..Сёння, 19 чэрвеня, рэгіструюць шлюбны юбілей, трывалы, як ізумруды… Гэтыя словы загадчыцы аддзела ЗАГС райвыканкама Наталлі Цібароўскай гучалі ў той дзень асабліва ўрачыста. І гэта зразумела: факт пражывання ў шлюбе ў міры і згодзе 55 гадоў выклікае бясспрэчную павагу і захапленне. Менавіта столькі гадоў ідуць па жыцці разам Сямён Дзмітрыевіч і Антаніна Іосіфаўна Капітонавы. Гэта і пацвердзілі яны сваімі подпісамі ў кнізе сямейных ганаровых юбіляраў аддзела ЗАГС.
Павіншаваць са знамянальнай датай “ізумрудных” юбіляраў прыйшлі родныя і сябры гэтых паважаных людзей. Прысутныя гаварылі пра ўзорнасць сям’і Капітонавых, якія сумленнымі адносінамі пакінулі значны след як у сваёй працоўнай дзейнасці, так і, наогул, у жыцці.
Яны шмат працавалі. Антаніна Іосіфаўна шчыравала на хлебакамбінаце, кансервавым заводзе, шмат гадоў аддала Пружанскаму заводу радыёдэталей. Сямён Дзмітрыевіч у свой час узначальваў упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама, спіртзавод, камбінат бытавога абслугоўвання, настаўнічаў. Ён удастоены такіх высокіх узнагарод, як ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Славы трэцяй ступені.
Аднак ці не самай высокай узнагародай для гэтых людзей стала іх каханне і клопат адно аб адным, паважлівыя адносіны і ўменне прыгожа жыць сярод людзей.
— Любоў і згода! – не раз жадалі прысутныя ганаровым юбілярам.
Галіна КАЛЯДА. Фота аўтара.