Днямі ў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” прайшоў справаздачна-выбарны сход. Пры разглядзе пытання аб выбранні старшыні арганізацыі давер зноў быў аказаны Ігару Міхайлавічу Хамеце. І не дзіўна. Сёння на ўліку ў арганізацыі 107 чалавек, кожны з якіх можа сказаць добрае слова ў адрас свайго кіраўніка. Гэты чалавек прымае ўдзел у жыцці ўсіх сваіх падапечных, а, здараецца, дапамагае перажыць і трагедыі.
Жыццё Сяргея Залогі раздзялілася на “да” і “пасля” аварыі, у выніку якой ён страціў зрок. Першым сябрам у жыцці “пасля” для маладога хлопца стаў Ігар Хамета. Менавіта дзякуючы яго намаганням сям’я Сяргея атрымала двухпакаёвую кватэру з сацыяльнага фонду, якую выдзеліў райвыканкам. Дарэчы, Ігар Міхайлавіч не адзіны, хто дапамог Сяргею з’арыентавацца ў новых абставінах. Разам з псіхолагам Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Сяргей вучыцца хадзіць навобмацак. І першым вывучаным маршрутам стаў шлях у будынак Пружанскага сельвыканкама, дзе размяшчаецца таварыства інвалідаў па зроку.
У інваліда І групы Алены Пракапені з вёскі Юндзілы ў сакавіку згарэла хата. Як толькі гэта стала вядома ў таварыстве, Ігар Міхайлавіч адразу, пакуль Алена Аляксееўна знаходзілася ў бальніцы, пачаў збор дакументаў у Белдзяржстрах, напісаў лісты ў абласную арганізацыю ГА “БелТІЗ” і ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У выніку двум інвалідам-пагарэльцам была аказана адчувальная дапамога.
Зразумела, што не кожны дзень Ігара Хаметы складаецца з такіх вось надзвычайных клопатаў. Звычайна ў свае працоўныя будні ён рыхтуе святы для іншых: у таварыстве адзначаюцца ўсе памятныя даты — дні нараджэнняў, Новы год, 8 Сакавіка, Дзень Перамогі, Дзень пажылых людзей, Дзень інвалідаў… Па словах Ігара Міхайлавіча, ніколі не адмаўляе яму ў дапамозе цэнтральная раённая бібліятэка, Палац культуры падчас святочных канцэртаў для інвалідаў. Складаней знайсці спонсараў на падарункі ці салодкі стол, але і тут знаходзяцца добрыя людзі. Першыя памочнікі інвалідаў па зроку — раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа на чале з Людмілай Лелікоўскай, грамадская арганізацыя “Чарнобыль і лёсы” (старшыня М.І. Пасталюк), хрысціяне веры евангельскай. А з нядаўняга часу спонсарскую падтрымку ў выглядзе сувенірнай прадукцыі стала аказваць аддзяленне дзённага знаходжання маладых інвалідаў.
Тыя члены таварыства, якім дазваляе здароўе, любяць падарожнічаць. За апошнія гады жадаючыя наведалі з дзесятак цікавых мясцін Беларусі.
На жаль, ёсць у таварыства і праблемы. Галоўная з іх — працаўладкаванне. У сістэме ГА “БелТІЗ” працуюць толькі два чалавекі, 17 чалавек знайшлі працу ў іншых месцах. На Шарашоўскім участку ПУП “Вертэкс-Брэст” сістэмы ГА “БелТІЗ” працуе толькі адна жанчына з таварыства. Гэтае пытанне паабяцалі ўзяць на кантроль у райвыканкаме. Інвалідам застаецца толькі з жалем успамінаць тыя часы, калі выконвалі нескладаную работу для прадпрыемства на даму і атрымлівалі якія-ніякія грошы.
Больш аптымістычная сітуацыя склалася вакол маладых інвалідаў па зроку. Двое зараз набываюць адукацыю ў ВНУ, адзін вучыцца на тэхніка-масажыста. Дарэчы, гэта распаўсюджаная прафесія сярод людзей, якія слаба бачаць, двое членаў пружанскага таварыства працуюць масажыстамі ў Брэсце. Некалькі чалавек скончылі курсы ў Брэсцкім эксперыментальным вучэбна-метадычным цэнтры па спецыяльнасці аператар ЭВМ.
Яшчэ адна праблема — адсутнасць безбар’ернага асяроддзя. Для больш зручнага жыцця інвалідам па зроку патрэбны агучаныя пешаходныя пераходы і святлафоры, пажадана афарбоўваць першую і апошнюю прыступкі ва ўсіх сацыяльна значных установах. Пакуль філіял “Жилищник” пазначыў кантрастнай фарбай прыступкі ў шматпавярхоўках, дзе жывуць інваліды, да адміністрацыйных будынкаў чарга яшчэ не дайшла.
Кацярына Пашкевіч.