Усім аматарам хакея добра вядомы імёны славутых беларускіх хакеістаў, якія гуляюць за акіянам у НХЛ: Руслан Салей, Міхаіл Грабоўскі, браты Андрэй і Сяргей Касціцыны. У мінулую суботу Сяргей Касціцын наведаў Пружаны, а ў Лядовым палацы правёў сумесную трэніроўку з юнымі хакеістамі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. Сяргей ахвотна згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.
— Сяргей, якая мэта Вашага прыезду ў Пружаны?
— У пружанскім Лядовым палацы мы праводзім так званы майстар-клас для лепшых выхаванцаў спартыўных хакейных школ Беларусі. Такое мерапрыемства праходзіць у нашай краіне ўпершыню. Дарэчы, у ЗША і Канадзе гэта ўжо стала традыцыяй і носіць назву training camp (трэніровачны лагер). У Пружаны прыехалі юныя хакеісты з Мінска, Гродна, Жлобіна, Новаполацка, Гомеля.
— Цікава, як пачынаўся Ваш шлях у вялікі хакей?
— Мы з братам Андрэем —выхаванцы новаполацкага хакейнага клуба. Менавіта ў Новаполацку пачалі займацца гэтым відам спорту. Потым я гуляў за хакейны клуб «Гомель». А далейшы шлях ляжаў у Канаду. Апошнім часам мы з братам гулялі за клуб НХЛ «Манрэаль». У сёлетнім сезоне я буду гуляць за каманду «Нэшвіл».
— Сяргей, а хто з хакеістаў быў Вашым кумірам у дзяцінстве?
— Падабалася гульня Паўла Бурэ, якога я лічу сваім кумірам.
— Якая Ваша любімая каманда?
— Цяпер гэта будзе «Нэшвіл».
—Якія ўражанні засталіся ад Пружан, нашага Лядовага палаца?
— Горад Пружаны мне вельмі спадабаўся — чысты, утульны і прыгожы. А Лядовы палац, бадай, лепшы, чым у Новаполацку. Лёд таксама адпавядае самым высокім патрабаванням.
— Што для Вас значыць хакей?
— Хакей для мяне — не проста гульня. Гэта і маё жыццё, і мая работа. Свой лёс не ўяўляю без гэтага віду спорту.
—Сяргей, што б вы пажадалі пружанскім хлапчукам, якія займаюцца хакеем?
— Неабходна працаваць і працаваць. Штодзень павышаць сваё хакейнае майстэрства. Як бачна, дарога ў НХЛ ні для кога не закрыта.
Гутарыў Мікола АРХУЦІК.