У большасці пружанцаў прыкладна адзін і той жа расклад жыцця. Раніцай мы спяшаемся на работу, а ўвечары дадому. Туды, дзе нас чакаюць родныя і блізкія. У выхадныя знаходзіцца час на стасункі з сябрамі. Мы гадуем дзяцей, клапоцімся аб бацьках. Ды што пружанцы, так жывуць амаль усе людзі на планеце. І вось уявіце: у адзін момант усё гэта рушыцца. Становіцца небяспечна выходзіць з дому. Ды і дом больш не “крэпасць”. Вось з такой нерэальнай рэальнасцю сутыкнуліся жыхары Данецка. І многія з іх вырашылі шукаць паратунак на Беларусі…
Алена Мікалаеўна Лёўкіна разам з 10-гадовым сынам выехала з Данецка ў канцы чэрвеня, а праз тры дні была пашкоджана чыгунка. Пакінуўшы мужа і бацькоў, Алена спачатку спынілася ў родных у Варонежскай вобласці, а пасля праз аднакласніка даведалася пра Пружаны і пра тое, што ў мясцовы Лядовы палац патрабуецца трэнер па фігурным катанні.
Сёння ў Алены Мікалаеўны набрана група дзяўчынак 2008-2010 гадоў нараджэння, сын Глеб пайшоў у 4 клас СШ №3. Пружанцы адгукнуліся на чужую бяду: так у Лёўкіных з’явіліся цёплыя рэчы, садавіна, агародніна. Толькі пытанне з жыллём на момант нашай сустрэчы не было вырашана: Алена з сынам жылі ў гасцініцы спартыўнай школы.
— Ведаеце, у мяне ёсць вельмі веруючая сяброўка. Ад яе я пачула выраз, што, магчыма, чалавецтву патрэбны такія ўзрушэнні. Для таго, каб мы зноў пачалі цаніць жыццё, пачалі звяртаць увагу на наваколле, каб даведаліся, якімі добрымі людзьмі поўніцца свет.
Алена Мікалаеўна прызнаецца, што ёй, дарослай здаровай жанчыне, было сорамна прымаць дапамогу ў выглядзе рэчаў і прадуктаў харчавання, але без яе пакуль не абысціся.
— Я нават не магла ўявіць, што такое мноства людзей, якія мяне ніколі не бачылі, адгукнецца на нашу бяду. Я вельмі ўдзячная ўсім пружанцам, калектыву школы, бацькам, работнікам ДЮСШ і кіраўніцтву раёна, асабліва Міхаілу Мікалаевічу Серкову і Сяргею Мікалаевічу Шчыпанаву. Дазвольце мне сказаць не высокія словы, а шчырую, ад усёй душы падзяку і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Каб не яго ўказ, наўрад ці я так лёгка ўладкавалася б на работу, а сын пайшоў у школу. Дзякуючы вам мы змаглі вярнуцца да мірнага жыцця.
Тое, што пружанцы не шукаюць “палітыкі”, а проста стараюцца дапамагчы сям’і, якая трапіла ў бяду, дазваляе не так балюча перажываць разлуку са старэйшым сынам, мужам, бацькамі. Пераехаць у спакойны і чысты горад усёй сям’ёй пакуль не атрымліваецца: муж клапо-ціцца аб бацьках. Магчыма, старэйшы сын (дарэчы, майстар спорту па скалалазанні) знойдзе сабе работу тут.
Зараз Алена Мікалаеўна працягвае набор дзетак у свае групы. Яна сама займаецца фігурным катаннем з 1972 года, два гады правяла ў зборнай Украіны, кандыдат у майстры спорту, з 1982 года на трэнерскай пасадзе. Выйсці на кантакт з Аленай Лёўкінай можна па нумарах 9-54-13, 9-54-12, 9-54-11, 8-033-638-91-40.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, Алена Мікалаеўна вырашыла пытанне і з жыллём. Ёй патэлефанавала жанчына, якая пачала размову са слоў: “Я разумею, як вам складана, таму аплата будзе мінімальнай”.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).