Мабыць, сёння нікога не здзівіш суседскімі сваркамі: паслухаеш людзей — адных тэрарызуюць п’яніцы і дэбашыры, камусьці надакучаюць гукі бясконцых рамонтаў, некаторыя незадаволены неахайнасцю суседзяў, якія разводзяць антысанітарыю… Той, хто лічыць, што гэтая праблема актуальна выключна для жыхароў шматкватэрных дамоў, моцна памыляецца.
У пытанні, якое яшчэ шмат гадоў таму спрабавалі вырашыць жыхары адной з гарадскіх вуліц прыватнай забудовы, галаўным болем для суседзяў стала жывёла. Мінула з дзясятак гадоў, а колькасць скаціны толькі павялічылася, як мінімум, удвая. Варта ўдакладніць: гараджанка трымае буйную рагатую жывёлу і сабак, якія, ці то з-за вялікай любові да братоў нашых мешых, ці то з-за беспакаранасці, жывуць сваім некантралюемым жыццём. Падлічыць іх колькасць скаладана, суседзі запэўніваюць, што ў хляве суседкі — пяць рагуль і два быкі, а ў доме — каля дзясятка сабак. Усё б нічога, але жывёла, якая ўтрымліваецца на невялічкім прысядзібным участку, плошча якога каля шасці сотак, дастаўляе нямала клопатаў жыхарам суседніх дамоў.
— Сцёкі ад непрыбіраемага гною трапляюць у грунтовую ваду, таму ад вады з калодзежаў давялося адмовіцца,— расказваюць абураныя людзі. — Зразумела, і «водар» на вуліцы не надта прыемны. А сабакі!? Як толькі сцямнее, гаспадыня выпускае іх на двор. На асабістым вопыце спазналі, наколькі небяспечна ісці па вуліцы ў вячэрні час.
Варта сказаць, што пра існаванне злашчаснага домаўладання ведаюць усе кампетэнтныя службы. Праўда, першапачаткова, калі тут жылі бацькі жанчыны, праблема і не здавалася праблемай. Пасля шматлікіх прадпісанняў, якія перыядычна адпраўляе гаспадыні домаўладання аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, жанчына адгарадзілася ад суседзяў высокімі металічнымі лістамі. Безумоўна, вока антысанітарыя ўжо не так муляе, але так званая агароджа не прымацавана і ў ветранае надвор’е сама па сабе ўяўляе небяспеку. Ды і ад непрыемных пахаў не абараняе, сцёкі не затрымлівае.
Тым часам службы шукаюць нормы ў заканадаўстве, якія б дазволілі прыняць меры ў дачыненні да крыніцы праблемы. Няўжо ў шэрагу існуючых нормаў: горадабудаўнічых, санітарных, ветэрынарных, экалагічных, — не прадугледжаны рашэнні падобных сітуацый?
— Гаспадар павінен праводзіць вакцынацыю жывёлы ад шаленства, — растлумачыў спецыяліст райветстанцыі М.У.Пілюцік. — Што тычыцца сабак, грамадзянка нічога не парушыла: ветэрынары рабілі ім прышчэпкі. А вось прымусіць рабіць вакцынацыю каровы, калі малако ад яе не рэалізуецца, — нельга.
А хіба тут не парушаны санітарна-эпідэміялагічныя нормы і правілы, згодна з якімі пагаршэнне санітарна-гігіенічнага і супраць- эпідэмічнага ўздзеяння павінна карацца? Але ў РЦГЭ гавораць, што выпадак не ў іх кампетэнцыі. Ёсць і нормы ўтрымання дапушчальнай колькасці жывёл. Але і тут спасылаюцца на нейкія юрыдычныя нюансы.
— Дык хто павінен заняцца спыненнем антысанітарыі? Няўжо нельга знайсці ўправы? — гэтае пытанне жыхароў пакуль застаецца без адказу.
Марына Вакульская, фота аўтара.