды надыходзячага прафесійнага свята што хацелася б сказаць калегам?
— Радуе, што на сённяшні дзень наш калектыў згуртаваны, на ўздыме знаходзіцца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадры праяўляюць ініцыятыву, не лянуюцца ўкараняць новыя ідэі.
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць падначаленым у першую чаргу здароўя. Вядома ж, энер-гічнасці, дабрабыту ў асабістым жыцці, дастойнай заработнай платы, плёну ўсім, хто прысвяціў сябе гэтай высакароднай справе.
Гутарыла Марына ВАКУЛЬСКАЯ.